ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Соль і лечыць, і калечыць

Экалагічная цнота

solСлізка зімой – трэба пасыпаць дарожкі соллю, нясмачна – падсаліць страву, трава паміж пліткай прабіваецца – можна знішчыць, раскідаўшы соль, паляванне на лася – трэба расставіць у лесе саланцы… І гэта толькі некаторыя з мноства спосабаў прымянення аднаго рэчыва – хларыду натрыю. Разбярэмся, як для прыроды і чалавека апраўдана выкарыстоўваць соль, а якія спосабы згубныя і з’яўляюцца міфам.
Шкода ад знешняга выкарыстання солі
    Зімой, ідучы па дарозе, вы, напэўна, заўважалі “дзірачкі” ў снежным покрыве – гэта раскідана соль. Такі спосаб барацьбы з галалёдзіцай зусім не эфектыўны, таму што дзейнічае кропкава – у радыусе 0,5 сантыметра ад упаўшага крышталіка. У адлігу соль раствараецца і шкодзіць караням дрэў, асабліва калі пры ствале складзіруецца снег з пасыпаных дарожак. У далейшым гэта прыводзіць да аварыйнасці дрэў у межах горада і ўздоўж дарог. Акрамя таго, соль раз’ядае металічныя канструкцыі і скураны абутак. Найбольш эфектыўна ў нашых кліматычных рэаліях з галалёдзіцай спраўляецца своечасовая ачыстка дарог і тратуараў ды пасыпанне іх звычайным пяском. Ён не шкодзіць навакольнаму асяроддзю.
majsiuk2Часам работнікі камунальных службаў наносяць такую ж шкоду прыродзе і летам, сыплючы павараную соль паміж пліткай у надзеі, што доўга не прыйдзецца яе чысціць ад дзікарослых раслін. Аднак знішчаючы травяное покрыва соллю, яны тым самым агаляюць зямлю. Любы ветрык заносіць пыл у шчыліны паміж пліткай і ўсюдыісныя травы зноў пасяляюцца на тратуарах. А соль, між тым, трапляе ў грунтавыя воды, прымушаючы пакутаваць ад гэтага ўсё жывое.
   
    Шкода ад унутраннага ўжывання солі
    Многія дадаюць соль у ежу, хоць яна ў дастатку ўтрымліваецца ў гародніне і зеляніне. Разам з тым, шмат шкодных рэчываў змяшчае і сама соль. Зараз у любую прыправу шчодра дадаецца кампанент супраць злежвання – цыянід, які таксічны для арганізма. Сучасная соль таксама адбельваецца, падвяргаючыся жорсткай хімічнай апрацоўцы, і мікраэлементы ў ёй знішчаюцца. А міф аб ёдаванай солі нам прышчапілі з рэкламы. Арганізм ад солі не атрымлівае карысці, затое яна здольна затрымліваць у ім вадкасць у зусім не прыдатных для гэтага месцах, што правакуе дадатковую нагрузку на здароўе.
    Тое ж датычыць і жывёл. Засцеражыце іх ад солі: і хатніх, і дзікіх. Птушкі не выключэнне – ім таксама небяспечна даваць салёныя арэшкі, сала, сухарыкі.
   
    Карысць солі
    Натуральныя саляныя пячоры і марское паветра з’яўляюцца прыроднымі антысептыкамі, станоўча ўплываюць на органы дыхання і кроў, а таксама ў цэлым падтрымліваюць імунітэт. У розных лячэбніцах спрабуюць штучна ўзнавіць салёнае паветра, распыляючы павараную соль. Гэта малаэфектыўна. Соль павінна быць дробнадысперснай, каб дайсці да глыбінных альвеол у лёгкіх, і, вядома, быць без хімічнай апрацоўкі, здабывацца толькі ў правераных месцах. Штучна здрабніць соль магчыма, але толькі адмысловым прыборам. Калі вы хочаце аздаравіцца такой соллю, першапачаткова даведайцеся ўсё ў прадаўца дадзеных тавараў ці паслуг.
    Дзесяціпрацэнтны раствор солі здольны выцягнуць з арганізма таксічныя рэчывы. Прынцып той жа, што і выцягванне стрэмкі з пальца – яго можна патрымаць у шклянцы з падсоленай вадой. Тут таксама трэба правільна разлічыць утрыманне солі, каб быў лячэбны эфект. Ідэальнае ўтрыманне солі – у марской вадзе, таму лепшы варыянт аздараўлення – плаваць і дыхаць марскім паветрам.
    Разумнасць у выкарыстанні солі дапаможа пазбегнуць дэградацыі глеб і пагаршэння здароўя жывых арганізмаў, а таксама захаваць навакольнае асяроддзе. Падыходзьма свядома да гэтага пытання.
   
2 лютага 1971 года была падпісана Рамсарская канвенцыя для захавання месцаў пасялення вадаплаўных птушак. Штогод гэтая дата адзначаецца як Сусветны дзень водна-балотных угоддзяў. Балоты яшчэ важныя планеце як сховішчы прэснай вады і як ачышчальнікі паветра. І зусім не эфектыўныя як месцы торфараспрацовак. Навукоўцы Беларусі праводзілі эколага-эканамічную ацэнку экасістэмных паслуг балот і прыйшлі да высновы, што іх захаванне павялічвае здабытак дзяржаў, на тэрыторыі якіх яны знаходзяцца. Балота – гэта жывы арганізм, які фарміруецца сотнямі тысяч гадоў.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.