ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Кс. Андрэй Кеўліч: “Пачаць прыходзіць на св. Імшу мінімум за 15 хвілін”

Інтэрв'ю

Штотыдзень католікі збіраюцца на літургію. Заўсёды, у цэлым, аднолькавую. Той жа парадак, тыя ж малітвы, тая ж супольнасць. Небяспека баналізацыі відавочная. А Касцёл вучыць, што Эўхарыстыя – гэта вяршыня хрысціянскага жыцця.
Пра літургію сёння размаўляю з кс. Андрэем Кеўлічам, ураджэнцам Мастоўшчыны і пробашчам парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Горках на Магілёўшчыне.
   
   Багацце літургіі ў Касцёле настолькі вялікае, а я так мала ведаю
    – Вы служыце святаром ужо амаль 10 гадоў. Як Вам бачыцца ўласная вандроўка з літургіяй? Якой яна была? Напэўна, адносіны змяняліся ўвесь час?
    – Так, яны змяняліся і надалей змяняюцца. Гэта сталы працэс. Спадзяюся, ён ніколі не спыніцца на нейкім узроўні.
Мой шлях з літургіяй пачаўся ўжо ў семінарыі, дзе прадугледжана паглыбленая літургічная фармацыя. Аднак калі там задаваць шмат пытанняў, то можна і не давучыцца (смяецца – заўв. аўт.). Таму многія літургічныя пытанні ўсё роўна заставаліся нявысветленымі.
    Калі атрымаў святарскае пасвячэнне, першай маёй парафіяй стала Вілейка. Там я пачаў шмат чытаць пра тое, як мусіць выглядаць літургія. І хутка ўсвядоміў, што павінна быць не так, як адбываецца ў многіх парафіях. Такім чынам, толькі на першым годзе святарства я адкрыў, што багацце літургіі ў Касцёле настолькі вялікае, а я так мала ведаю! Узнікла пытанне: “Як я магу быць такім святаром? Як магу цэлебраваць св. Імшу і не ўсведамляць, што па-сутнасці адбываецца?”. Усё-такі св. Імша – гэта самае частае і асноўнае, з чым сутыкаецца і святар, і вернік. Вось, напрыклад, думалася, ці трэба цэлебраваць св. Імшу, калі няма людзей. І Касцёл у сваім навучанні на гэтыя пытанні адказвае.
   
    – А што Вас штурхала да паглыблення ведаў, чытання пра св. Імшу?
    Крыніца: deon.pl– Спадзяюся, гэта Хрыстос падштурхоўваў мяне (смяецца – заўв. аўт.). Увогуле, пытанні ўзнікаюць і падчас цэлебрацыі св. Імшы, але з гэтым трэба ваяваць, трэба канцэнтравацца на літургіі. А таксама (нават у большай ступені) падчас падрыхтоўкі да св. Імшы, бо, трэба прызнацца, спачатку яна ў мяне адсутнічала ўвогуле. То-бок у семінарыі з гэтым было ўсё добра. Там св. Імша заўсёды была галоўнай падзеяй дня. А вось ужо ў Чырвоным касцёле, дзе ў нядзелю цэлебравалася 15 св. Імшаў, а я мусіў быць на кожнай, цяжка было падрыхтавацца і зразумець, якая з іх была для мяне галоўнай.
    Таму жыццё змушала задумвацца: а чаму паўсюль так і ці нельга інакш. У Імшале – кнізе, якая выкарыстоўваецца для служэння св. Імшы, – ёсць г. зв. рубрыкі – падказкі для святара. Для прыкладу, там у пэўным моманце напісана, што святар склавае рукі, захоўвае маўчанне, а пасля ўжо працягвае малітву. Аднак у нас рэдка спаткаеш такое захаванне: усё адбываецца па-хуткаму. Мне падаецца, мы ўвогуле вельмі мала гаворым і дыскутуем наконт святарскай літургічнай фармацыі.
   
