ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Хрыстос іх выбраў, аказваючы вялікую ласку (1)

З жыцця Касцёла

Многія святары з Гродзенскай дыяцэзіі ў 2020 годзе адзначаюць круглую гадавіну святарскіх пасвячэнняў.
    Святкуючы малыя ці вялікія юбілеі, яны ўсё больш усведамляюць, што тое, што атрымалі ад Бога, з гадамі становіцца вялікім абавязкам працы і самаадданасці.
    У сённяшнім нумары газеты “Слова Жыцця” святары-юбіляры распавядаюць пра пачаткі святарства, падсумоўваючы гады свайго служэння, а таксама пра малітоўныя інтэнцыі, якія носяць у сваім сэрцы ў гэты асаблівы для іх час.
Кс. канонік Юзаф Ганчыц - 25 гадоў святарстваЗакранаючы тэму паклікання, гледзячы на гэта з перспектывы пражытых гадоў, я бачу, што Бог у сваім Провідзе меў план. У свой час Ён паслаў на маю дарогу светлай памяці кс. каноніка Уладзіслава Мяшчанскага і праз яго сэрца, вусны і прыклад жыцця прамовіў і заахвоціў мяне пайсці шляхам святарства. Я не мог пярэчыць тады яго словам: “Паспрабуй”.
    У чым сутнасць святарскай паслугі? На маю думку, перш за ўсё, у знаходжанні з людзьмі. Трэба любіць прысвячаць свой час іншаму чалавеку. Таксама гэта нястомныя малітвы, таму што святар – “муж малітвы”. А самае галоўнае ў малітве – слухаць, каб з даверам дазваляць Богу, які паклікаў, дзейнічаць і рабіць тое, чаго Ён хоча: “Слухай...” – і “будзеш...”.
Падсумоўваючы гады сваёй паслугі, магу сказаць, што я шчаслівы, паколькі Пан у сваёй вялікай любові дазволіў мне ў Яго гонар пабудаваць святыню. І бачную, і духоўную, над якой увесь час трэба працаваць. Як можна не дзякаваць Богу за тых людзей, якіх Ён паставіў і да гэтага часу ставіць на маім святарскім шляху, за парафіян, за тое, што адбываецца ў жыцці супольнасці, за сем’і, дзяцей, пажылых асоб і за тых, з кім супрацоўнічаю – святароў, манахінь…
    У гэтым юбілейным годзе я асаблівым чынам малюся аб тым, каб даваць людзям Слова жыцця – Езуса, каб як мага больш сэрцаў было адкрыта для збаўлення. Штодня дзякую Богу за тое, што дазваляе бачыць і любавацца Яго любоўю ў кожнай жыццёвай сітуацыі.
   
