ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Хрыстос іх выбраў, аказваючы вялікую ласку (3)

З жыцця Касцёла

ГКс. Здзіслаў Пікула SDB. 35 гадоў святарстваісторыя майго паклікання пачалася яшчэ ў дзяцінстве. Памятаю, што ад малога меў вельмі добры і красамоўны прыклад веры з боку бацькоў, бабулі і дзядулі. Калі яшчэ не хадзіў у школу, бабуля, якая вучыла мяне ружанцу, малітвам і вадзіла ў касцёл, моцна захварэла. Мела слабое сэрца і з-за гэтага моцна плакала. Мне было вельмі шкада яе, таму пайшоў да Пана Езуса і сказаў: “Калі мая бабуля выздаравее і будзе жыць далей, я стану ксяндзом”. Гэтае абяцанне запомніў назаўсёды.
А яшчэ мама расказала такую гісторыю. У 9-месячным узросце ў мяне былі сур’ёзныя праблемы з лёгкімі. Урачы сказалі, што калі вылечуся, гэта будзе цуд. Пасля такіх прагнозаў мама ў роспачы занесла мяне ў касцёл, паклала на алтар Маці Божай каля фігуры Найсвяцейшай Панны Марыі і сказала: “Марыя, я аддаю табе маё дзіця, рабі з ім, што хочаш!”. У той жа час святар цэлебраваў за мяне св. Імшу, пасля чаго мой стан значна палепшыўся.
    Я паступіў у семінарыю і, будучы яшчэ клерыкам, ездзіў на місіі ў Эквадор і Балівію. Гэта было ў 1975 годзе, калі прыпадаў 100-гадовы юбілей салезіянскіх місій. Настаяцелі ў Польшчы сказалі, што 100 святароў могуць распачаць місійную паслугу. Клерыкам дазвалялася ехаць толькі пасля другога курса філасофіі, а я адно прайшоў навіцыят. Таму напісаў ліст ксяндзу генералу з просьбай дазволіць мне паехаць. Тады ж напісаў ліст і да св. Яна Боско з просьбай аб заступніцтве і дапамозе, а мой спаведнік, які ў той час з’язджаў у Турын, аднёс яго ў святое месца. І я атрымаў дазвол.
    На місіі ехаў з думкай аддаць там сваё жыццё за веру, за Хрыста, за крыж. Але Божая воля была іншая. Прапрацаваў 5 гадоў: два з паловай гады ў Эквадоры, два з паловай – у Балівіі. Там пачаў вывучаць філасофію, але мне сказалі, што ў тых умовах працягласць поўнага навучання – 11 гадоў, тады як у Польшчы можна скончыць вучобу за 6 гадоў. Таму я вырашыў вярнуцца на Радзіму, каб там стаць святаром, а потым зноў прыехаць, бо ведаў, што мяне будуць чакаць.
    Але ўсё склалася зусім інакш. Я ўжо рыхтаваўся да выезду ў Эквадор, калі ў Беларусі пачалі адкрываць касцёлы, і мяне папрасілі дапамагчы. Быў 1989 год. Я атрымаў дэкрэт, што накіроўваюся ў парафію ў Варнянах, і праслужыў там амаль 25 гадоў.
    А цяпер ужо 6-ты год служу ў Дзятлаве. Мне тут вельмі падабаецца. З людзьмі добра працуецца, моладзь і дзеці вельмі ўцягнутыя ў жыццё парафіі.
    Хоць на працягу ўсіх гэтых гадоў мне прыйшлося сутыкнуцца з мноствам праблем, вельмі ўдзячны св. Яну Боско, што праз яго заступніцтва маю ласку працаваць з дзецьмі і моладдзю. Усе св. Імшы, пропаведзі, асабістыя сустрэчы з людзьмі – маё найвялікшае багацце. Шчаслівы, што магу аддаваць сябе іншым праз Езуса Хрыста, працаваць для іх. Я нават узяў пастанову, што хачу ахвяраваць усё, што напаткала мяне ў жыцці, дзеля таго, каб памерці ў Беларусі і быць тут пахаваным. Цешуся, што не адзін, што заўсёды адчуваю прысутнасць Хрыста, што атрымліваю тое, аб чым прашу Яго і Найсвяцейшую Маці.
    У гэтым юбілейным годзе я асаблівым чынам малюся аб тым, каб бацькі давалі добры прыклад веры сваім дзецям, а таксама аб навяртанні грэшнікаў, таму што бачу, колькі ў свеце няверуючых людзей. Асабліва цяпер, калі многія хварэюць на каранавірус. Заўважаю, што і ў прэсе, і на тэлебачанні можна ўбачыць шмат розных выказванняў, парад, але людзі забываюць, што можна звярнуцца з просьбай аб спыненні гэтай эпідэміі да Бога. Я ўпэўнены і ўвесь час кажу аб гэтым сваім парафіянам, што калі мы ўсё даручым Езусу Хрысту, то будзем здаровыя. Не трэба баяцца, памятаючы словы Збаўцы: “Не бойцеся, я з вамі!”. Таму мы ў Дзятлаве ўзялі пастанову, і кожны дзень падчас св. Імшы ў касцёле ўсе ляжым крыжам і спяваем суплікацыю “Святы Божа, Святы моцны”, каб Бог вызваліў нас ад хваробы.
    Калі падсумаваць усе гады майго служэння, я найбольш удзячны Богу за тое, што стаў святаром. Таксама ўдзячны ўсім людзям, дзецям і моладзі, усім, з кім сустракаўся ў жыцці, з кім мог размаўляць, каго мог злучаць праз сакраманты з Панам Езусам. Больш за ўсё мяне цешыць тая дабрыня, павага і памяркоўнасць, якія атрымаў ад іншых. Гэта вельмі дапамагае трываць у святарстве.
   
