ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Хрыстос іх выбраў, аказваючы вялікую ласку (2)

З жыцця Касцёла

30 гадоў святарства. Кс. Ян ГавецкіЯ пачаў думаць пра святарства, калі меў 15 гадоў. У той час сустракаў няшчасных, скалечаных людзей. Ад іх выгляду сэрца сціскалася, і ў галаву прыйшла думка: калі б я быў святаром, мог бы ім дапамагчы. Потым стаў прыслужваць на св. Імшы ў кс. інфулата Міхала Арановіча ў гродзенскім пабернардынскім касцёле, таму што ў маім парафіяльным францысканскім касцёле камітэт забараняў прыслужваць, каб у ксяндза не забралі “спраўкі”.
    Потым я пайшоў у армію. Здарылася так, што служыў побач з касцёлам. Хадзіў праз плот у святыню, прыступаў да споведзі, удзельнічаў у св. Імшы, а ў маі хадзіў туды амаль кожны дзень замест вячэры. Мясцовы святар спачатку глядзеў на мяне вельмі здзіўлена, з падазрэннем:
    у тыя часы было неймаверна, што, знаходзячыся ў савецкай арміі, дзе панавала атмасфера ваяўнічага атэізму, салдат падчас звальнення не бадзяецца па горадзе, а ідзе ў касцёл, каб памаліцца. Неўзабаве ён пераканаўся, што са мной “усё ў парадку”, і ўжо не стараніўся.
    Адслужыўшы ў войску, я вярнуўся ў Гродна, знайшоў працу. Але працягваў кожны дзень хадзіць на св. Імшу. Любіў чытаць чытанні, спяваць псалмы. Памятаю, што часам прасіў калег, якія змянялі мяне на працы, прыйсці раней, і тады бег, каб паспець на св. Імшу.
Праз некаторы час у Гродна прыехалі святары з Літвы, у тым ліку пробашч, з якім я пазнаёміўся падчас службы ў арміі. Ён прапанаваў паехаць з ім у Літву. Я пагадзіўся. У выніку правёў там, у вёсцы, год. Вывучыў літоўскую мову і вырашыў, што паспрабую паступіць у семінарыю ў Каўнасе. Падаў дакументы і, на дзіва, быў адразу прыняты. Не ўсім было так проста: некаторыя паступалі толькі з 3-яй ці 4-ай спробы. Спачатку семінарысты прыглядаліся да мяне, глядзелі з недаверам, думалі, што я “чырвоны”, але потым убачылі мае добрыя намеры, і мы пасябравалі.
    30 гадоў таму, 27 мая 1990 года, у касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне я быў пасвечаны ў святары. Вельмі добра памятаю той дзень. Святыню перапаўнялі людзі, таму што гэта было незвычайнае свята – упершыню ў нашай краіне адбываліся святарскія пасвячэнні. Першы год я працаваў вікарыем у літоўскай парафіі. Потым вярнуўся ў Беларусь і быў пробашчам у Трабах.
    А з 1996 года і па сёння з’яўляюся пробашчам парафіі свсв. апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі.
    На працягу ўсіх гадоў сваёй святарскай пасугі я стараўся рэалізаваць словы, напісаныя на маім прыміцыйным абразку: “Пане, навучы мяне дапамагаць іншым, навучы несці крыж бліжніх”. Шмат сіл і часу прысвяціў таму, каб змяніліся да лепшага касцёл, парафія і ўсё наваколле, каб развівалася дабрачынная дзейнасць. Распачаў розныя ініцыятывы, між іншым, пілігрымкі, Дэканальны фестываль калядак, галоўная мэта якіх – набліжэнне людзей да Бога. Мне даводзіцца сустракаць людзей, якія па некалькі дзесяткаў гадоў не былі ў споведзі, якія нават не хочуць закранаць тэмы, звязаныя з верай. Тады я шукаю да іх асаблівы падыход, таму што цалкам усведамляю адказнасць за даручаных мне вернікаў. І няма большай радасці, чым іх навяртанне, калі бачу, што чалавек з’яднаўся з Хрыстом.
    Нават цяпер, у складанай эпідэміялагічнай сітуацыі, я стараюся не апускаць рукі: тэлефаную сваім парафіянам, размаўляю, прысутнічаю ў іх жыцці. Акрамя таго, стараюся, каб у гэты перыяд ніхто з вернікаў не застаўся духоўна занядбаны: разам з мясцовым тэлебачаннем мы арганізавалі трансляцыі св. Імшы, а таксама хутка ў мясцовай прэсе выйдзе мой артыкул пра тое, як годна ўдзельнічаць у св. Імшы праз радыё.
