ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: “Гэты крыж я прымаю з пакорай”

Інтэрв'ю

З 3Сatholic.by1 жніўня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч знаходзіцца за мяжой па прычыне забароны вяртання на Радзіму. Але нягледзячы на той факт, што арцыпастыр знаходзіцца далёка, вера, малітва і агульны клопат вернікаў пра Касцёл Беларусі не дазваляюць аслабіць наша адзінства.
У сённяшнім нумары “Слова Жыцця” арцыбіскуп звяртаецца да вернікаў з пастырскім словам, а таксама разважае над тым, як мы, хрысціяне, павінны паводзіць сябе ў сітуацыі грамадска-палітычнага крызісу, які зараз пануе ў Беларусі.
   
    – Ваша Эксцэленцыя, мінуў ужо не адзін тыдзень ад таго моманту, калі Вам было адмоўлена ва ўездзе ў Беларусь. Скажыце, калі ласка, што зараз адчуваеце, калі не можаце ў поўнай меры працягваць сваё служэнне і кіраваць Касцёлам у Беларусі?
– Вашы пытанні прыйшлі на свята Узвышэння Святога Крыжа. Гэта вельмі сімвалічна. Езус сказаў, што хто хоча ісці за Ім, няхай возьме свой крыж і нясе яго. Сёння па незалежных ад мяне прычынах я не магу ўпоўні выконваць свае пастырскія абавязкі як Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, а таксама старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Гэта крыж, які прымаю з пакорай як Божую волю. Малюся, каб лепш пазнаць яе. Буду несці гэты крыж столькі, колькі патрэбна, з верай, што з яго народзіцца дабро.
   
    – 29 верасня ў Касцёле адзначаецца свята святых арханёлаў Міхала, Рафала і Габрыэля. Св. Міхал з’яўляецца апекуном Беларусі. Фігура Князя нябеснага войска зараз здзяйсняе перэгрынацыю па катэдрах Беларусі. Вернікі і духоўныя асобы моляцца аб мірным вырашэнні грамадска-палітычнага крызісу ў краіне і ў інтэнцыі Вашага вяртання на Радзіму. Наколькі важна, каб у гэты неспакойны час нашай зброяй з’яўлялася Евангелле і малітва?Падчас св. Імшы ў санктуарыі Маці Божай у Шылуве (Літва)
    – Кажуць, што калі Сталіну сказалі пра Ватыкан, ён спытаўся, колькі той мае танкавых дывізій. Зброяй Касцёла з’яўляюцца не танкі, самалёты, ракеты і да т. п., а Евангелле і малітва. Езус заклікае да сталай ды трывалай малітвы і запэўнівае: “Маліцеся і вам будзе дадзена”.
    Гісторыя паказвае, што малітва можа “прабіць” нябёсы. У часы атэізму, калі здавалася, што са смерцю апошняга святара з карты Беларусі знікне Касцёл, людзі маліліся аб свабодзе веравызнання, і яна прыйшла. Сёння, падчас небывалага дагэтуль у нашай краіне грамадска-палітычнага крызісу, Касцёл заклікае да малітвы, бо верыць у яе моц.
    Евангелле з’яўляецца дарожнай картай чалавека і кнігай жыцця. Каб у дарозе не заблукаць, мы карыстаемся картай (у наш час, можа, часцей GPSам). Таму ў сваім жыцці павінны як мага часцей звяртацца да Евангелля, якое заклікае да навяртання і малітвы. Гэта шлях да вырашэння крызісу, у якім аказалася наша Бацькаўшчына.
    Св. Міхал Арханёл з’яўляецца пераможцам злога духа. А прычынай любога зла з’яўляецца грэх. Перэгрынацыя фігуры св. Міхала Арханёла, якая праходзіць у нашых катэрдах, – гэта знак веры ў яго апеку і моц. Заахвочваю ўсіх прымаць удзел у перэгрынацыі і маліцца да нашага апекуна, каб паспрыяў хутчэйшаму мірнаму вырашэнню грамадска-палітычнага крызісу.
   
