ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Плануецца стварэнне каталога гродзенскага некропаля

З жыцця Касцёла

Ансамбль могілак у Гродне з’яўляецца адным з самых старых прыкладаў цэласных гарадскіх камунальных могілак на тэрыторыі Беларусі. Яны закладзены ў 1792 годзе.
На жаль, гродзенцы позна ўсвядомілі каштоўнасць нашага некропаля як аб’екта нацыянальнага маштабу. Яшчэ ў 1922 годзе тагачасны пробашч фарнага касцёла кс. Леон Жаброўскі ў прэсе крытыкаваў гараджан за абыякавасць у дачыненні да могілак. Патрабавалі рамонту капліца і дом ахоўніка, на вачах развальвалася агароджа... У наступныя гады інфраструктура могілак была крыху адноўлена, але падзеі ІІ Сусветнай вайны і наступныя дзесяцігоддзі ваяўнічага атэізму прывялі да заняпаду некропаля. Некаторыя помнікі былі разбураны выбухамі снарадаў, магілы разрабаваны і панішчаны вандаламі.
Рэцыдывы крадзяжу чыгунных крыжоў і агароджаў з могілак, на вялікі жаль, здараліся і ў апошнія гады. У 1973 годзе могілкі наогул былі зачынены, іх нават планавалася паступова знесці. Помнікі не шкадуе таксама і надвор’е, якое дзесяцігоддзямі выпальвае фарбавыя надпісы на крыжах, а таксама размывае падмуркі помнікаў і прыводзіць іх да разбурэння.
    Навуковае вывучэнне могілак пачалося толькі ў 1980-х гадах, калі імі пачалі займацца маладыя даследчыкі Любоў Зорына і Юрый Гардзееў. Любоў Зорына стварыла каталог пахаванняў, зробленых з металу, а Юрый Гардзееў разам з выкладчыкам Ягелонскага ўніверсітэта Яцэкам Размусам напісаў кнігу “Фарныя могілкі ў Гродне”, якая стала рарытэтам і вартая перавыдання не толькі па-польску, але і па-беларуску.
    Ёсць некаторыя – хаця пакуль і вельмі слабыя – зрухі ў справе аховы і аднаўлення могілак. У 2019 годзе па ініцыятыве ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама некалькі надмагілляў (напр. помнік Элізы Ажэшкі) былі ўключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Прадстаўніцтва нямецкай фірмы “Рэмерс” адрэстаўрыравала на каталіцкіх могілках некалькі надмагілляў, у тым ліку і цагляны помнік гродзенскага віцэ-губернатара Канстанціна Максімовіча каля капліцы. У гэтым годзе некалькі помнікаў павінны былі аднавіць польскія рэстаўратары, але іх прыезду пакуль перашкодзіла эпідэміялагічная сітуацыя. Трэба таксама адзначыць клопат каталіцкіх вернікаў і кс. Яўгена Барысюка ў справе ўсталявання на каплічнай званіцы камер відэаназірання, якія павінны не дапусціць злачынстваў.
    У ідэале найлепш было б стварыць на тэрыторыі могілак асобную ўстанову культуры з уласнай дырэкцыяй, як гэта зроблена на гістарычных могілках-запаведніках Літвы, Польшчы, Украіны. Такая адміністрацыя магла б каардынаваць работы па аднаўленні помнікаў, папулярызаваць могілкі як аб’ект наведвання і нават заняцца зборам сродкаў на рэстаўрацыю. Аднак такі варыянт патрабуе фінансавання і пакуль, на жаль, не разглядаецца.
    Аднак у Гродне ёсць невялікая каманда гісторыкаў, якая ўсё ж хоча прасунуць наперад справу вывучэння самых старажытных могілак нашага горада. Задача гэтай каманды – стварыць максімальна поўны спіс усіх надмагілляў, якія захаваліся на праваслаўнай і каталіцкай частцы могілак. Гэта вельмі вялікая работа, паколькі па прыблізных падліках на каталіцкіх могілках знаходзіцца ад 2,5 да 3 тысяч пахаванняў, а на праваслаўных – ад 5 да 6 тысяч. І гэта толькі прыблізны падлік, бо ніякага кагалогу могілак не існуе. Але важна не толькі пазначыць імя і прозвішча пахаванага, а таксама гады яго жыцця, хаця ва ўмовах, калі частка надмагілляў разбурана ці засыпана зямлёю, гэта работа з’яўляецца вельмі няпростай. У дадатку навуковую каталагізацыю могілак можна весці толькі некалькі месяцаў у год – вясной і восенню, бо ў астатні час некаторыя надмагіллі проста нябачныя з-за травы або снегу.
