ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Дух пакаяння як шлях да Божай міласэрнасці паводле бл. кс. Міхала Сапоцькі

З жыцця Касцёла

Бласлаўлёны кс. Міхал Сапоцька вызначае пакаянне як схільнасць душы, якая змушае грэшніка ненавідзець здзейснены грэх, адчуваць да яго агіду і шкадаваць за ўчыненае, бо яно абражае Бога. Следствам гэтага з’яўляецца цвёрдая пастанова выправіцца і ўзнагароджанне за здзейсненае зло.
Паводле яго слоў, дух пакаяння вынікае з таго, што мы глядзім на грэх вачыма веры. Менавіта вера прыводзіць да разумення зла граху, усведамлення, наколькі ён парушае Божы закон, Яго святасць, справядлівасць і любоў, калі толькі смерць Бога-Чалавека магла яго загладзіць. Гэтае ўсведамленне вядзе да таго, што чалавек пачынае ненавідзець свае грахі і прагне лепш памерці, чым пакрыўдзіць Бога. Адсюль нараджаецца і жаданне кампенсаваць крыўды, “адпомсціць” праз пакаянне за правіны ўласныя і блізкіх, а таксама вымаліць прабачэнне ў велічы Бога. Так дух пакаяння схіляе чалавека да чынення пакаянных актаў.
На думку кс. Сапоцькі, шлях да Божай міласэрнасці вядзе толькі праз пакаянне. Ён піша: “Цнота пакаяння звязвае Божую міласэрнасць са справядлівасцю. Богу абавязкова трэба кампенсаваць крыўду, учыненую грэшнікам. Гэтая кампенсацыя адбываецца ў пакаянні”. Паводле слоў бласлаўлёнага, нельга казаць пра беспакаранасць у выпадку міласэрнасці Пана, выражанай у прабачэнні грахоў, бо яны адкуплены каштоўнай крывёю Хрыста. У сувязі з такой цаной адкуплення, сумнявацца ў Божай міласэрнасці і прабачэнні – значыць дапусціць адну з найвялікшых зняваг, якімі можна абразіць Усемагутнага. Аднак Ён нагадвае нам, што атрымліваем гэтае міласэрнае прабачэнне пры ўмове, што “прыносім годны плён пакаяння” (параўн. Лк 3, 8).
    Кс. Сапоцька падкрэслівае патрэбу жыць згодна з духам пакаяння. Яно павінна быць звязана не толькі з глыбокім разуменнем зла граху, але і часу міласэрнасці, які быў дадзены перад днём справядлівасці. Бласлаўлёны заўважае: “Нельга тады падстрахоўвацца Божай міласэрнасцю ў грашэнні, бо яе час абмежаваны”. Тут ён засцерагае ад успрыняцця гэтай ласкі Пана як Яго слабасці і неадчувальнасці. Сапраўдная міласэрнасць праяўляецца ў захапленні цнотай літасці да беднасці, але і адыходам ад зла. Услед за аўтарам, натхнёным Святым Духам, кс. Міхал сцвярджае: “І не кажы: «Вялікая літасць Яго, Ён даруе мне мноства маіх грахоў». Бо ў Яго і міласэрнасць, і абурэнне, і на грэшнікаў сыдзе гнеў Ягоны” (Сір 5, 6–7). Аўтар лічыць, што Бог актыўна выяўляе сваю агіду і гнеў супраць граху. Яго гнеў на зямлі стрымлівае толькі міласэрнасць, якая чакае ад грэшніка жалю і пакаяння, але заўсёды кладзе лязо да кораня бясплоднага дрэва, якое будзе высечана.