    ГаваКс. Ян Сарэла - 20 гадоў святарстварыць пра пакліканне – складаная справа, бо няпроста зразумець, чым сапраўды з’яўляецца пакліканне: у кожнага свой шлях. Разважаючы пра ўласнае святарства, вяртаюся думкамі ў дзяцінства – пачатак быў там. Я рос у атмасферы жывой веры ў Бога. Гэта была простая і дынамічная вера людзей, якія жылі побач, ахвярная адданасць Богу і Касцёлу вернікаў з роднай мясцовасці і парафіі. Цяпер я цаню тое і вельмі ім удзячны.
    Нічога надзвычайнага са мной не адбылося, ніхто мне не сказаў: “Ідзі ў семінарыю”. Не меў прыватных “аб’яўленняў”, не складваў ніякіх прысяг Богу. Але аднойчы пачаў чуць унутры сябе голас. Мы называем гэта голасам сумлення, бо Бог размаўляе з намі менавіта праз сумленне. Той голас, які я чуў, з’яўляецца “таямніцай” майго паклікання… Выбірае Бог! Гэта Яго ініцыятыва і воля. А для мяне назаўсёды застанецца загадкай, чаму абраў менавіта мяне.
    Калі гаварыць пра сутнасць святарскай службы, я нічога новага не распавяду. Святарства не з’яўляецца працай у касцёльных установах, але крочаннем за Хрыстом, каб кожны дзень адказваць Богу “так”. Святарства – гэта служэнне вернікам, якіх неабходна прымаць такімі, якія яны ёсць, а не такімі, якімі хтосьці хацеў бы, каб былі. Трэба моцна любіць Касцёл, прысвячаць службе Богу і людзям усё жыццё, таму што святары атрымліваюць пасвячэнні не для сябе, а для таго, каб служыць іншым.
    Святар – духоўны айцец. І гэтае бацькоўства заключаецца ў тым, каб браць на сябе адказнасць за іншых людзей, весці іх, клапаціцца і абараняць ад небяспек па прыкладзе Хрыста, Добрага Пастыра. Пакліканы да святарства адначасова пакліканы да духоўнага бацькоўства. Такія якасці, як зычлівасць, устойлівасць духу, эмацыянальная стабільнасць, асабістая культура, не з’яўляюцца нейкім недасяжным ідэалам.
    Святарскае жыццё – гэта жыццё, арыентаванае на Езуса. Для мяне вельмі красамоўнымі з’яўляюцца словы св. Яна Хрысціцеля: “Яму трэба ўзрастаць, а мне станавіцца меншым” (Ян 3, 30). Калісьці я атрымаў віншавальную паштоўку, не памятаю, з якой нагоды, дзе было напісана, каб быў святым ксяндзом. Гэта адна з самых складаных і важных задач у жыцці кожнага святара. Св. Ян Златавуст сказаў: “Святар павінен мець душу больш чыстую, чым сонечныя прамяні”. Да гэтага трэба імкнуцца.
    У чым радасць майго святарства? Складанае пытанне. У тым, што я святар, інструмент у руках Бога, і што Ён усё яшчэ на мяне разлічвае. З узростам прыходзіць думка, што чалавек не дарастае да святарства, але суцяшаюць словы: “Усё магу ў Тым, хто мяне ўзмацняе” (Флп 4, 13).
    У гэтым годзе я прашу Бога, каб не дазволіў мне паддацца спакусе страху. “Божа, крызіс!”. Крызіс пакліканняў, памяншэнне колькасці практыкуючых, крызіс аўтарытэту, лібералізм і г. д. Прагну зрабіць рахунак сумлення і папрасіць Бога, каб Яго воля здзейснілася ў маім жыцці, каб я быў шчаслівы ў святарстве і быў чалавекам надзеі. Малюся, каб Валадарства Хрыста распаўсюджвалася па свеце і ў нашай краіне, каб мы не перашкаджалі Усемагутнаму выконваць Яго волю на зямлі, каб кожны паводле свайго стану быў супрацоўнікам Бога і будаўніком Яго Валадарства.
   
    СёКс. Уладзіслаў Сурвіла - 10 гадоў святарствання, гаворачы пра сваё пакліканне, разумею, што яно прыйшло не адразу. Маючы перад вачыма прыклады розных святароў, пазнаючы іх жыццё, мне таксама хацелася служыць іншым, дапамагаць людзям сустрэцца з Божай любоўю.
    Узгадваючы пачатак свайго служэння, дзякую Усемагутнаму, што на першай парафіі, гледзячы на старэйшых ксяндзоў, якія былі побач, меў магчымасць пазнаваць, якім павінен быць сапраўдны святар. Разумею цяпер, наколькі неабходна штодзённая малітва, асабліва Ружанец і разважанне Божага слова, хоць часам гэта і нялёгка. Без гэтага не вытрымаць у святарстве.
    Кожны год я пазнаю тое, што напаўняе жыццё: адчуваю, што Бог любіць мяне, і імкнуся адказаць на Яго любоў. Дзялюся гэтым з іншымі, стараюся быць адкрытым для кожнага чалавека. Дзякую Богу за сваё пакліканне і прашу ў малітве, каб збаўляючыся, весці іншых да збаўлення.
   
    Працяг у наступным нумары

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.