ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Збаучая моц Найсвяцейшай Крывi Езуса Хрыста (3)

На шляху да святасці

krew“Ён сам, у сваім целе ўзнёс грахі нашыя на дрэва, каб мы, пазбыўшыся грахоў, жылі дзеля справядлівасці. Ранамі Яго вы аздароўленыя” (1 П 2, 24)
Аздараўленне
   душы і цела

    Перад абліччам фізічных пакут і хваробы, асабліва хранічнай ці, здавалася б, невылечнай, многія людзі адчуваюць псіхічны зрыў і губляюць надзею. Некаторыя ўпадаюць у глыбокую дэпрэсію, задаючыся пытаннем: “Чаму гэта здарылася са мной? Чаму менавіта я павінен так пакутаваць? Дзе прычына майго болю?”. Шукаючы адказы на падобныя пытанні, знаходзім у Божым слове некаторыя перадумовы праблем са здароўем. Перш за ўсё, гэта грэх. “Як праз аднаго чалавека грэх увайшоў у свет і праз грэх – смерць, так і смерць перайшла на ўсіх людзей, таму што ўсе зграшылі” (Рым 5, 12). У выніку непаслухмянасці Богу і ўстаноўленаму Ім закону чалавек страціў лучнасць са Стварыцелем і наклікаў на сябе праклён смерці і цярпення. Кожная правіна, з якой мы не паспавядаліся, не пакаяліся, за якую не ўзнагародзілі, мае наступствы, якія могуць доўжыцца пакаленнямі і выклікаць генетычныя захворванні.
Часта ігнаруемай чалавекам прычынай хвароб з’яўляюцца грахі языка. Яшчэ св. Якуб адзначаў, наколькі смертаноснымі могуць быць словы: “Аднак ніхто з людзей не можа ўтаймаваць язык – нястрымнае зло, поўнае смяротнай атруты. Ім мы бласлаўляем Пана і Айца і ім праклінаем людзей, створаных на Божае падабенства” (Як 3, 8–9). Чалавечы дух, душа і цела трыадзіныя, непарыўныя і цесна звязаныя паміж сабой, дзе адно мае канкрэтны ўплыў на другое. Так жорсткія выказванні могуць раніць знутры і забіваць душу. Такія раны, як зараза і разлажэнне, западаюць глыбока ў падсвядомасць, а дакучлівыя думкі крыўды, непрабачэння, прыніжэння і самаабвінавачвання выклікаюць пачуцці недахопу любові і прыняцця, парушаючы працу мозгу. Ён, у сваю чаргу, аддае неўпарадкаваны імпульс у касцяны мозг, дзе ўтвараюцца новыя, але ўжо заражаныя клеткі крыві. Такім чынам, негатыўныя словы рэальна выяўляюцца ў розных формах парушэнняў здароўя. “Але тое, што выходзіць з вуснаў, паходзіць з сэрца, і гэта робіць нячыстым чалавека. Бо з сэрца выходзяць ліхія думкі, забойствы, чужалоства, распуста, крадзеж, фальшывыя сведчанні, блюзнерствы. Гэта і ёсць тое, што робіць нячыстым чалавека” (Мц 15, 18–20).
    Яшчэ адной прычынай псіхічных і фізічных недамаганняў з’яўляецца ўплыў нячыстых духаў. Паводле прыкладаў з Бібліі, дэманы могуць выклікаць розныя хваробы, такія, як слепата, немата (параўн. Мц 12, 22), немач і праблемы з пазваночнікам (параўн. Лк 13, 10–13), эпілепсія (параўн. Мц 17, 15), кульгавасць і параліч цела (параўн. Дз 8, 5–8). У незлічоных цудах Езуса аздараўленне адбывалася ў выніку выгнання дэманаў з чалавека: “І загадаў яму Езус, і выйшаў з яго злы дух, і ад гэтай гадзіны хлопец стаў здаровым” (Мц 17, 18), “Калі настаў вечар, прывялі да Яго многіх апанаваных злымі духамі. А Ён словам выгнаў духаў і аздаравіў усіх хворых” (Мц 8, 16). Экзарцысты пацвярджаюць, што, вызваліўшыся ад нячыстых духаў, чалавек можа пазбавіцца ад бясплоддзя, рака, хвароб сэрца, сіндрому стомленасці і многіх іншых праблем са здароўем.
