ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

АДВЭНТ: набіць гуз у пошуку Сэнсу

Хрысціянскія традыцыі

Усе гэтыя тлумачэнні, што Бог стаўся чалавекам для збаўлення людзей або каб перамагчы грэх, ужо даўно заржавелі. Нібы словы прыгожыя, але… за імі пустка. Зразумець, навошта Стварыцель уцелавіўся, бадай што немагчыма. Адвэнт дапамагае ў чарговы раз выплысці на глыбіню і пераканацца ў гэтым. Як жа плысці?

   Спрабаваць розныя формы
    Так склалалася, што нядаўна я правёў 12 дзён у турме. У адной камеры сядзеў з двума аўдыёфіламі – людзьмі, якія захапляюцца музыкай і маюць павышаныя патрабаванні да якасці гучання. Яны робяць калонкі, узмацняльнікі і ўвесь час імкнуцца да ідэальнага гуку. Гады працы толькі дзеля таго, каб пачуць найдрабнейшыя элементы музычных твораў.
    Паралельна хачу ўзгадаць сваю бабулю, якая калісьці тлумачыла, што ў Адвэнце “слухаць музыку нельга”. Толькі яна не дадала, што гэта трэба для таго, каб не псаваць адвэнтавы лад. А калі музыка настройвае на роздум? Адвэнт можа быць часам, калі мастацтва нарэшце выкарыстоўваецца па назначэнні. Музыка – не для перакрывання цішыні, кніга – не для забівання часу, фільмы – не дзеля эмоцый.
    У Адвэнце можна ўпершыню за доўгі час уключыць любімы альбом і пераслухаць яго цалкам. Адзін на адзін. Так, як гэта робяць аўдыёфілы. Ці перачытаць кнігу, якая кранула. Форм рэфлексіі шмат. Лічу, мастацтва для гэтага і створана.
   
    Настроіцца на адвэнтавы лад
    Што гэта значыць? Быць у тонусе, чуваць, думаць, пераносіць цэнтр цяжкасці на Бога.
    Падаецца, у Адвэнце гэта галоўнае. І самае складанае. Штодзёншчына цягне ў сваю бездань і не дазваляе сканцэнтравацца (кожны, мабыць, адчуваў на ўласным досведзе).
    Адвэнтам трэба вучыцца карыстацца. Так, найчасцей ладу як такога і няма. Чалавек хутчэй працуе над сабой, збіваецца з адвэнтавага настрою і вяртаецца ў яго. Аднак гэта норма хрысціянскага жыцця: устаю – падаю, падаю – устаю. Галоўнае ў адвэнтавым ладзе – нястомна вяртацца ў Бэтлеем, спрабаваць зразумець Бога і Яго бачанне.
   
    Не паддавацца банальшчыне
    Сучасныя маркетолагі шмат працуюць перад Калядамі над стварэннем святочнага настрою. Гэты антураж прыемны, і не сакрэт, што з ім перажываць снежаньскую цемру і холад утульней. Я не прыхільнік супрацьпастаўлення хрысціян свецкаму разуменню Каляд. Можна прымаць гэта, але сягаць глыбей.
    Важна, каб вонкавае ззянне не аддаляла чалавека ад галоўнага сэнсу Божага Нараджэння, каб пад коркай ялінак і канфеці ён наноў ныраў у таямніцу Уцелаўлення. Упэўнены, што выбраўшы адпаведныя формы і настроіўшыся на адвэнтавы лад, так і будзе. Божа, вазьмі гэты час і аб’яві тое, што б хацеў аб’явіць кожнаму з нас. Прыйдзі, мы Цябе чакаем.


   

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.