ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Што рабіць, каб вера памнажалася?

Задай пытанне

У Евангеллі чытаем, як часта Езус папракае тых, каму не хапае веры. Адтуль жа бяруць свой пачатак таксама дэпрэсія, адчай і г. д. Але нягледзячы на важнасць веры, мы не бачым у Бібліі, што нам трэба рабіць, каб яна памнажалася. Не ведаем, якія малітвы трэба чытаць, колькі пасціцца, у якія пілігрымкі хадзіць, якія ахвяры складаць… Згадзіцеся, гэта крыху дзіўна. Езус так часта папракае ў адсутнасці веры, але разам з тым нібы і не дае выразнага навучання, як памнажаць веру або дзе яе шукаць.
Напэўна, для Бога больш важна наша ўсведамленне таго, што маем недахоп веры, і малітва. Думаю, не мае вялікага значэння, як мы молімся аб веры. Больш важна, калі адчуваем яе нястачу і бесперапынна просім аб памнажэнні веры, прыходзім з гэтай патрэбай да Бога.
Але ёсць адна адметная малітва – малітва праслаўлення. Асабліва на фоне праблем і цяжкасцей (а можа, нават найперш) яна мае вялікую сілу. Гаворка ідзе пра адважнае рашэнне ўзнесці хвалу Богу насуперак сваім пачуццям, страхам і крыўдам. Такая малітва памнажае нашу веру, дапамагае зрабіць у духоўным жыцці вельмі важны крок наперад.
Чаму малітва праслаўлення, асабліва ў цяжкасцях, памнажае веру? Таму што вера расце ў выпрабаваннях! “Браты мае, калі трапляеце ў разнастайныя выпрабаванні, з вялікай радасцю прымайце іх. Бо ведаеце, што выпрабаванне вашай веры нараджае цярплівасць. А цярплівасць няхай будзе дасканалая, каб вы былі дасканалыя і беззаганныя, ні ў чым не маючы недахопу” (Як 1, 2–4). “Шчаслівы чалавек, які вытрымлівае выпрабаванне, бо, калі будзе выпрабаваны, атрымае вянец жыцця, які Бог абяцаў тым, хто любіць Яго” (Як 1, 12). “Гэтаму радуйцеся, нават калі цяпер і давядзецца трохі пасумаваць падчас розных выпрабаванняў, каб правераная ваша вера аказалася нашмат каштоўнейшай за тленнае золата, якое выпрабоўваюць агнём, на славу і хвалу, і пашану падчас аб’яўлення Езуса Хрыста. Хоць вы не бачылі, любіце Яго і, хоць цяпер не бачыце Яго, верыце ў Яго. Весяліцеся радасцю невыказнаю і найслаўнейшаю, дасягаючы мэты веры вашай – збаўлення душ” (1 П 1, 6–9).
Адважуся сказаць, што Бог сам зацікаўлены ў выпрабаванні нашай веры, пасля чаго і адбываецца яе рост. У гэтым нас пераконвае вялікая колькасць гісторый, з якімі наўрад хочам сустрэцца самі. Але толькі пасля такіх гісторый і адбываецца рост веры.
Часта хочацца, каб Бог не дапусціў тых альбо іншых выпрабаванняў, бо не заўсёды разумеем іх. Але павінны пагадзіцца, што менавіта правільна перажытыя гісторыі памнажаюць хрысціянскі вопыт, а з ім памнажаюць і веру.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.