ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Быць прыладай у руках Бога

З жыцця Касцёла

50 год святарстваМы не часта сустракаем на сваім шляху людзей з вялікім сэрцам, адданасцю і пакорай. Павінна вельмі пашанцаваць, каб паглядзець такой асобе ў вочы, каб, сустрэўшыся з ёю, спазнаць аўтэнтычнасць гэтых цнотаў і каштоўнасцей.
    Многія вернікі з парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне асабіста знаёмы з а. Юзафам Гензам CSsR – чалавекам самаадданага служэння, выпраменьваючым радасць, адкрытым для іншых. Святар прываблівае пачуццём супакою, разважнасці, мудрасці.
Шлях да святарства
    Паважаны юбіляр паходзіць з Тарноўскай дыяцэзіі (Польшча). Нарадзіўся недалёка ад Тухава, дзе знаходзяцца марыйны санктуарый і духоўная семінарыя айцоў рэдэмптарыстаў.
    Хлопец выхоўваўся ў шматдзетнай сям’і. Акрамя яго, бацькі гадавалі яшчэ трох сыноў і пяць дачок. Маці пераважна займалася домам і гаспадаркай, а бацька быў пекарам.
– Каб трапіць у касцёл, трэба было пераадолець 3 кіламетры, але нас гэты кавалак дарогі не палохаў, – успамінае а. Юзаф. – Цэлай грамадой, разам з дзецьмі з суседніх дамоў мы ішлі на св. Імшу, на Ружанец, рараты. Я прыслужваў міністрантам. Часам гэта былі даволі складаныя часы як для мяне, так і для маіх бацькоў і пробашча, таму што парой я мог нарабіць клопату.
    Калі юнак скончыў школу, здаў экзамены і быў прыняты ў ліцэй, маці спытала яго, ці не хацеў бы вучыцца ў айцоў рэдэмптарыстаў. Бацька ж, хоць і быў веруючым і набожным чалавекам, меў крыху іншае меркаванне.
    – Паколькі я старэйшы сын у сям’і, тата бачыў маё жыццё інакш, – расказвае а. Юзаф. – Ён думаў, што я першым скончу навучанне, атрымаю прафесію і буду карысным для нашай вялікай сям’і. Але сталася так: я забраў дакументы з ліцэя і накіраваўся да айцоў рэдэмптарыстаў, дзе 4 гады вучыўся ў іх мужчынскай гімназіі з перспектывай у будучыні паступіць у семінарыю.
    Пасля некалькіх гадоў навучання юнак сапраўды паступіў у навіцыят. Праз год яго прызвалі ў армію, дзе служыў танкістам. Гэта быў час сутычкі паміж касцёлам і камуністычнымі ўладамі, таму пасля набору, калі салдатам прызначаліся асобныя функцыі ў падраздзяленні, камандзір палка спытаў навіцыянта, ці збіраецца ён пасля вярнуцца ў семінарыю. Пачуўшы станоўчы адказ, малады чалавек быў накіраваны ў роту лінейных.
    – Потым, між іншым, у мяне цікавіліся, асабліва пад канец службы, ці не хацеў бы вучыцца ў Акадэміі бранятанкавых войскаў у Познані. Але я падзякаваў і вярнуўся ў семінарыю.
    А ўжо ў 1970 годзе быў пасвечаны, – адзначае а. Юзаф. – Памятаю, што ў той дзень было вельмі сонечна і перад св. Імшой я хадзіў па алеях побач з семінарыяй і паўтараў словы падзякі біскупу, якія меўся сказаць на заканчэнне ўрачыстасці. Асабліва ўзгадваю просьбу маліцца за нас, новапрэзбітэраў, бо “гэты скарб мы носім у гліняных посудах”, якія могуць разбіцца.
   