    Ненармальна, калі я з машыны вылезу адразу ў арнаце
    – Як Вы асабіста змагаецеся з аўтаматызмам у літургіі, са штодзённай заезджанасцю?
    – Перш за ўсё, я пастаянна стараюся нагадваць сабе, што св. Імша – гэта вяршыня і крыніца хрысціянскага жыцця. Да яе неабходна пастаянна імкнуцца. Касцёл вучыць, што святар кожную літургію павінен служыць, як першую і апошнюю.
    Стараюся чытаць літургічную літаратуру. Мне асабіста вельмі дапамагае падрыхтоўка да св. Імшы. Не скажу, што тут у мяне ўсё ідэальна, але стараюся працаваць у гэтым плане. Традыцыя прадугледжвае, што святар можа маліцца пры апрананні літургічнага адзення і кожнага з яго элементаў.
    Ёсць малітва ўзбуджэння інтэнцыі. Ёсць малітва да Маці Божай, малітвы да святых. Я іх проста раздрукаваў і пакінуў у закрыстыі. Не толькі малітвы міністранта, але і гэтыя асобныя малітвы для падрыхтоўкі святара.
   
    – Я правільна разумею, што падрыхтоўка да св. Імшы – гэта, так бы мовіць, адзін з ключавых момантаў літургіі для Вас?
    – Так, менавіта так. Практыка ў мяне такая – за паўгадзіны да св. Імшы я павінен ужо знаходзіцца ў касцёле. Вядома, гэта магчымасць для людзей прыйсці паспавядацца. Аднак таксама і час для мяне, каб памаліцца Брэвіярыем. Гэтай практыцы, дарэчы, мяне навучыў мой першы пробашч у Вілейцы – кс. Аляксандр Барыла. Ну ненармальна, калі я з машыны вылезу адразу ў арнаце. Ненармальна, калі адразу забягу ў касцёл і не супакоюся перад цэлебрацыяй.
   
    – А Вам не падаецца, што якасць змагання святароў супраць гэтага аўтаматызму літургіі карэнным чынам уплывае на якасць адносін вернікаў да св. Імшы і літургіі ў цэлым?
    – Канешне, без сумненняў. Нельга лічыць, што ніхто не заўважае. Людзі бачаць, моліцца святар ці проста прамаўляе словы малітвы, на чым ён канцэнтруецца. На жаль, існуе недахоп літургічнай фармацыі вернікаў
    – А як Вам бачыцца сучасны вобраз адносін сярэднестатыстычнага беларускага католіка да св. Імшы? Давайце паспрабуем абагульніць. – Магчыма, гэта будзе негатыўны вобраз. – Давайце негатыўны. – Мне здаецца, многія не разумеюць усёй сутнасці св. Імшы. Літургія для іх з’яўляецца акцыяй, рытуалам, дзеяннем. Павінна быць прыгожа, дэкарацыі паўсюль. І гэта становіцца важнейшым за саму сутнасць. А сутнасць св. Імшы – гэта ахвяра Езуса Хрыста. Так, гэта і пір, і момант сустрэцца разам, аднак самае галоўнае – ахвяра Езуса Хрыста. На жаль, існуе недахоп літургічнай фармацыі вернікаў. Цяжка адказаць адназначна, у чым крыецца прычына. Для прыкладу, у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, здаецца, няма фармацыі міністрантаў на дыяцэзіяльным узроўні ўжо 5 гадоў (у Гродзенскай з гэтым лепш). А з літургічнай фармацыяй дарослых яшчэ складаней. Мне падаецца, што шмат людзей нават не разумеюць словы, якія прамаўляюцца падчас св. Імшы. Я раней думаў, што праблема ў польскай мове, аднак гэтак жа справа выглядае і са св. Імшамі па-беларуску. Таму бяда, перш за ўсё, у недахопе літургічнай адукацыі. Касцёл не надта шмат зрабіў у гэтай сферы. І, на жаль, у нас няма цяпер нейкіх платформ, дзякуючы якім гэтыя змены маглі б адбыцца. – Адкуль гэта магло ўзяцца? Усё ж, папярэднія пакаленні святароў, якія служылі яшчэ ў Савецкім Саюзе, адпраўлялі св. Імшу па-старому, яны былі выхаваны яшчэ ў той школе. Існавалі традыцыі, калі Камунію заядалі хлебам, перад касцёлам змянялі абутак, падаецца, пачуццё sacrum было моцным. Калі яно згубілася? – Цяжка сказаць. Прычына можа быць, ізноў жа, у няправільнай святарскай фармацыі. Святарскае пасвячэнне не азначае, што ўжо больш не трэба развівацца. – Клерыкі заканчваюць “цёплыя” семінарыі і трапляюць у цяжкую рэчаіснасць? – Ну немагчыма за 6 гадоў, хоць гэта і шмат, падрыхтаваць да ўсяго жыцця ў святарстве. Аднак семінарыя не вінаватая, што святар не можа падрыхтавацца да св. Імшы. Я вучыўся ў дзвюх семінарыях – Гродзенскай і Ольштынскай (Польшча). І Гродзенская ў літургічным плане была мацнейшай. Падрыхтоўка да св. Імшы, падзяка пасля св. Імшы. Не ведаю, як там цяпер, але ў мае часы ў нас былі класныя духоўныя айцы, якія маліліся разам з клерыкамі, давалі прыклад святарскага жыцця. Дык вось, малады чалавек заканчвае святарскую фармацыю, і нібыта ўжо ўсё ведае. Аднак нават кананічнае права прадугледжвае пастаянную святарскую фармацыю. Духоўны айцец павінен абуджаць святарскую духоўнасць. У маёй жа дыяцэзіі духоўны айцец за ўсе гады хіба што ні разу не задаваў пытанні пра цяжкасці перажывання св. Імшы. Дзякуй Богу, апошні год у нас на Магілёўшчыне падчас святарскіх сустрэч ёсць “пяцімінутка”, калі абмяркоўваем літургічныя справы. Сумна прызнавацца, але я сустракаў святароў, якія ні разу не чыталі ўводзіны да Рымскага Імшала. Дык пра што мы можам казаць?
   