    Круглая гадавіна святарскага пасвячэння, як і любая іншая, – гэта добрая нагода, каб падзякаваць Богу за дар паклікання і атрыманыя ласкі, а таксама ў чарговы раз задумацца над сэнсам свайго служэння і папрасіць бласлаўлення на будучыню, каб магчы надалей выконваць задачы, даручаныя Усемагутным.
   
    З 1320 гадоў святарства. Кс. Павел Астукевіч-гадовага ўзросту я прыслужваў міністрантам у касцёле ў Ваўкавыску, назіраў за працай свайго пробашча кс. прэлата Антонія Філіпчыка. І ўжо ў 10-ым класе сярэдняй школы пачаў сур’ёзна задумвацца над выбарам свайго жыццёвага шляху. Вучыўся даволі добра і спачатку хацеў паспрабаваць паступіць ва ўніверсітэт у Мінск. Таго ж хацелі і мае бацькі, таму я грунтоўна рыхтаваўся да ўступных экзаменаў. Але калі маліўся перад абразом Маці Божай Вастрабрамскай, які вісеў над маім ложкам, і думаў пра сваё мінулае, пачаў заўважаць маленькія падказкі. І, нарэшце, прыйшоў да высновы, што паеду не ў Мінск, а ў Гродзенскую духоўную семінарыю. Спачатку я накіраваўся туды, каб сустрэцца са сваімі старэйшымі калегамі – Юрыем Федуком і Уладзімірам Гуляем, якія, як і я, спачатку былі міністрантамі, а потым сталі семінарыстамі. І, ужо будучы выпускніком, я канчаткова вырашыў здаваць экзамены ў семінарыю.
    Дзень, калі я прымаў святарскае пасвячэнне, заўсёды ўзгадваю з вялікім хваляваннем, таму што яго суправаджалі цудоўныя эмоцыі: здзейснілася мая мара стаць ксяндзом. Пазней я даведаўся ад таты, што бабуля шмат малілася аб святарскім пакліканні для яго – адзінага сына сярод трох дачок. І яе малітва не была страчана: ксяндзом стаў унук. Акрамя таго, сваё пасвячэнне з цеплынёй успамінаю з-за сустрэчы з многімі членамі сваёй сям’і, якія прыбылі на гэтую ўрачыстасць. Для мяне было вельмі кранальна, што нават сваякі, якіх я ніколі раней не бачыў, прыехалі і маліліся разам са мной. Шкада, што не захавалася відэа з гэтага дня, але маю шмат фатаграфій. Таму 3 чэрвеня, у чарговую гадавіну пасвячэння, заўсёды бяру гэты альбом, гляджу і з радасцю ўспамінаю той важны дзень.
    Падсумоўваючы гады сваёй паслугі, магу сказаць, што самае галоўнае, калі, дзякуючы размове са мной, чалавек пасля шматгадовай рэлігійнай абыякавасці зноў пачынае думаць пра сваю душу, пра веру, прыступае да сакрамантаў і навяртаецца. Заўсёды цешуся, калі людзі бачаць ува мне таго, хто шчыра верыць, і задумваюцца аб тым, што з’яднанне з Богам вельмі важнае, таму варта злучаць сваё жыццё з верай.
    Калі разважаю аб сутнасці святарскага і душпастырскага служэння, усведамляю, што салідарнасць з людзьмі – гэта самае галоўнае. Трэба іх любіць, паважаць, быць цярплівым, талерантным, даваць асабісты прыклад стараннасці і працавітасці. Трэба таксама мець шчырае жаданне суперажываць жыццю простага чалавека і быць са сваімі парафіянамі ў кожны момант іх жыцця – і сумны, і радасны, часам трагічны, а часам у хвіліну разгубленасці, а таксама дапамагаць выходзіць з розных жыццёвых сітуацый не толькі з верай, але і з годнасцю.
