ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

З чалавекам да апошняга

З жыцця Касцёла

На 47-ым годзе жыцця адышоў у вечнасць кс. канонік Алег Дуль, пробашч парафіі св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску. Святар памёр у плябаніі ў перадапошнюю пятніцу Вялікага посту акурат у той час, калі мясцовыя вернікі адпраўлялі ў касцёле набажэнства Крыжовага шляху.
Я пайду!
    Кс. Алег нарадзіўся ў 1973 годзе ў в. Падгалішкі, якая належыць да парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Забалаці (дэканат Радунь). Будучы юнаком цвёрда вырашыў стаць святаром.
    “Кс. Алега я ведаў са школы, таму што паходзім з той самай парафіі, – узгадвае кс. кан. Ян Кучынскі. – Памятаю, як ксёндз пробашч вясной 1991 года паехаў асвячаць прыдарожны крыж у Падгалішках, роднай вёсцы кс. Алега. Пасля асвячэння сказаў, што цяпер настала рэлігійная свабода і што ў Гродне ёсць духоўная семінарыя: можа, хтосьці з моладзі пайшоў бы туды вучыцца. Тады Алег зрабіў крок уперад і сказаў: «Я пайду». На наступны дзень прыйшоў у касцёл, каб служыць на Імшы. Так распачалося наша сяброўства…
З таго часу ён кожную нядзелю прыязджаў веласіпедам ці прыходзіў пеша 6 кіламетраў да Забалаці. Быў хлопцам простым, але непахісным у сваіх пастановах”.
    У семінарыі ў кс. Алега пачаліся праблемы з горлам. Доўга лячыўся. Штодзённа мусіў уставаць раней за ўсіх, каб зрабіць неабходныя працэдуры і магчы днём размаўляць. Урачы не давалі шансаў, сцвярджалі, што страціць голас. Было цяжка, але здолеў выкладвацца на ўсе 100%.
    У 1997 годзе скончыў Гродзенскую ВДС. У 1999 годзе атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук біскупа Аляксандра Кашкевіча. Вельмі цешыўся абраным шляхам, тым, што стаў на дарогу святарства.
   
    Не шкадаваў сябе
    Кс. Алег распачаў служэнне вікарыем у сваёй роднай парафіі ў Забалаці. Адначасова абслугоўваў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Начы, Божай Міласэрнасці ў Доцішках і св. Юрыя ў Асаве. З 2000 года нёс паслугу ў якасці пробашча ў парафіі ў Начы.
    У 2007 годзе быў прызначаны пробашчам парафіі св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску і дэканам Ваўкавыскага дэканата.
    “Памятаю, як прыехалі ў Ваўкавыск, каб паглядзець на праблемную будоўлю касцёла. Скажу шчыра, я быў у шоку ад таго, што ўбачыў, – распавядае кс. Ян Кучынскі. – А кс. Алег хадзіў вакол, прыглядаўся і нарэшце сказаў, што гатовы ўзяцца і скончыць будаўніцтва. Мяне ўразіў яго энтузіязм: вочы ззялі ад жадання працаваць”. Святару даводзілася няпроста. Ездзіў трактарам па лясах, збіраў металалом, прадаваў, а выручаныя сродкі аддаваў на будаўніцтва святыні. Не шкадаваў ні здароўя, ні сіл. Быў вельмі ўпарты і адказны ў дасягненні пастаўленых задач.
    У справу ўзвядзення касцёла з запалам уключыліся многія вернікі. Дапамагала моладзь і нават дзеці, якім давяралі простыя работы. “Усе былі заняты працай. Хто што ўмеў, тое і рабіў. Кс. Алег заўсёды ўмела размяркоўваў абавязкі. Але і сам не заставаўся ў цені – таксама працаваў плячо ў плячо з парафіянамі і тымі з нас, хто прыязджаў з другой парафіі на дапамогу”, – успамінае Аліна Пяценка.
    “Ужо цяпер, гледзячы на яго кароткае жыццё і аналізуючы ўсю гісторыю, выглядае так, быццам ён быў спецыяльна пакліканы да гэтай місіі. Скончыў яе і быў забраны Богам”, – разважае кс. Ян.
   
