ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Калі Святы Дух у дзеянні

З жыцця Касцёла

Яшчэ некалькі гадоў таму гродзенская парафія Святога Духа ў мікрараёне Альшанка налічвала каля 600 вернікаў ды бязмежнае поле, дзе ксёндз пробашч удзяляў прагнучым Цела Хрыста. Сёлета, у 5-гадовы юбілей асвячэння зямлі пад будаўніцтва касцёла, парафія налічвае ўжо 5 тысяч вернікаў. Паступова “растуць” сцены, каб пераўтварыцца ў магутную святыню.
“Прапусціце бабцю!”, або кожны ў адказе за сваю парафію
    “Момант, калі кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч акрапіў месца, дзе нам наканавана збірацца пад адным дахам дзеля супольнай малітвы, стаў адным з самых кранальных хвілін для парафіян, – дзеліцца Крысціна Лісай, адна з першых мясцовых парафіянак. – У пэўным сэнсе гэта стала для ўсіх нас неверагоднай падзеяй, бо дагэтуль шматлікія спробы атрымаць зямлю заканчваліся паразай. Улады каментавалі адмовы па-рознаму: то вакол шмат святынь, то мясцовыя жыхары супраць, каб побач будавалі касцёл”.
ТБіскуп Аляксандр Кашкевіч асвячае крыж і зямлю пад будаўніцтва касцёлааму доўгі час вернікі цешыліся толькі капліцай, якую ўласнаручна і ўзвялі. “Мужчыны прывезлі жалезныя бэлькі: чысцілі іх і фарбавалі. Маладыя мамы і сталыя жанчыны займаліся дошкамі: пакрывалі лакам, пераварочвалі, каб прасушыць, збівалі, – распавядае спадарыня Крысціна. – У падобныя моманты заўсёды ўзгадваю словы нашага пробашча, што Касцёл – гэта, перш за ўсё, людзі”.
    Сапраўды, зважаючы на лёс парафіі на Альшанцы, бачыш, якую вялікую ролю адыгралі канкрэтныя ўчынкі пэўных людзей. Уладзіслава Пашэнка, адна са старэйшых мясцовых верніц, хаваючы ўсмешку, распавядае пра сустрэчу з былым прэм’ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам, якая стала вызначальнай для будучыні парафіі. Высокі госць прыбыў у Гродна ў 2014 годзе, каб прыняць удзел ва ўрачыстым адкрыцці школы ў тутэйшым мікрараёне.
    Даведаўшыся, што да нас едзе прэм’ер-міністр, я вырашыла: трэба ісці прасіць дазволу на зямлю пад касцёл. Нарвала ў гародзе кветак, узяла абразок Маці Божай і вырушыла ў школу. Прыйшла на месца, а там увесь мікрараён сабраўся: мяне за людзьмі ані відаць, ані чуваць, – узгадвае спадарыня Уладзіслава. – Мясніковіч тым часам ужо агледзеў покоі будынка і выйшаў да людзей, што чакалі ў вестыбюлі. Раптам хтосьці заўважыў мяне з букетам і прамовіў: «Прапусціце бабцю!». Прысутныя расступіліся, я падышла да госця, прывіталася, выказала сваю просьбу і працягнула абразок з букетам. Ён прыняў кветкі, хоць тыя і звялі, пакуль чакала, і пацалаваў выяву Найсвяцейшай Панны Марыі, паабяцаўшы выканаць маю просьбу”.
    Праз месяц вернікі з парафіі на Альшанцы атрымалі зямлю для ўзвядзення святыні. Маці Божая, што чувала са згаданага абразка, насіла тытул Нястомнай Дапамогі…
   
