ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Надзейны Праваднік

Слова рэдактара

 Святога Духа называюць самай загадкавай Асобай Найсвяцейшай Тройцы. У Старым Запавеце Яго апісваюць як “руах”, альбо подых, вецер. Святога Духа нельга ўбачыць, але Ён эфектыўна дзейнічае і змяняе рэчаіснасць вакол нас.
   Езус Хрыстус, адыходзячы з гэтага свету, не хацеў пакідаць людзей сіротамі. Сказаў, што, нягледзячы на свой адыход, пасылае Святога Духа, каб суцешыў нас, растлумачыў праўду пра Яго і Айца і зрабіў здольнымі выканаць сваё пакліканне. Святы Дух з’яўляецца, перш за ўсё, Правадніком, таму што дае нам святло і праніклівасць пры прыняцці важных рашэнняў.
Падказвае, што павінны рабіць і ў якім кірунку ісці. Дзякуючы Яго падтрымцы можам маліцца і адчуваць унутраную радасць і супакой, нават калі раней былі поўныя клопатаў пра паўсядзённыя справы і жыццёвыя рашэнні.
    Кожны сутыкаецца з рознымі цяжкасцямі і няўпэўненасцю ў заўтрашнім дні, але Святы Дух заўсёды нам дапамагае і ўказвае добры, правільны напрамак. Часта даведваемся пра Яго моц толькі праз некаторы час, але можам таксама штодня адчуваць Яго “ўмяшанне” ў наша жыццё. Распазнанне Святога Духа палягчае вячэрні роздум пра мінулы дзень, калі задумваемся, як і дзе Ён дапамог нам. Аднак часцей за ўсё патрабуецца час, каб заўважыць Яго падтрымку ў сваёй штодзённасці.
    Святы Дух найлепш распазнаецца па добрых пладах Яго дзеяння. Часам гэта суцяшэнне ў часы сумненняў. Іншым разам хтосьці з’яўляецца з ніадкуль і працягвае руку дапамогі. Можам заўважыць, што Святы Дух “падсоўвае” нам розныя думкі, якія часта спачатку не разумеем. Але затым з’яўляецца хтосьці, хто тлумачыць іх ці садзейнічае ў рэалізацыі планаў, якія змяняюць наша жыццё да лепшага і набліжаюць да Бога.
    Гэта Святы Дух вядзе да Крыніцы Жыцця. Без Яго не можам нічога зрабіць. Ён распальвае нашы сэрцы жаданнем быць побач з Богам і дае мужнасць, каб накіроўвацца за Ім. Ён дае сілы, каб сведчыць пра Хрыста сярод знаёмых і сяброў, а таксама суцішае эмоцыі пры выкананні адказных заданняў. Акрамя таго, дапамагае пазбавіцца ад ілюзій адносна сябе і іншых людзей. Дае пакору, без якой было б цяжка ісці далей па жыцці.
   
    Дарагія Чытачы!
   Перажываючы чарговую Пяцідзесятніцу, давайце запросім Святога Духа стаць нашым жыццёвым Правадніком. Просьма Яго, асабліва ў гэты цяжкі час пандэміі каранавіруса, каб дыхнуў на ўвесь свет сваім пяшчотным цяплом супакою і асвяжальным падбадзёрваннем надзеі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.