    Чалавек малітвы
    Кс. Алег быў тым, хто не баяўся браць крыж і ісці за Хрыстом. “Ён аддана будаваў касцёл з цэглы і з сэрцаў вернікаў. Хацеў, каб у Ваўкавыску паўстала яшчэ адна святыня, – гаворыць кс. Павел Звяжынскі. – Быў добрым калегам. Заўсёды ахвотна падмяняў святароў-суседзяў. Цешыўся, калі людзі гарнуліся да Бога”.
    Падчас кананічнай візітацыі ў парафіі, 2018 г.Душпастыр імкнуўся данесці Евангелле да як мага большай колькасці людзей. Арганізоўваў для парафіян (а таксама для ўсіх жадаючых дыяцэзіян) пілігрымкі па святых месцах. Калі для кагосьці кошт быў непасільным, святар прапанаваў ехаць “у растэрміноўку”: рэшту аддаць, калі будзе магчымасць. Такім чынам, многія вернікі пабывалі там, дзе маглі толькі марыць.
    У дарозе заўсёды гучала малітва. Святар стараўся штодзень адправіць св. Імшу для пілігрымаў. Як прызнаюцца самі вернікі, шмат хто з іх падчас паездак наблізіўся да Бога, паглыбіў сваю веру.
    Кс. Алег часта маліўся Ружанцам. Як штосьці не ўдавалася, гаварыў, што “Маці Божая ўсё паставіць на месца”. Так і было. “Ён і дзяцей вучыў шанаваць ружанцовую малітву, – распавядае Жана Абрамчук. – Заахвочваў іх штодня прыносіць у дар для Марыі 10 прыгожых руж. Пасля бацькі тэлефанавалі ксяндзу і пыталі: куды трэба прынесці гэтыя ружы. Ксёндз смяяўся і гаварыў, што мае на ўвазе адзін дзесятак ружанца… Ён быў вельмі просты і цудоўны, Божы чалавек”.
   
    Чужое няшчасце – маё няшчасце
    Парафіяне адзначаюць, што іх пробашч быў добрым, сціплым, уважлівым. З ім прыемна і лёгка было размаўляць. Святар валодаў унутраным спакоем, які перадаваўся кожнаму, хто меў з ім справу. Быў сардэчным, чулым і спагадлівым да людзей.
    “Больш за 8 гадоў таму цяжка захварэла мая гадавалая дачка, – распавядае Іна Каплінская. – Не дапамагаў ніводзін антыбіётык. Ставілі кропельніцы, каб хоць на некаторы час збіць высокую тэмпературу. З кожным днём дачцэ станавілася ўсё горш. Дзіця згасала на вачах… І аднойчы мая мама падзялілася гэтым болем з кс. Алегам, які набываў у яе на рынку садавіну. Святар аператыўна адрэагаваў і паспрыяў таму, каб нас з дачкой прынялі ў сталічнай бальніцы. Далей усё склалася так, што пайшлі на папраўку і выздаравелі. Цудам! Урачы калолі дарагое лякарства, лішак якога заставаўся ад другога пацыента... Я разумею, што гэта Божы Провід паставіў на нашым шляху кс. Алега. Каб не ён, нават страшна падумаць, чым усё магло скончыцца”.
    Святар кожнаму намагаўся дапамагчы, як мог. І словам, і справай. Не абмяжоўваўся спачувальным “Мне шкада… Трымайся!”, а шукаў канкрэтныя шляхі вырашэння праблемы. Адкрыты на чалавечыя цяжкасці, нераўнадушны да чужых няшчасцяў. Быў блізкі народу, нікога не адштурхоўваў… А ці не такім павінен быць душпастыр, якога сёння патрабуе чалавек? Ці не такога сябра кожны хацеў бы мець?
    Дзякуй, Божа, за слаўнага сына! Адары яго вечным шчасцем у Небе.
    Кс. кан. Алег Дуль памёр 3 красавіка. Пахаваны ля парафіяльнага касцёла, узвядзенню якога прысвяціў апошнія 13 гадоў свайго жыцця.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.