    – 13 верасня падчас малітвы “Анёл Панскі” папа Францішак звярнуў увагу на з’яву грамадскіх пратэстаў, што назіраюцца ў многіх частках свету. Пантыфік заклікаў дэманстрантаў мірна выказвацца пра свае праблемы, не паддаючыся спакусе агрэсіі і гвалту, а дзяржаўныя ўлады – прыслухацца да голасу суграмадзян і пайсці насустрач іх законным імкненням, забяспечваючы поўную павагу да правоў чалавека і грамадзянскіх свабод. Святы Айцец не назваў канкрэтных краін, але сказанае ім, напэўна, можна аднесці да сучаснай сітуацыі ў Беларусі? Чаму нам усім неабходна працаваць на карысць дыялогу і прымірэння?
    – Яшчэ св. Ян Павел ІІ казаў, што прымірэнне будуе, а нянавісць руйнуе. А старая прыказка сцвярджае: “Благі мір лепшы, чым добрая вайна”. Калі паміж людзьмі з’яўляюцца спрэчкі і непаразуменні, то найлепшы метад іх вырашэння – дыялог. Нават свецкія суды заклікаюць канфліктуючыя бакі пайсці на міравую, дамовіцца і такім чынам вырашыць праблему.
    Ад самага пачатку грамадска-палітычнага крызісу Касцёл у Беларусі заклікаў усе яго бакі да дыялогу і прымірэння. Я вельмі рады таму, што Святы Айцец раздзяляе нашу пазіцыю.
   
    – Эксцэленцыя, Вы зараз знаходзіцеся далёка, але няспынна клапоціцеся аб будучыні нашага Касцёла. Скіруйце, калі ласка, некалькі слоў да вернікаў, якія духоўна падтрымліваюць Вас і з нецярпеннем чакаюць дня, калі ізноў змогуць прывітаць на беларускай зямлі.
    Мітрапаліт прыбыў на ўрачыстасць у Шылува  па запрашэнні біскупаў Літвы– Дарагія Браты і Сёстры! Сардэчна дзякую за Вашы малітвы і салідарнасць са мной. Для мяне гэта вялікая падтрымка падчас новых выпрабаванняў. Гэта таксама сведчанне таго, што хоць мы раздзелены фізічна, але духоўна аб’яднаны.
    Кожны дзень я малюся ў Вашых інтэнцыях і за ўмілаваны Касцёл у Беларусі. Заставаймася з’яднанымі ў малітве падчас нашых супольных цяжкасцей, памятаючы аб словах Хрыста, што шчаслівыя тыя, каго праследуюць за справядлівасць. Будзьце моцнымі сваёй верай, любіце кожнага чалавека і жывіце надзеяй на мірнае і шчаслівае вырашэнне сучаснага крызісу, каб ізноў наша Бацькаўшчына была краінай міру, талерантнасці і ўзаемапавагі.
    З верай у шчаслівае і мірнае вырашэнне крызісу і хуткую сустрэчу ад усяго сэрца ўсіх Вас бласлаўляю ў імя Айца + і Сына, і Духа Святога.
   
   Справай арцыбіскупа Кандрусевіча
   займаецца Святы Пасад
Святы Пасад умяшаўся ў справу арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, якому беларускія ўлады не дазваляюць вярнуцца ў Беларусь і анулявалі пашпарт. Дадзеную інфармацыю пацвердзіў Дзяржсакратар Яго Святасці папы Францішка кардынал П’етра Паралін.
Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі дадаў, што гэтаму таксама спрыяў візіт у Мінск Сакратара па сувязях Святога Пасада з дзяржавамі арцыбіскупа Пола Рычарда Галахера, хоць яго дакладныя вынікі яшчэ невядомыя. “У любым выпадку мы настойваем на тым, каб арцыбіскуп мог вярнуцца ў архідыяцэзію і працягваць кіраваць сваёй паствай”, – сказаў іерарх. У той жа час ён зазначыў, што Касцёл заўсёды павінен быць “стымулам дыялогу, згоды і міру”.
    Падчас сустрэч з арцыбіскупам Галахерам прадстаўнікі ўлад аднавілі запрашэнне Пантыфіку прыехаць у Беларусь. “Беларусь заўсёды праяўляла вялікую цікавасць да візіту Папы”, – падкрэсліў кардынал Паралін. Аднак гэтыя планы не былі канкрэтызаваны, а зараз пандэмія COVID-19 “заблакавала ўсё”, невядома, як надоўга. “Думаю, што гэта адзін з візітаў, які Папа будзе разглядаць”, – адзначыў Дзяржсакратар Яго Святасці.
    (Ватыканскае радыё)

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.