   Яму трэба ўзрастаць, а мне станавіцца меншым (Ян 3, 30)
    Гэтыя словы былі змешчаны на прыміцыйным абразку а. Юзафа, які на працягу ўсіх гадоў свайго служэння стараўся справіцца з пастаўленай мэтай. Адразу пасля семінарыі ён быў накіраваны ў Торунь, дзе займаўся катэхізацыяй моладзі. Потым вывучаў каталіцкую тэалогію ў Варшаве, а таксама праводзіў катэхезы для вучняў выпускных класаў і апекаваўся душпастырствам студэнтаў.
    Вярнуўшыся ў Тухаў, займаўся манаскай моладдзю спачатку як прэфект пастулата, а потым як настаўнік (магістр) навіцыята.
    – У семінарыі маёй задачай было, перш за ўсё, вядзенне лекцый, – успамінае юбіляр. – Шчыра кажучы, не меў вялікай ахвоты да гэтага, нават згадаў аб тым падчас размовы з правінцыялам. Аднойчы ўвечары ён пастукаўся ў мой пакой і спытаў, ці не хацеў бы паехаць у Беларусь. Я адказаў, што калі маю што там рабіць, чаму б і не? Таму быў накіраваны ў Гродна. Нясу тут паслугу ўжо 23 гады.
    Падчас св. Імшы юбiляру дзякавалi за паслугу, а таксама жадалi сiл i Божай апекi на далейшыя гады служэнняКажучы пра сваё першае ўражанне пасля прыезду ў горад над Нёманам, а. Юзаф падкрэслівае, што мясцовае парафіяльнае жыццё было, у асноўным, падобна на тое, якое бачыў у Польшчы, толькі ўмовы адрозніваліся: малюсенькія пакоі, усюды шумна, бо ў адным месцы была і кватэра, і будоўля, і катэхетычныя класы.
    – Тады пераканаўся, як шмат залежыць ад нашага стаўлення, – падкрэслівае суразмоўца. – Да гэтага часу я жыў у вялікіх супольнасцях, у манастыры, дзе ціха, спакойна, а цяпер у мяне былі зусім іншыя ўмовы. Калі тэлефанаваў альбо пісаў родным і сябрам, заўсёды жартаваў, што жыву нібы на Цэнтральным вакзале ў Варшаве, дзе ўвесь час рух, шум, гам. Раней, у Польшчы, калі хацеў нешта напісаць, нават гадзіннік мне перашкаджаў. І я хаваў яго ў шафу з бялізнай, каб не было чуваць. У той час як тут за адной сцяной нехта гучна смяяўся, за другой званіў тэлефон і інжынер вырашаў нейкія справы, а я спакойна сядзеў у пакоі і рабіў тое, што павінен быў. Проста прыняў новую рэчаіснасць, якой яна ёсць.
    А. Юзаф таксама адзначае, што з пачатку свайго служэння ў Беларусі заўважыў адну з характэрных рыс мясцовых католікаў. Яна выяўляецца ў простай, пачуццёвай, надзвычай эмацыянальнай рэлігійнасці і адносінах да святара, які часам быццам бы “з іншага свету”. Пажылыя людзі, што многае перажылі, гатовыя стаць на калені перад ім ці пацалаваць руку. Ужо зусім іншы падыход у дзяцей і моладзі – для іх святар становіцца вельмі блізкім, становіцца сябрам.
    – Колькі маладых сэрцаў прайшло міма мяне са школьнымі сумкамі ў руцэ, з запалам, з жыццёвымі ідэаламі, рэалізуючы свой шлях у будучыню? – задумваецца а. Юзаф. – З моманту прыезду ў Гродна і па гэты дзень я займаюся катэхізацыяй і вельмі рады гэтаму, бо ажыццявілася тое, чаго хацеў непасрэдна пасля пасвячэння – працаваць з дзецьмі. Часта падчас катэхезы мы ўздымаем тэмы жыццёвага паклікання. Я тлумачу, што з рэлігійнага пункту гледжання ў кожнага ёсць свой шлях, прызначаны Богам, і трэба толькі распазнаць яго, аналізуючы ўласныя схільнасці, магчымасці, здольнасці. Трэба развіваць іх і тым самым не толькі ўзбагачацца, але і быць карыснымі для іншых. Гэта вельмі выразна падкрэсліваў св. Ян Павел II: тады, калі знаходзім сябе, мы становімся дарам для іншых. На жаль, часам людзі ў паўсядзённым жыцці зводзяць усё да таго, каб толькі мець, думаюць эгаістычна і забываюць, што мы становімся напоўненымі, калі адорваем іншых, адкрываемся ім. Гэтае дабро пазней вяртаецца да нас.
    Святар з задавальненнем адзначае, што пры выкананні сваіх душпастырскіх і манаскіх абавязкаў заўсёды адчувае радасць. Да выключных момантаў адносіць працу ў душпастырстве студэнтаў і клопат пра супольнасць Хатняга Касцёла.
    – Знаходзячыся ў Торуні, я апекаваўся некалькімі коламі гэтай супольнасці, а будучы ў Беларусі, шмат гадоў ездзіў у Польшчу праводзіць рэкалекцыі для сем’яў. Яны таксама часам прыязджалі ў Гродна, і ў нас былі сумесныя духоўныя сустрэчы. Гэта вельмі цікавы і глыбокі досвед: як сем’і, як свецкія людзі перажываюць штодзённасць, малітву і разуменне адносін з Касцёлам, – згадвае а. Юзаф. – Здараліся і дзівосныя моманты, калі дзеянне Бога праз мяне даходзіла да іншага чалавека, і ён знаходзіў свой шлях, разумеў свае жыццёвыя задачы. Часта перажываў гэта падчас рэкалекцый для сем’яў, у якіх звычайна ўдзельнічала каля 60-ці чалавек. Там існуе звычай у канцы сустрэчы дзяліцца самым важным, што выносіш з рэкалекцый. Я прамаўляў да ўсіх удзельнікаў аднолькава, але заўсёды здаралася, што нейкі мой сказ, думка была сказана быццам бы для аднаго канкрэтнага чалавека, які потым абавязкова перад усімі адзначаў: “Айцец казаў так, быццам ведаў мае перажыванні, мае праблемы. Дзякуй за тое, што я атрымаў адказы, якія доўга шукаў!”. Гэта заўсёды ўражвала.
    А. Юзаф падкрэслівае, што юбілейны год, безумоўна, з’яўляецца часам ласкі, асаблівым этапам у жыцці святара, калі падводзяцца прамежкавыя вынікі паслугі. Святар глядзіць у будучыню з надзеяй, што з Божай дапамогай ён будзе працягваць служыць аддана і з любоўю да людзей, па прыкладзе Езуса Хрыста, які зрабіў яго рыбаком чалавечых сэрцаў.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.