ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Збаучая моц Найсвяцейшай Крывi Езуса Хрыста (2)

На шляху да святасці

Дзеля свабоды вызваліў вас Хрыстос.
    Таму трывайце і не паддавайцеся ярму няволі!” (Гал 5, 1)
ПЕРАМОГА
   НАД Д’ЯБЛАМ

    Д’ябал, якi быў скiнуты на зямлю разам са сваiмi анёламi (параўн. Ап 12, 9), вякамі вядзе зацятую барацьбу за валоданне душой кожнага чалавека. Пякельныя панаванні, улады, гаспадары цемры, нябесныя духi злосцi (параўн. Эф 6, 12) у першую чаргу атакуюць веру i волю чалавека, таму што старадаўні цмок дасканала ведае, што не мае нiякай улады над асобай i нiчога не можа зрабiць таму, хто застаецца верны Богу i хоча Яму добраахвотна служыць.
    Менавiта дзеля таго, каб схапіць чалавека ў пастку i перацягнуць на ўласны бок, нячысты дух выкарыстоўвае сваю надзейную зброю: падман, фальшывае абвiнавачванне i “муцiць ваду”. Чым больш бруду вылье, тым большая магчымасць давясцi чалавека да сумненняў i роспачы. Мэтай заўсёды з’яўляецца развязванне сярод людзей буры эмоцый, сумненняў, нявер’я ва ўласную годнасць, чысцiню намераў iншага чалавека і нават самога Бога.
Перад аблiччам паклёпа i няпраўды ўзнікае верагоднасць таго, што ўспрыманне асобай рэальнасці сказіцца і зменіцца ў горшы бок. Тады ў людскім сэрцы могуць узнікаць раны, боль, неспакой, страх, недавер, гнеў, прыгнёт, дэпрэсія і ўсялякія крыўды і недавер. У вынiку гэтага воля чалавека слабне, а сам ён робiцца няўстойлiвы i можа з лёгкасцю добраахвотна ўпасцi ў духоўную цемру, грэх нянавiсцi да iншага чалавека i сетку непрабачэння.
    У такiх выпадках вельмi важна мець цвёрдую веру i веды аб моцы дзеяння Крывi Ягняцi, каб не паддацца варожым інтрыгам i не спалохацца буры.
    Д’ябал дасканала ведае аб сваім паражэннi праз Крыж Збаўлення, аднак заўсёды спрабуе пашырыць сваё замяшанне і маніпуліраваць да таго часу, пакуль мае на гэта дазвол з-за адсутнасці супраціўлення з боку чалавека. Часта Божы люд трапляе ў збянтэжанасць i варожую пастку з-за недахопу веры i ведаў (параўн. Ос 4, 6; Ic 5, 13) аб тым, што патрэбна рабiць ў падобным выпадку. Як на моры падчас буры Езус запытаў вучняў: “Дзе ваша вера?”, – так i кожны з нас павiнен рашуча запытаць сябе: “Дзе мая вера?”. Цi спалохаюся я навальнiцы, хаосу, здрады, хлуснi, непаразумення, нянавісцi i iншых д’ябальскiх выкрутаў? Або захаваю непахісны спакой, ясную свядомасць, упэўненасць і буду трымаць цвёрдую пазiцыю перамогi ў веры: “Я трываю ў Езусе, а Езус – ува мне! Кроў Езуса ўжо перамагла цябе, д’ябал, таму нiчога не можаш мне зрабiць”? Божае слова дае нам дакладную параду: “Таму пакарыцеся Богу, а супраціўляйцеся д’яблу, і ён уцячэ ад вас” (Як 4, 7).
    Калi нячысты дух спрабуе атакаваць чалавека словам хлуснi, то хрысцiянiн павiнен словам веры наносіць зваротныя прыцэльныя ўдары князю цемры. Акрамя таго, належыць “акунаць” праблемныя адносiны з iншымi людзьмi ў Кроў Езуса, таму што яна асляпляе д’ябла, і той губляе арыентацыю і перастае бачыць сваю мэту. Кроў Збаўлення дзейнiчае быццам магутная атамная зброя супраць планаў дэманаў, разбiвае ўсялякую сцяну варожасцi i непаразумення, таму моцы цемры не маюць нiякiх шансаў, калi мы пачынаем праслаўляць здзейсненае на Кальварыi.
    Сапраўды барацьба за душу кожнага чалавека ўжо скончана перамогай Езуса на крыжы. Застаецца толькi прыняць гэты факт, паверыць сэрцам i вуснамi абвясціць перамогу Яго Крывi ў сваёй свядомасцi i ўласным жыццi, i трываць у гэтай праўдзе. Святое Пiсанне выразна гаворыць: “Ён сцёр запіс нашых даўгоў, які быў супраць нас, і скасаваў яго, прыбіўшы да крыжа. Раззброіў панаванні і ўлады, выставіў іх напаказ, трыумфальна перамогшы іх у Хрысце” (Кал 2, 14–15).
    Трываючы ў Езусе, мы атрымлiваем такую ж сiлу пазбаўляцца ад усякiх нябачных ворагаў на жыццёвым шляху, яснае, незамутненае разуменне варожых манiпуляцый, а праз Святога Духа – адвагу i моц, каб выявiць любы падман i выставiць яго на пасмешышча. Калi з падзякай асабicта сведчым: “Крывёю Ягняцi я ачышчаны, асвечаны, апраўданы, абмыты ад усякага бруду, адноўлены і вырваны з рукi д’ябла”, – духоўна пераносімся з царства цемры ў Царства Жывога Бога і разам з Езусам сядаем праваруч на Нябёсах, вышэй за ўсялякае княжанне і ўладу, і сілу, і панаванне (параўн. Эф 1, 20–21).

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.