    Чарговы цуд
    Мясцовыя вернікі могуць ганарыцца яшчэ адной “марыйнай” гісторыяй.
    Пробашч парафіі кс. канонік Павел Салабуда ўзгадвае, як да іх трапіў старадаўні абраз Маці Божай. Пэўны час таму, нечакана для самога сябе, святар вырашыў наведацца да вядомага гродзенскага рэстаўратара Уладзіміра Кіслага, які займаецца аднаўленнем твораў сакральнага мастацтва.
    “Мой візіт аказаўся шчаслівым. Майстар падзяліўся, як знаёмы ксёндз прынёс яму ў мяшку набор бляшак, што знайшоў на гарышчы святыні. Рэстаўратар, расклаўшы перад сабой часціцы з каштоўнага металу, зірнуў на іх вопытным вокам і зразумеў – перад ім сілуэт Маці Божай Чанстахоўскай. А з адваротнага боку бляшак пазначалася – XVI стагоддзе, – дзеліцца кс. Павел. – Калі аднаўленне абраза было завершана, знайшоўся і пакупнік. Таму неўзабаве абраз павінен быў апынуцца ў прыватным валоданні. Я спахапіўся і спытаўся, ці не згодзіцца майстар прадаць абраз мне, каб той заняў месца ў святыні. Спадар Уладзімір, разважыўшы, што абразу з такой гісторыяй варта знаходзіцца ў касцёле, пагадзіўся і прадаў мне яго за значна меншую суму”. Такім чынам выява Маці Божай з эпохі Рэнесансу размясцілася ў альшанскай капліцы ў чаканні свайго месца ў будучым касцёле.
   
    Няма лепшага апекуна, чым Святы Дух
   Пробашч маладой і энергічнай парафіі кс. канонік Павел Салабуда Кс. Павел адзначае, што яго парафія “дыхае Святым Духам”. За 8 гадоў існавання мясцовай супольнасці святар упэўніўся ў багатых і разнастайных Яго дарах. “Самыя важныя здзяйсненні – духоўныя. Для мяне самае вялікае значэнне мае колькасць свядомых вернікаў, якая няспынна расце. Штогод у парафіі ўдзяляецца больш за паўтары сотні сакрамантаў хросту. Столькі ж дзяцей прыступае да Першай св. Камуніі. Кожны тыдзень у катэхезе ўдзельнічае 600 маленькіх вернікаў, з якіх амаль 100 – міністранты, – распавядае кс. Павел. – Асаблівае бласлаўленне – прысутнасць у парафіі сясцёр ядзвіжанак і актыўных вернікаў, якія клапоцяцца пра ўсю супольнасць. Зразумела, у маладой парафіі трэба ўсё пачынаць з нуля, але дзякуючы сумесным намаганням ужо арганізаваны ўсе магчымыя заняткі для дзяцей, хор, моладзевы музычны гурт, ружанцовае кола і кола адарацыі. Маем удзельніц супольнасці «Маргарытка» і ўдзельнікаў руху «Мужчыны св. Юзафа», валанцёраў і студэнтаў катэхетычнага каледжа. Зладзілі нават адмысловую пілігрымку Альшанка – Адэльск”.
    Спадарыня Крысціна дадае, што вернікі актыўна праяўляюць сябе з першага дня ўзнікнення парафіі: раней захоўвалі ў сваіх дамах і клапаціліся пра ўсе літургічныя прадметы, цяпер дбаюць пра наяўнасць кампазіцый з кветак каля алтара, сочаць за чысцінёй у святыні. Сама жанчына дагэтуль трымае на гарышчы сваёй хаты ўласнаручна зробленыя святочныя дэкарацыі: “І на Раство ёсць, і на Вялікдзень”. Яна ж падрыхтавала для парафіян лекцыянарый на беларускай мове. “Здаецца, стамлюся пасля працы, адслужыўшы ад 6-ай гадзіны раніцы і да 4-ай апоўдні, але ногі ўсё роўна ў святыню нясуць, а дакладней – душа туды імкнецца”, – прызнаецца парафіянка. Калі спадарыня Крысціна – адна з тых, хто бярэ на сябе арганізацыйныя справы, то спадарыня Уладзіслава чувае над малітвай у парафіі. Бабуля штодня прыходзіць у капліцу загадзя, каб да пачатку св. Імшы паспець агучыць усе неабходныя інтэнцыі: “За Святога Айца, за пробашча, за будову касцёла і за ўсе святыні, за пакліканні да святарства і святасць у сем’ях”. Малітоўныя намеры спадарыня Уладзіслава складае сама. Яны льюцца па капліцы, паўтараемыя той паўсотняй вернікаў, якія абавязкова прысутнічаюць на набажэнствах у звычайныя дні.
    Пра актыўнае ўключэнне ў жыццё парафіі моладзі распавядае міністрант Валерый Руселевіч. Хлопец служыць пры алтары на працягу апошніх некалькіх гадоў і дапамагае ў падрыхтоўцы літургіі падчас вялікіх урачыстасцей. “Акрамя гэтага люблю ўпрыгожваць нядзельнае набажэнства – іграю на гітары падчас св. Імшы. Дарэчы, з кола маладых музыкантаў і спевакоў быў арганізаваны парафіяльны гурт «Bonum» (з лац. «дабро» – заўв. аўт.). Да напісання ўласных песень справа яшчэ не дайшла, але кожную нядзелю моладзь ладзіць спеў падчас св. Імшы. На мой погляд, гэта вельмі добрая практыка, бо дапамагае маладым вернікам адчуваць адказнасць за тое, што адбываецца падчас службы”, – падкрэслівае Валерый.
    Падсумоўваючы, кс. Павел дадае, што парафія мае яшчэ шмат планаў: “І найважнейшы з іх – прывесці людзей да Бога і паказаць, што Ён іх бясконца любіць”.
   
