ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

У Гродне ўсталююць помнік святому Губерту

Хрысціянскія традыцыі

крыніца: Hrodna.lifeНад стварэннем помніка працаваў вядомы мясцовы скульптар Уладзімір Панцялееў. Аўтар адзначае, што саму ідэю ўвекавечання асобы святога ён выношваў не адзін год, ім нават быў распрацаваны адмысловы эскіз скульптуры. Аднойчы на аркуш з выявай скульптуры св. Губерта звярнулі ўвагу прадстаўнікі мясцовай улады, якія наведаліся ў майстэрню. Яны прапанавалі мастаку ўвасобіць праект ў жыццё.
    “Праца над помнікам кіпела цягам некалькіх месяцаў, – гаворыць Уладзімір Панцялееў. – Спачатку я зрабіў мяккі макет, каб наглядна прадэманстраваць сваю задумку, а ўжо пасля ўзяўся за стварэнне арыгінальнай скульптурнай кампазіцыі. Яе сюжэт традыцыйны: св. Губерт стаіць побач з аленем.
Падобныя помнікі можна сустрэць на вуліцах шэрагу еўрапейскіх краін. Мой аўтарскі варыянт выкананы з бронзы. Мае вышыню прыкладна 85 сантыметраў і будзе ўсталяваны на двухметровай гранітнай калоне”.
    Мастак падкрэслівае, што ўсталяваць скульптуру планавалася напярэдадні Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, але з-за эпідэміялагічнай сітуацыі мерапрыемства адмянілі, таму ўрачыстае адкрыццё помніка мае адбыцца ў другой палове верасня, а менавіта ў Дзень горада. Скульптурная кампазіцыя будзе ўпрыгожваць скрыжаванне вуліц Савецкая і Кастрычніцкая.
Паводле легенды, св. Губерту падчас палявання аб’явіўся цудоўны алень з залатым крыжом паміж рагоў. Натхніўшыся гэтым знакам, ён стаў адданым хрысціянінам, раздаў сваю маёмасць бедным.
    Пачынаючы з сярэднявечча св. Губерт шанаваўся па ўсёй Еўропе, асаблівым чынам як апякун паляўнічых і леснікоў. У яго гонар былі названы некалькі вайсковых ордэнаў, паляўнічы замак Губертусбург пад Дрэздэнам (Германія), буйны астэроід, адкрыты ў 1886 годзе, а алень святога з’яўляецца лагатыпам вядомага зёлкавага лікёру “Jӓgermeister”.
    Ужо некалькі стагоддзяў св. Губерта як нябеснага заступніка свайго горада шануюць гродзенцы. Сімвал святога – алень з залатым крыжом – упрыгожвае герб Гродна з 1540 года. Ён быў абраны сімвалам горада па той прычыне, што недалёка яго размяшчаліся багатыя паляўнічыя ўгоддзі Белавежскай і Гродзенскай пушчы, а там часцей за ўсё сустракаўся менавіта высакародны алень. Чаму на гербе Гродна алень скача праз агароджу? Тут прасочваецца сувязь з сярэднявечнай назвай горада – “Горадзень”, якая паходзіць ад слова “гарадзіць”. Агароджа таксама сімвалізуе свабодалюбства гродзенцаў.
   
Як можам ушанаваць нашага святога апекуна?
    Над гэтым пытаннем некалі ў адной са сваіх публікацый разважаў грэка-каталіцкі святар а. Андрэй Крот. Ён падкрэсліў, што шанаванне святога апекуна нашага горада павінна насіць не толькі фармальны характар. Для хрысціян горада яго навяртанне, жыццё і духоўны подзвіг могуць стаць узорам таго, як жыць хрысціянскімі ідэаламі. Святар прапанаваў некалькі канкрэтных захадаў для пашырэння культу святога ў Гродне:
    - святарам варта часцей узгадваць пра св. Губерта ў гаміліях. Для вернікаў, асабліва для моладзі, ён можа быць прыкладам у пошуках трывалых жыццёвых ідэалаў;
    - так як ні ў адной са святынь Гродна няма абраза св. Губерта, грамадскасць горада можа замовіць і ахвяраваць яго, узгадніўшы з духоўнымі ўладамі, аднаму з храмаў. Гэты храм і абраз маглі б стаць цэнтрам шанавання нябеснага заступніка Гродна. Варта дадаць, што абраз лепш было б змясціць у адным з новых храмаў горада, паколькі старыя ўжо маюць дастаткова прыгожых і каштоўных святых выяў, і змяшчэнне новага абраза ў іх можа быць праблематычным;
    - святкаванне Дзён св. Губерта, якія адбываюцца ў лістападзе, варта пачынаць з малітвы. Вернікі могуць замовіць адмысловыя набажэнствы ў сваіх храмах, просячы святароў маліцца за горад і ўсіх яго жыхароў.
    Паколькі св. Губерт з’яўляецца святым непадзеленага Касцёла, няма перашкод для яго ўшанавання і вернікамі Праваслаўнай Царквы.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.