    Пачаць Эўхарыстыю з падрыхтоўкі
    – Давайце ўявім, што католік зацікавіўся св. Імшой. Узнікае шмат пытанняў, хочацца перажываць літургію глыбей. З чаго пачаць?
   – Перадусім, не забывацца, што св. Імша – гэта самы вялікі і непаўторны дар, які нам даецца. Што кожны ўдзел у св. Імшы – невымерная Божая ласка. І што сама літургія нас фарміруе. Калі будзем спрабаваць пачуць, што гавораць нам Бог і Касцёл, то ўжо гэта будзе вялікім плюсам. Да таго ж, я б, канешне, параіў чытаць літургічныя дакументы. На жаль, па-беларуску іх не так шмат, але, тым не менш, ёсць. Можна пачаць з базіса – Агульныя ўводзіны да Рымскага Імшала (ёсць на catholic.by). Таксама ў рамах разважання над св. Імшой можна чытаць адгартацыю папы Бенедыкта XVI “Sacramentum Caritatis”. І раю інтэрнэт-старонку scriptoriumnostrum.wordpress.com – там вельмі шмат пра Эўхарыстыю па-беларуску. – А што наконт парад лепшага перажывання св. Імшы? – Пачаць прыходзіць на св. Імшу мінімум за 15 хвілін. Гэта час, каб супакоіцца і папрасіць: “Божа, дапамажы мне перажываць св. Імшу так, як Ты гэтага хочаш. Дапамажы мне адкінуць лішнія думкі, настроіцца”. Раю не баяцца карыстацца малітоўнікам. Адкрыць парадак св. Імшы, пачытаць адказы, убачыць іх вачыма. Таксама ў малітоўніках ёсць малітвы перад і пасля літургіі, малітвы праслаўлення. У старых выданнях увогуле былі разважанні на кожны момант Эўхарыстыі. Трэба адзначыць важнасць заканчэння св. Імшы. Важнасць падзякі за ўдзел. Некаторыя святары адмыслова не робяць набажэнстваў пасля Эўхарыстыі, каб людзі мелі час памаліцца ў цішыні.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.