ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

За яго выбар адказнасць і на мне

Інтэрв'ю

На 79-ым пленарным пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прынята рашэнне распачаць ініцыятыву “Духоўная падтрымка святарскіх і манаскіх пакліканняў у Беларусі”. Яна стартуе 22 лістапада, ва ўрачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету.
Пра неабходнасць малітоўнай падтрымкі святарскіх і манаскіх пакліканняў у інтэрв’ю для “Слова Жыцця” распавядае біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, адказны за фармацыю семінарыстаў і святароў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
– Ваша Эксцэленцыя, што стала штуршком да ўвядзення ініцыятывы духоўнай падтрымкі пакліканняў да святарскага і манаскага жыцця ў Беларусі? І чаму абрана менавіта ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету?
    – Бог заўсёды кліча працаўнікоў на сваё жніво. Аднак трэба адзначыць, што ў параўнанні з папярэднімі гадамі, колькасць абітурыентаў у нашы духоўныя ўстановы знізілася. У той жа час святароў і кансэкраваных асоб у Беларусі па-ранейшаму недастаткова. Такі стан рэчаў мяне як біскупа, у першую чаргу, вельмі хвалюе і непакоіць.
    Я маліўся і разважаў, як дапамагчы юнакам адкрыць дар свайго паклікання да асаблівага служэння, а затым адважна прыняць яго і рэалізаваць. Водгукам на гэта стала ідэя арганізаваць малітоўную ініцыятыву “Духоўная падтрымка пакліканняў да святарскага і манаскага служэння ў Беларусі”. Так мы разам зможам “штурмаваць” Неба і прасіць Бога даць нам руплівых і адданых святароў і манаскіх асоб.
    Па традыцыі, ва ўрачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, у парафіях па ўсёй краіне праходзіць збор сродкаў на ўтрыманне нашых семінарый. Таму я прапанаваў далучыць да матэрыяльнай падтрымкі яшчэ і духоўную, малітоўную. Маю надзею, што з кожным годам колькасць яе ўдзельнікаў будзе ўзрастаць.
   
    – Крызіс пакліканняў – гэта толькі пра памяншэнне колькасці жадаючых уступіць у семінарыю або кляштар? Ці пра штосьці яшчэ?
    – Несумненна, зніжэнне колькасці абітурыентаў у духоўных семінарыях сведчыць не толькі аб крызісе пакліканняў, але і ўказвае на іншыя крызісы ў сучасным грамадстве. Па-першае, гэта крызіс сям’і, з якой выходзяць пакліканні. Нярэдка людзьмі кіруе дух спажывальніцтва, а не хрысціянскія ідэі і каштоўнасці.
    Па-другое, дэмаграфічны крызіс. Свет старэе, а не маладзее.
    Па-трэцяе, Касцёл часта несправядліва паказваецца ў дрэнным святле, калі ўвага акцэнтуецца на памылках і грахах асобных яго прадстаўнікоў. Гэта нараджае ў грамадстве недавер, што перашкаджае маладым людзям прыняць няпростую місію быць святаром, пакліканым на добрыя і дрэнныя часы.
    Па-чацвёртае, цывілізацыйны крызіс чалавека. Ён праяўляецца ў тэндэнцыі да вузкага, свецкага погляду на жыццё і свет. Адбываецца велізарнае сутыкненне: культура, якая заклікае да самарэалізацыі, супрацьстаіць распазнанню паклікання. Праз яго выконваем не столькі сваю волю, колькі выказваем згоду прызнаць і рэалізаваць Божую волю адносна нас.
    І апошняе, што вылучу, гэта відавочныя тэндэнцыі да рацыяналізацыі перспектыў свайго жыцця. Пакліканне ж – таямніца, якую важна прыняць і рэалізаваць.
   
Абяцанне духоўнай падтрымкі пакліканняў да святарскага і манаскага жыцця ў Беларусі
   
    Я, …………………………………………, удзельнік “Духоўнай падтрымкі пакліканняў да святарскага і манаскага жыцця ў Беларусі”, ва ўрачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, дабравольна бяру на сябе абавязак на працягу 3 месяцаў / 6 месяцаў / 1 года (па жаданні):
    • маліцца кожны дзень таямніцу Святога Ружанца “Спасланне Святога Духа” ў інтэнцыі новых святарскiх i манаскіх паклiканняў у Беларусі;
    • удзельнічаць у Эўхарыстыі і ахвяраваць св. Камунію ў інтэнцыі новых святарскiх i манаскіх паклiканняў у Беларусі (хаця б адзін раз у месяц);
    • чытаць штодзённую малiтву аб святарскiх i манаскіх паклiканнях у Беларусі, якую прачытаю сёння першы раз. Дата пачатку малітвы.

