ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

Салідарныя з Мітрапалітам!

З жыцця Касцёла

Прэзідыум Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы
    “Выказваем салідарнасць усяго еўрапейскага епіскапату з арцыбіскупам Кандрусевічам і Касцёлам у Беларусі ў гэты балючы момант і падзяляем заклік папы Францішка «да дыялогу, да спынення гвалту і да павагі справядлівасці і законнасці». Таксама разам з Папам мы давяраем усіх беларусаў абароне Найсвяцейшай Панны Марыі, Каралевы супакою.
    Запэўніваючы ў сваёй малітве за ўлюбёнага пастыра і за ўсю беларускую супольнасць, жадаем Мінска-Магілёўскаму арцыбіскупу неадкладнага вяртання дадому і да свайго біскупскага служэння, а таксама заахвочваем усіх дбаць пра мірнае вырашэнне канфлікту і з даверам ісці наперад шляхам дыялогу дзеля дабра чалавека і цэлага грамадства”.

   Майк Пампеа,
    дзяржсакратар ЗША
    “Беларускім уладам неабходна дазволіць вярнуцца арцыбіскупу Кандрусевічу, каб ён мог даглядаць за сваёй паствай у час пратэстаў, якія не спыняюцца. Ён і ўвесь беларускі народ павінны без перашкод карыстацца сваімі асноўнымі свабодамі, уключна са свабодай веравызнання”.
   
    Арцыбіскуп Паола Пецы,
    старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Расіі (ад імя каталіцкіх біскупаў Расіі)
    “Умілаваны браце Тадэвуш, мы ведаем пра сур’ёзныя выпрабаванні і цяжкасці гэтага моманту для Твайго народа і для Цябе асабіста. Мы звяртаемся да Цябе з братнім прывітаннем, каб падбадзёрыць і запэўніць у нашых малітвах за Цябе і за Твой народ, каб супакой і дабро перамаглі і заўсёды панавалі ў сэрцах і думках усіх людзей. І тады словы св. апостала Паўла пра першых хрысціян у Македоніі здзейсняцца таксама і на нас, якія жывём сёння, у ХХІ стагоддзі: «У цяжкім выпрабаванні ўціскам іх вялікая радасць» (2 Кар 8, 2).
    Ведаем, Ты сёння сумуеш па Айчыне, адчуваеш боль за яе лёс, за лёс яе народа, перажываеш з-за немагчымасці выконваць сваё пастырскае служэнне. Не бойся! Народ Божы моліцца за Беларусь. Спадзеючыся на моц малітвы, мы выказваем надзею, што з Божай ласкі Ты неўзабаве вернешся дадому і працягнеш сваё пастырскае служэнне. Пра гэта мы штодзённа ўзносім просьбы да Найвышэйшага Бога”.
   
    Крысціян Хартль,
    выканаўчы дырэктар каталіцкага дабрачыннага фонду “Renovabis”
    “Гэта сур’ёзнае парушэнне асноўнага права чалавека на свабоду перамяшчэння. Арцыбіскуп Кандрусевіч на працягу многіх гадоў з’яўляецца паважаным партнёрам «Renovabis», цалкам адданым свайму пастырскаму служэнню. Менавіта ў цяперашняй сітуацыі ён быў бы асабліва патрэбны ў Беларусі як пастыр і пасрэднік”.
   
    Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
    “Сумна тое, што біскуп Каталіцкага Касцёла, які з’яўляецца пастырам даручаных яму вернікаў, быў пазбаўлены магчымасці знаходзіцца ва ўласнай архідыяцэзіі і спаўняць у ёй служэнне, даверанае Святым Айцом.
    На думку ККББ, забарона на ўезд на тэрыторыю краіны арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, які з’яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, нязгодная з існуючым заканадаўствам, не спрыяе будаўніцтву канструктыўных адносін паміж дзяржавай і мясцовым Каталіцкім Касцёлам, не служыць змяншэнню напружання і пераадоленню глыбокіх падзелаў у грамадстве. ККББ мае надзею, што справа недапушчэння арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў нашу краіну будзе ў хуткім часе высветлена і акажацца прыкрым непаразуменнем, а таксама што ў будучыні падобныя інцыдэнты не будуць адбывацца”.
   
   
    Біскуп Дэвід Дж. Малой,
    старшыня Камісіі справядлівасці і міру ў свеце (ад імя епіскапату ЗША)
    “Малюся аб міры і справядлівасці для Беларусі. Заклікаю паважаць правы чалавека ўсіх грамадзян. Запрашаю католікаў і людзей добрай волі далучыцца да Папы ў яго малітвах аб міры і справядлівасці ў Беларусі”.
   
   
    Протаіерэй Сергій Лепін,
    прэс-сакратар Беларускай Праваслаўнай Царквы
    “Ад сябе асабіста выказваю словы брацкай падтрымкі ўсёй каталіцкай супольнасці Беларусі і жадаю ёй паспяховага вырашэння сітуацыі – незразумелай і небяспечнай. Я спадзяюся на хуткае ўз’яднанне каталіцкай паствы са сваім першаіерархам. Няхай усё будзе добра!”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  249

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.