    Бывае і так, што хвароба не выклікана ні адным з вышэйзгаданых фактараў, але “сталася гэта дзеля таго, каб выявіліся справы Божыя” (параўн.
    Ян 9, 3). Незалежна ад паходжання і формы дрэннага самаадчування, нельга адчайвацца. Заўсёды варта памятаць, што Божая воля заключаецца ў тым, каб чалавек наблізіўся да Яго і быў выратаваны. Бог усім даў надзею і з усякага зла можа вынесці дабро. Гэтай надзеяй з’яўляецца Езус Хрыстус, цудоўны лекар, які ўжо заплаціў самую высокую цану сваёй Крыві, каб пазбавіць чалавека ад любой немачы і даць новае жыццё ў перамозе над хваробай. Прысутнасць Езуса стрымлівае і выганяе дэманаў, як гэта здарылася з мужчынам, апантаным легіёнам злых духаў. “Убачыўшы Езуса, ён упаў перад Ім і гучна закрычаў: «Што Табе да мяне, Езусе, Сыне Бога Найвышэйшага? Прашу Цябе, не муч мяне»” (Лк 8, 28).
    Тая ж сіла, якою Езус вылечваў натоўпы людзей, стала даступнай на Крыжы Збаўлення. “Але Ён паранены быў за грахі нашыя і пакутаваў за беззаконні нашыя; кара міру нашага была на Ім, і ранамі Яго мы ацаліліся” (Іс 53, 5).
    Для таго, каб гэты святы акт ахвяравання набыў сапраўднае вымярэнне аздараўлення, хвораму неабходна выканаць пэўныя ўмовы. Асноўнае і нязменнае патрабаванне – непахісная вера. Вылечваючы пры жыцці, Езус неаднаразова падкрэсліваў, што вера з’яўляецца ключавым фактарам для атрымання выніку: “Вера твая ўратавала цябе” (Мк 5, 34), “Не бойся, толькі вер!” (Мк 5, 36), “Тым, хто паверыць, будуць спадарожнічаць такія знакі: [...]
    на хворых будуць ускладаць рукі і яны выздаравеюць” (Мк 16, 17–18). А адсутнасць веры, відавочна, прыводзіла да адсутнасці аздараўлення: “І абураліся на Яго. А Езус сказаў ім: «Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне і ў доме яго». І не ўчыніў там многіх цудаў з прычыны іх бязвер’я” (Мц 13, 57–58). Аналагічна ў Евангеллі паводле св. Мацвея чытаем, як Езус тлумачыць вучням, што з-за малой веры яны не маглі выгнаць злых духаў і вылечыць хлопчыка (параўн. Мц 17, 20). Такім чынам, начыннем веры мы чэрпаем ласкі, і аздараўленне сувымерна з даверам да Езуса.
    Другі ключ да вызвалення ад прыгнёту хваробы – прамаўляемае слова веры, якое з’яўляецца носьбітам Божай моцы. “Сапраўды кажу вам: калі хто скажа гары гэтай: «Падыміся і кінься ў мора», і не засумняваецца ў сэрцы сваім, але паверыць, што збудзецца сказанае, так яму і будзе. Таму кажу вам: усё, чаго просіце ў малітве, верце, што атрымаеце, і будзе вам” (Мк 11, 23–24). Такім чынам, замест таго, каб наракаць на сваю немач, пачні праслаўляць Божую моц. Ідзі пад крыж, стань у прысутнасці Езуса, з верай і даверам аддай Яму свой боль і пакуты. Скажы з удзячнасцю: “Пане Езу, дзякую за тое, што Ты ўжо заплаціў за мяне і забраў маю хваробу на крыж. Я веру, што кроўю з Тваіх ран я аздаравіўся”. Паўтарай і разважай над гэтай праўдай, і ўбачыш, што тое, што гаворыш з перакананнем, з’яўляецца насеннем, якое прынясе адпаведны плён.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.