    Асабліва складана чытаць надпісы на надмагіллях першай паловы ХІХ стагоддзя, калі тэксты высякаліся на даволі нетрывалым ракушачніку. Аднак гісторыкі ставяць перад сабою і больш амбіцыйную задачу, чым проста перапісаць усіх пахаваных на могілках. Яна палягае на тым, каб зафіксаваць каштоўныя надмагіллі, а таксама падрыхтаваць біяграфіі заслужаных гродзенцаў, пахаваных на могілках. Таму помнікі, якія вылучаюцца мастацкай каштоўнасцю і якасцю выканання, будуць старанна фатаграфавацца.
    Кожны выхад на могілкі – гэта выключна цікавыя адкрыцці. Між іншым, вяртаюцца забытыя імёны. Напрыклад, гродзенскія актывісты нядаўна “нанова” адшукалі надмагілле ўдзельніка паўстання 1863 года Людаміра Абрэмбскага. На помніку не засталося імя і прозвішча пахаванага, але ацалеў верш-эпітафія, напісаны Элізай Ажэшкай на смерць былога паўстанца. Па гэтым вершы і быў адшуканы помнік. Ёсць намер аднавіць на гэтым надмагіллі пліту з прозвішчам і імем Людаміра Абрэмбскага. Таксама аказалася, што апрача магіл пісьменніц Элізы Ажэшкі і Вільгельміны Зындрам-Касцялкоўскай ёсць яшчэ надмагілле Мечыслава Густава Носіц-Яцкоўскага, які паспеў напісаць і выдаць некалькі апавяданняў пра лёсы эмігрантаў у Паўднёвай Амерыцы. Таксама мала хто ведае, што недалёка ад каталіцкай капліцы пахаваны Ян Відацкі – брат Элізы Ажэшкі па маці.
    Ідэальны вынік плануемых работ – стварэнне старонкі ў інтэрнэце са спісам каля дзесяці тысяч чалавек, пахаваных на праваслаўных і каталіцкіх могілках з 1801 (самая старая захаваная магіла) прыкладна да 2001 года. Да яго можна дадаць карту з пазначэннем нумара магілы і сектара, дзе яна знаходзіцца, таму кожны жадаючы з дапамогай раздрукаванай карты лёгка зможа адшукаць патрэбнае надмагілле. Але і гэта не ўсё. Прыкладна тысяча самых каштоўных надмагілляў будуць дадзены ў каталозе больш разгорнута – з фотаздымкамі, біяграфіямі, эпітафіямі. Апошняе прадставіць магчымасць больш дакладна ўявіць сабе маштаб неабходных рэстаўрацыйных работ на могілках, прапануе матэрыял для працы гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў, рэстаўратараў, спецыялістаў па некрапалістыцы.
    Пакуль вядзецца падрыхтоўчая работа. Гісторыкі прыкідваюць маштаб працы, плануюць, з якога боку да яе падступіцца. Трэба набрацца адпаведных ведаў адразу ў некалькіх сферах гуманітарнай навукі, назбіраць інфармацыі, паглядзець прыклады каталагізацыі могілак у Еўропе, стварыць добрую каманду. Актыўная фаза працы над каталогам пачнецца вясной і будзе завершана восенню 2021 года.
    “У поле” выйдуць некалькі дзесяткаў чалавек, якія за 3-4 месяцы поўнасцю каталагізуюць могілкі па загадзя падрыхтаванай схеме. У канцы 2021 года спісы пахаваных і дадатковая інфармацыя стануць даступны ў інтэрнэце.
    Падобныя каталогі ёсць у могілак на Павонзках у Варшаве, Ракавецкіх могілак у Кракаве, нядаўна з’явіўся і ў віленскіх Росаў. У Польшчы і Літве гэтая работа вялася пры фінансавай падтрымцы дзяржавы і разнастайных фондаў, у Гродне ж каталагізацыя могілак пакуль застаецца справай валанцёраў, хаця таксама ёсць спадзяванні на падтрымку па лініі трансгранічнага супрацоўніцтва Беларусі і Польшчы. Аднак работа ўсё ж будзе зроблена ў імя памяці пра многія пакаленні гродзенцаў, якія будавалі наш горад, маліліся ў нашых святынях і знайшлі свой апошні спачынак на гэтай зямлі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.