    Бласлаўлёны падкрэслівае абмежаваны час, які адводзіцца на пакаянне. Таму таксама піша, што, “жадаючы скарыстаць Божую міласэрнасць, пакаянне нельга адкладаць, бо пазней можа не хапіць часу”, а таксама папярэджвае, што час міласэрнасці, дадзены для навяртання, кароткі, бо Бог не абяцае заўтра для пакаяння. Кс. Сапоцька, выкарыстоўваючы фрагмент Святога Пісання – “Той, хто хавае свае злачынствы, не будзе мець поспеху; а хто прызнаецца і адкідае іх, той будзе памілаваны” (Прып 28, 13), – паказвае, што дух пакаяння павінен прасякаць жыццё хрысціяніна, якое з’яўляецца шляхам рашучай адмовы ад граху і ўсяго, што да яго вядзе.
    Калі чалавек сам сябе абвінавачвае, Бог не будзе яго абвінавачваць. Ён становіцца на баку чалавека, таму што той стаіць на Яго баку. Такім чынам, як сцвярджае бласлаўлёны, міласэрнасць Пана патрабуе ад грэшніка духу пакаяння. Звычайна гэта звязана з некаторымі цяжкасцямі і непрыемнасцямі, але ёсць і станоўчыя бакі, якія прыносяць шчасце. Да іх належыць узнагарода ў выглядзе Божай ласкі, якая падтрымлівае чалавечыя намаганні, а таксама ўнутранае задавальненне тым, што дух перамог слабасць і чалавек вызваляецца ад найгоршага рабства – падпарадкавання ўласным жаданням. Больш за тое, праз дух пакаяння хрысціянін апярэджвае справядлівасць Усемагутнага, прымяняючы справядлівасць да самога сябе і прадухіляючы пагрозу часовых ды вечных пакаранняў, а таксама рыхтуе падатлівую глебу для бязмернай ласкі Божай міласэрнасці.
    У сваю чаргу невыкананне спраў пакаяння прыносіць яшчэ большае абцяжарванне беззаконнем і мацнейшую прывязанасць да грэшных залежнасцей.
    Пакаянная практыка, паводле кс. Сапоцькі, патрэбна ўсім, хто не жыве ў поўнай нявіннасці. Кіравацца духам пакаяння нават тады, калі матывам з’яўляецца страх перад пеклам, як і калі ён заключаецца ў Божай любові, – добра, хаця ў апошнім выпадку больш дасканала. Бласлаўлёны лічыць, што чым больш чалавек кіруецца Божай любоўю, тым больш адчувае патрэбу прынесці Усемагутнаму ў ахвяру сэрца, якое каецца.
    Кс. Міхал прыводзіць дзве паставы людзей адносна неабходнасці духу пакаяння: адны адчуваюць незадаволенасць ужо толькі ад самога слова “пакаянне”, таму што ім здаецца, быццам яно супярэчыць шчасцю. Іншыя, наадварот, бачаць у гэтым мэту жыцця. Аўтар адмаўляе і адну, і другую паставу, сцвярджаючы, што пакаянне – толькі сродак атрымання міласэрнасці, але для грэшніка гэты сродак неабходны. Паслядоўнік Хрыста павінен паміраць для ўсяго, што з’яўляецца грахом, каб больш жыць Божым жыццём.
    Апраўдваючы неабходнасць весці жыццё, згоднае з духам пакаяння, кс. Міхал піша, што Бог кіруе светам двума спосабамі: у лагоднасці і спакоі валадарыць над тымі, хто добраахвотна падпарадкоўваецца Яму, а ў строгасці і гневе – над тымі, хто Яму супрацьстаіць. Такім чынам, для адных гэта валадарства міласэрнасці, а для іншых –справядлівасці. Можна лёгка перайсці з другога ў першае, а шляхам да гэтага з’яўляецца пакаянне. Спасылаючыся на прарока Эзэхіэля, кс. Сапоцька сцвярджае, што Бог не хоча смерці грэшніка, але каб ён навярнуўся і жыў (параўн. Эзх 33, 11), а таксама тлумачыць, што бязмежна міласэрны Пан не прагне пакараць, аднак можа ахінуць сваёй міласэрнасцю толькі тых, хто каецца.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.