    – Як правільна клапаціцца пра пакліканні ў сем’ях, каб пры гэтым не навязваць блізкаму чалавеку ўласнае бачанне яго жыцця?
    – Важна быць аўтэнтычным хатнім Касцёлам, дзе штодзень, у любой сітуацыі праяўляецца шчырая любоў да Бога і бліжняга. Сем’і, у якіх дзеці адчуваюць, што іх любяць Божай любоўю, і ў якіх яны вучацца такой любові, становяцца спрыяльнай глебай для пакліканняў. “Дайце мне святыя сем’і, і я дам вам святых святароў”, – прамовіў падчас адной з аўдыенцый св. папа Ян XXIII.
    Акрамя таго, бацькі пакліканы быць першымі веснікамі веры для сваіх дзяцей – у слове і на прыкладзе. Яны павінны спрыяць распазнанню і развіццю пакліканняў сыноў і дачок, супольна маліцца аб пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця і, канешне, не баяцца размаўляць пра гэта.
    Я ведаю сем’і, дзе муж і жонка моляцца разам аб тым, каб Бог паклікаў кагосьці з іх дзяцей да сваёй выключнай службы, калі ёсць на гэта Яго воля. На маю думку, гэта найлепшы спосаб клопату пра пакліканні ў сем’ях, калі нікому не навязваецца чужое бачанне.
   
    – Для ўдзелу ў духоўнай ініцыятыве падтрымкі пакліканняў прапануецца маліцца на працягу некалькіх месяцаў або цэлага года штодзённа, пачынаючы з 22 лістапада. Што калі не атрымліваецца своечасова распачаць малітву або калі не выходзіць прытрымлівацца яе кожны дзень?
    – Калі па нейкіх прычынах не атрымліваецца распачаць малітву ў вызначаны дзень, то гэта можна зрабіць у любы іншы момант. Самае галоўнае – пачаць шчыра маліцца аб пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця.
    Малітва можа працягвацца 3, 6 або 12 месяцаў – па жаданні чалавека. Важна таксама адказна падыходзіць да прынятых духоўных абавязкаў. Напаміны на мабільным тэлефоне могуць стаць у гэтым добрай дапамогай. Калі не атрымалася памаліцца сёння, на наступны дзень можна памаліцца двойчы альбо працягнуць вызначаны тэрмін ініцыятывы на дзень больш.
   
    – Ці можам спадзявацца і разлічваць, што малітва ў інтэнцыі пакліканняў прынясе відавочны плён?
    – У Евангеллі мы шмат разоў сустракаем заклік Езуса да малітвы і адначасова Яго парады, што трэба рабіць, каб малiтва споўнiлася. Адна з іх – маліцца разам: “Калі двое з вас на зямлі згодна прасілі б аб чым-небудзь, то станецца ім ад Айца Майго, які ў нябёсах” (Мц 18, 19). Таму я моцна веру ў плён прынятай малітоўнай ініцыятывы аб пакліканнях.
    Калі духоўная ініцыятыва прыжывецца і знойдзе водгук сярод вернікаў, можам спадзявацца, што Пан жніва шчодра адкажа на нашы малітвы. І магчыма, настане такі час, калі і самі будзем дапамагаць іншым краінам, пасылаючы туды місіянераў.
   
Штодзённая малiтва аб святарскiх i манаскіх паклiканнях у Беларусі
   
    Пане Езу Хрысце, Найвышэйшы Божы Пастыр! Ты паклiкаў апосталаў i ўчынiў iх вестунамi Добрай Навiны. Схiлi да сябе гарачыя i высакародныя сэрцы маладых людзей Беларусі, учынi iх сваiмi паслядоўнiкамi. Учынi, каб яны падзялялi Тваё жаданне паўсюднага збаўлення, адгукаліся на маленнi братоў i сясцёр усяго свету аб дары веры i ўзаемнай любовi. Адказваючы на Твой заклiк, няхай яны працягваюць мiсiю ўзрастання Касцёла i стануць соллю зямлi.
    Твой мiласцiвы позірк звярнi на сэрцы дзяўчат, чыстых i велiкадушных. Адары iх палымяным імкненнем да евангельскай дасканаласцi, да пасвячэння справам Касцёла i Евангелля i чынення дабра ўсім людзям.
    Каралева Беларусі i Мацi Касцёла, вазьмi ў свaе рукi маю малiтву аб шматлiкiх i годных святарскiх i манаскіх паклiканнях. Прадстаў iх свайму Сыну, Езусу Хрысту, нашаму Пану. Якi жыве i валадарыць з Богам Айцом у еднасцi Духа Святога, Бог, праз усе вякi вечныя. Амэн.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.