    МКс. Павел Калеснік. 20 гадоў святарствааё пакліканне да святарства нарадзілася неяк само па сабе. У дзяцінстве ездзіў да бабулі ў в. Новы Двор, што ў Шчучынскім раёне. Менавіта там стаў міністрантам і належаў да літургічнай службы алтара не адзін год. Увесь гэты час, камунікуючы з мясцовым пробашчам, я бычыў прыклад добрага, руплівага, адказнага душпастыра, і мне вельмі імпанавала такая пастава.
    Паступова прыйшоў да высновы, што таксама хачу пайсці шляхам святарства, і распачаў вучобу ў семінарыі. Гэта быў час, калі я і мае аднакурснікі распазнавалі сваё пакліканне, праходзілі розныя, часам цяжкія, этапы, асэнсоўвалі саміх сябе і сваё месца ў служэнні Богу. У выніку мы дасягнулі доўгачаканай кульмінацыі – святарскіх пасвячэнняў – і пачалі прымяняць атрыманыя ў семінарыі тэарэтычныя веды на практыцы.
    Галоўнае ў святарствае і душпастырскай паслузе – дапамагаць людзям знайсці Бога, абвяшчаць ім Евангелле, бо кожны святар пакліканы да служэння на хвалу Божую і дзеля збаўлення душ. Канешне, гэты шлях зусім няпросты, ён поўны і перашкод, і спакус. Але калі цалкам даверыцца Хрысту і з годнасцю Яму служыць, усё атрымаецца.
    Я лічу, што святар павінен быць гатовы да выканання самых розных заданняў, якія ставіць перад ім Касцёл, і перш за ўсё – да ратавання чалавека з няволі граху праз паслугу міласэрнасці. Каб быць душпастырам, якога будуць паважаць і цаніць, трэба шчыра любіць людзей, падыходзіць да кожнага з дабрынёй і адкрытым сэрцам, быць прыкладам для сваіх парафіян. Таму заўсёды неабходна імкнуцца ўдасканальваць самога сябе і не стаяць на месцы, паглыбляць свае веды, узрастаць інтэлектуальна і духоўна, каб было што перадаць людзям. Зараз, вяртаючыся думкамі ў семінарыйныя гады, разумею, што трэба было вучыць не толькі тое, чаго ад нас патрабавала праграма, але старацца ўзяць яшчэ больш, бо з поўным багажом ведаў ісці праз жыццё куды лягчэй. Тады здавалася, што пэўныя рэчы ніколі не спатрэбяцца, а ў выніку прыйшлося іх наганяць.
    Не толькі ў гэтым юбілейным годзе, але заўсёды памятаю ў малітве тых ксяндзоў, якія былі для мяне прыкладам – кс. Тадэвуша Крыштопіка, дзякуючы якому стаў міністрантам, пробашча кс. Юзафа Трубовіча, а таксама тых, хто дапамагаў падчас вучобы ў семінарыі – кс. Антонія Самілу, кс. Юзафа Багдзевіча. Вядома, малюся за бацькоў і за родных, якія адышлі па вечную ўзнагароду да Пана. Усе яны нават у самыя цяжкія моманты былі маёй апорай, дапамагалі і словам, і ўчынкам.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.