ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Год св. Юзафа ў Касцёле

Хрысціянскія традыцыі

Крыніца фота: wikipedia.orgЗаступнік на цяжкія часы і абаронца ад д’ябальскіх сіл, маліся за нас!
Ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі Святы Айцец Францішак абвясціў аб пачатку асаблівага Года св. Юзафа, адзначэнне якога скончыцца 8 снежня 2021 года. Дата не была выпадковай, бо 150 гадоў таму, 8 снежня 1870 года, бл. Пій IX устанавіў св. Юзафа заступнікам Каталіцкага Касцёла. Ён – той, хто клапаціўся пра Дзіцятка Езуса, – цяпер клапоціцца пра нас, г. зн. Містычнае Цела Хрыста.
Папа абраў гэтага святога заступнікам Касцёла дэкрэтам “Quemadmodum Deus”, выдадзеным у асаблівы момант гісторыі. Касцёл перажываў тады вельмі складаны час. Другая палова XIX стагоддзя была перыядам прамысловай рэвалюцыі, міграцыі людзей з вёсак у гарады, распаўсюджвання ідэалогій, якія супярэчаць хрысціянству, ліквідацыі Касцёльнай Дзяржавы, якая існавала з VIII стагоддзя. Папе прыйшлося ратавацца ўцёкамі ў Гаэту, а пасля вяртання ў Рым ён абвясціў сябе вязнем Ватыкана. У многіх краінах Касцёл праследаваўся разнастайнымі рэжымамі, у тым ліку “Kulturkampf” – антыкаталіцкай палітыкай, якую праводзіў у Германскай імперыі Ота фон Бісмарк.
   
    Заступнік на цяжкія часы
    У апублікаваным Апостальскім лісце “Patris Corde” папа Францішак прызнаецца, што жаданне падзяліцца асабістымі разважаннямі пра асобу і дзейнасць св. Юзафа ўзмацнялася ў ім асаблівым чынам у апошнія месяцы, так моцна адзначаныя наступствамі пандэміі. Гэты час дазволіў адчуць, што “нашы жыцці сплецены і падтрымліваюцца звычайнымі людзьмі – часта забытымі – якія не трапляюць ні ў загалоўкі газет і часопісаў, ні на вялікую сцэну апошняга шоу, але, несумненна, запісваюць сёння вырашальныя падзеі на старонках нашай гісторыі”.
    Несумненна, цяперашні час няпросты для ўсіх народаў і нацый. І гаворка ідзе не толькі пра пандэмію каранавіруса, якая цалкам паралізавала ўвесь свет і пасадзіла людзей дома з-за страху заразіцца альбо з-за дзеючых абмежаванняў. Мы бачым, што ў многіх краінах узмацняецца барацьба з Касцёлам. Распаўсюджаныя ў той час ідэалогіі нараджаюць новыя, мэта якіх, перш за ўсё, – пагарджаць зачатым жыццём, браць пад сумненне сужэнства як сакраментальны саюз мужчыны і жанчыны, знішчаць сем’і. Гэта робіцца сёння праз гендэрную ідэалогію, якая ўводзіць “культурны пол”, і ЛГБТ-рухі, якія яе прытрымліваюцца. Апаганьваюцца месцы культу, перапыняюцца літургіі, абняслаўліваецца Святое Пісанне і святыя выявы, ствараюцца іканаборскія творы і фільмы.
   
    Абаронца ад д’ябальскіх сіл
    Бачым, наколькі сёння, у 150-годдзе заступніцтва св. Юзафа, нам неабходна яго дапамога. Мусім неадкладна звярнуцца да яго, молячы аб выратаванні, каб абараняў нас, як Дзіцятка Езуса, ад д’ябальскіх сіл.
    Святы Айцец, узгадваючы досвед апошніх месяцаў, падкрэслівае, што ў св. Юзафе ўсе могуць знайсці заступніка, памочніка і правадыра ў цяжкія часы. Гэты вялікі святы нагадвае, дадае Папа, што “ўсе, хто на першы погляд схаваны альбо знаходзіцца на «другой лініі», унікальным чынам актыўна ўдзельнічаюць у гісторыі збаўлення. Яны заслугоўваюць слова прызнання і ўдзячнасці”.
    Папа Францішак у сваім лісце назваў св. Юзафа бацькам з творчай адвагай. Яна праяўляецца перад абліччам цяжкасцей, перажываючы якія, “можна спыніцца і пакінуць поле бою альбо нешта прыдумаць”. Гледзячы на жыццё св. Юзафа, мы бачым яго адказнасць за Дзіцятка Езуса і Яго Маці Марыю, а таксама веру і давер да Бога, дзякуючы якім заўсёды мог ператвараць праблемы і складанасці ў магчымасці.
    Таму няхай св. Юзаф нас падтрымлівае і вучыць, каб, перажываючы цяжкасці сённяшніх часоў, не сумняваліся ў прысутнасці Бога ў сваім жыцці і, давяраючы Яму, клапаціліся пра найвялікшы скарб нашай веры, якім з’яўляюцца Езус і Марыя.
   
    Адпусты ў Год св. Юзафа
    На гэты час Апостальская Пэнітэнцыярыя выдала дэкрэт, які заахвочвае скарыстаць адмысловыя адпусты пры звычайных умовах (сакраментальная споведзь, эўхарыстычная Камунія, малітва ў інтэнцыях Святога Айца і адмова ад граху).
    Такім чынам, поўны адпуст прадастаўляецца ўсім, хто:
    • на працягу не менш за паўгадзіны будзе разважаць над малітвай Панскай альбо прыме ўдзел у адным поўным дні засяроджання з медытацыяй пра св. Юзафа;
    • па прыкладзе св. Юзафа здзейсніць справу міласэрнасці для цела ці душы;
    • будзе маліцца св. Ружанцам у сем’ях і паміж нарачонымі;
    • будзе штодзённа давяраць сваю працу апецы св. Юзафа, а таксама заклікаць Рамесніка з Назарэта ў заступніцкіх малітвах за тых, хто шукае працу, каб маглі знайсці занятак, і каб праца ўсіх людзей была больш годнай;
    • будзе адгаворваць Літанію да св. Юзафа альбо любую іншую малітву да яго;
    • будзе маліцца ў інтэнцыі Касцёла, які пераследуецца знутры і звонку, а таксама ў інтэнцыі дапамогі ўсім хрысціянам, якія церпяць ганенні любога роду.
   
    Акрамя таго, можна атрымаць адпуст за прамаўленне любой законна зацверджанай малітвы альбо здзяйсненне іншага ўчынку набожнасці ў гонар св. Юзафа ў прысвечаныя яму дні:
    19 сакавіка – урачыстасць св. Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі;
    1 мая – успамін св. Юзафа Рамесніка;
    19 дзень кожнага месяца;
    у кожную сераду – дзень, асаблівым чынам прысвечаны св. Юзафу.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.