    Вельмі ўдзячны Богу за ўсіх людзей, якіх Ён паставіў на маім жыццёвым шляху. Перш за ўсё, успамінаю тых, хто прасіў мяне памаліцца за іх, а таксама тых, каму паабяцаў, што зраблю тое, што яны хацелі, каб было зроблена ў нашым касцёле ў Індуры. Такіх людзей няшмат. Яны ўжо адышлі ў вечнасць, але захаплення годна тое, што, усведамляючы сваё хуткае развітанне з гэтым светам, яны ўсё яшчэ думалі пра сваю святыню, парафію і хацелі, каб касцёл станавіўся яшчэ больш прыгожы. Стараюся рэалізаваць тое, чаго прагнулі тыя парафіяне. З вялікай удзячнасцю ўспамінаю таксама свайго дзядулю з боку маці і бабулю з боку бацькі. Дзядуля калісьці быў закрыстыянінам у касцёле ў Лунне. Ён даў мне найлепшы прыклад веры, навучыў першым малітвам на лацінскай мове. Бабуля служыла ў касцёле ў Крамяніцы. І калі я летась быў у гэтай парафіі на рэкалекцыях, мне было вельмі прыемна, што мясцовыя жыхары ўсё яшчэ памяталі яе і дзяліліся прыгожымі сведчаннямі пра яе стараннасць і веру.
    Кажучы пра планы на будучыню, хачу падкрэсліць, што я заўсёды стараюся развівацца ў розных напрамках: і прафесійна, і інтэлектуальна, і духоўна. У гэтым годзе прыкладваю вялікія намаганні, каб рэалізаваць праект новай аўтастаянкі побач са святыняй. Таксама жадаю, каб як мага хутчэй скончылася эпідэмія, і людзі зноў маглі прыходзіць у святыні і разам маліцца, як гэта было спрадвеку.
   
    Н10 гадоў святарства. Кс. Алег Канановічапэўна, кожнае святарства пачынаецца з сяброўства з Езусам. Так было і ў мяне.
    Магчыма, спачатку гэта адбывалася несвядома, быццам звычайная справа, а потым раптам заўважаеш, што цябе выбралі і паклікалі, каб паглыбіць гэтае сяброўства яшчэ больш…
    Я з дзяцінства хадзіў у касцёл, быў міністрантам, прымаў удзел у жыцці парафіі. І калі прыйшоў час выбраць, якім шляхам ісці, я, дзякуючы Божаму Провіду, пайшоў у семінарыю.
    І ўжо амаль 10 гадоў з’яўляюся ксяндзом. Вельмі рады, што маё жыццё склалася менавіта так. Вядома, былі розныя няўдачы, падзенні, сумненні, але я веру, што калі хтосьці пакліканы, то Бог дасць яму сваю ласку, каб мог выконваць Яго волю.
    Хрыстос сказаў, што прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб самому служыць. Таму я лічу, што сутнасцю святарскай і душпастырскай паслугі з’яўляецца менавіта служэнне. Вядома, учыненае з любоўю, клопатам і радасцю.
    Святар – гэта чалавек, які таксама мае людскія слабасці. Але калі ў яго ёсць звышнатуральная матывацыя, г. зн. не шукае чалавечага прызнання і не слухае гэты свет, то будзе верны да канца на абраным шляху. Я ведаю, што гэта проста словы, але стараюся жыць так, бо калісьці прыйдзецца адказваць перад Богам.
    Азіраючыся назад – хоць 10 гадоў і не такі доўгі прамежак, але ён мой – хочацца сказаць, што гэты час быў часам выплывання на глыбіню. Кожны малады чалавек мае мары, хоча заваяваць свет і шмат чаго дасягнуць. Ксёндз таксама. Я вучыўся пакоры і даверу. Была праца ў парафіях, была вучоба ва ўніверсітэце, сустрэчы з рознымі людзьмі і пры розных абставінах. Я шмат чаму навучыўся, ад чагосьці адмовіўся. Але надалей, як пісаў у сваёй заяве пры паступленні ў семінарыю, хачу весці людзей у Неба. Таму сам стараюся туды ісці. І ўсё яшчэ поўны запалу служыць Богу і людзям.
    Святарства – гэта дар і таямніца, і таму я заўсёды ўсведамляю, што быў бязмерна і незаслужана адораны. І такі дар абавязвае быць дарам для іншых. Я таксама хацеў бы яшчэ больш пазнаць таямніцу гэтай адоранасці, самога Бога, які паклікаў мяне. Таму малюся аб тым, каб добра выкарыстаць час і як мага больш зрабіць для абвяшчэння Евангелля.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.