    Знайсці сям’ю ў супольнасці мясцовага Касцёла
    СпПарафіянка Уладзіслава Пашэнка падчас сустрэчы з былым прэм’ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам Фота: TUT.BYадарыня Крысціна адзначае, што паверыць у любоў Госпада лёгка, бо парафія ёю жыве. “Нашых манахінь ніколі не ўбачыш без усмешкі. Ксёндз вікарый – бязмежна добры. Ксёндз пробашч заўсёды захапляе цікавымі казаннямі: звернецца да нас і з жартам, і сур’ёзна. Няма такога, каб вернікі адучавалі страх перад духавенствам – адносіны адкрытыя, сяброўскія”, – адзначае жанчына.
    Парафіянка дадае, што стаўленне святароў і сясцёр да вернікаў можна акрэсліць адным словам – “клопат”. “Манахіні заўсёды дбаюць пра тое, як лепш арганізаваць вольны час дзяцей: то на флэшмоб у гандлёвы цэнтр павязуць, то ўдзельнічаць у конкурсе ў суседняй парафіі. Вікарый таксама поўніцца ідэямі, як пацешыць малодшых вернікаў: шпацыры, выезды, катанне на веласіпедах, а зімой – на санях. Або запасуцца ежай – і ў паход у лес. А там і св. Імшу на імправізаваным алтары праводзяць – перавернутай лодцы, – распавядае з усмешкай жанчына. – У адказ мы молімся за нашых святароў і сясцёр. Ці ж не гэта выраз узаемнага клопату пра іх?”.
    Разам з тым, Валерый прызнаецца, што раней удзел у іншых рэлігійных практыках, акрамя нядзельнай св. Імшы, быў для яго ў навіну. “Актыўная духоўная штодзённасць стала часткай майго жыцця дзякуючы штуршку мясцовага духавенства. Аднойчы я прыйшоў на прапанаваную для моладзі сустрэчу – разважанне над Божым словам – і зачасціў. Паступова стала далучацца ўсё больш хлопцаў і дзяўчат, – распавядае юнак. – Мне цікава бавіць час з парафіянамі, якія сталі для мяне другой сям’ёй. Раней не адчуваў, але цяпер разумею, колькі ўжо маю каштоўных успамінаў, звязаных з Касцёлам. Цяпер гэта частка мяне і, спадзяюся, так будзе далей”.
    Зразумела, увесь настрой і лад парафіі задаецца тым, хто стаіць на чале. Кс. Павел прызнаецца, што нягледзячы на тое, што яму далёка да “святога пробашча”, згодна са сваім сумленнем, імкнецца да гэтай мэты. “Я люблю Касцёл і кожнага чалавека, які ўвасабляе жывы Касцёл. Прыслухоўваючыся да голаса Святога Духа, мы стараемся як мага лепш служыць нашым парафіянам. І я кажу гэта ад імя ўсіх святароў і кансэкраваных асоб з нашай супольнасці. Варта зрабіць для вернікаў касцёл сапраўдным домам, дзе яны будуць адчуваць сябе ўтульна. І тады ўсё немагчымае стане магчымым”, – упэўнены пробашч.
   
    31 мая Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Спаслання Святога Духа.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.