ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

III ВЕЛІКОДНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

Лк 24, 13–35
Вось двое вучняў Езуса ішлі ў вёску, званую Эмаус, якая знаходзілася ў шасцідзесяці стадыях ад Іерусаліма. І размаўлялі паміж сабою пра ўсё тое, што адбылося. І калі яны размаўлялі і разважалі між сабою, сам Езус наблізіўся ды ішоў разам з імі. Але вочы іх былі стрыманыя, таму не пазналі Яго. І Ён сказаў ім: “Пра што гэта вы размаўляеце паміж сабою?”. І яны спыніліся, поўныя смутку. Адказваючы, адзін з іх, па імені Кляоп, сказаў Яму: “Ты, напэўна, адзіны, хто жыве ў Іерусаліме і не ведае, што ў гэтыя дні там сталася”. І спытаў у іх: “Што?”. Яны сказалі Яму: “Тое, што сталася з Езусам з Назарэта, які быў прарокам магутным у чынах і ў слове перад Богам і ўсім народам; як першасвятары і правадыры нашыя выдалі Яго на смерць і ўкрыжавалі. А мы спадзяваліся, што Ён той, хто павінен вызваліць Ізраіль. Цяпер жа пасля ўсяго гэтага мінае ўжо трэці дзень, як гэта сталася. Але і некаторыя з нашых жанчын здзівілі нас. Яны былі на досвітку каля магілы, але не знайшлі цела Ягонага. Прыйшлі і сказалі, што бачылі анёлаў, якія з’явіліся ім і паведамілі, што Ён жывы. І пайшлі некаторыя з нашых да магілы, і засталі ўсё так, як казалі жанчыны, але Яго не бачылі”. Тады Ён сказаў ім: “О, неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што казалі прарокі! Ці ж не трэба было Месіі цярпець усё гэта, каб увайсці ў сваю славу?”. І, пачаўшы ад Майсея і ад усіх прарокаў, растлумачыў ім тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго. І наблізіліся яны да вёскі, куды ішлі, і Ён зрабіў выгляд, што хоча ісці далей. Але яны настойвалі, кажучы: “Застанься з намі, бо ўжо вечарэе, і дзень мінае”. І Ён увайшоў, каб застацца з імі. Калі сядзеў з імі за сталом, узяў хлеб, блаславіў яго, паламаў і даў ім. І тады адкрыліся іхнія вочы, і яны пазналі Яго. Але Ён стаўся нябачным для іх. І яны сказалі адзін аднаму: “Ці ж не палала ў нас сэрца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам Пісанне?”. І ў тую самую гадзіну яны ўсталі і вярнуліся ў Іерусалім, і знайшлі сабраных Адзінаццаць і тых, хто быў з імі, якія казалі ім: “Пан сапраўды ўваскрос і з’явіўся Сымону”. І яны расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламанні хлеба.

Засведчыць пра Хрыста
   Як і вучні, якія ідуць у Эмаус, мы таксама людзі ў дарозе, што накіроўваюцца да дома Айца. Мы не адзінокія на гэтым шляху, таму што побач ідзе Езус, які праз паслугу Касцёла ўмацоўвае нас сваім Словам і Целам. Усё, што неабходна, – мець вушы, адкрытыя на Яго голас, чыстае сэрца, каб прыняць Яго, і веру, каб Яго распазнаць. Тады зведаем тую ж радасць, якую зведалі сведкі ўваскрослага Хрыста.
    У знаку паламанага хлеба вучні пазналі Езуса і падзяліліся радасцю гэтай сустрэчы з іншымі – сталі апосталамі Яго Добрай Навіны аб збаўленні. Тое самае здзяйсняецца перад намі і для нас кожную нядзелю, якая з’яўляецца напамінам уваскрасення Пана. Езус скіроўвае нам сваё Слова і ламае перад намі хлеб. Можам адчуць, як сэрца ў нас палае, і падзяліцца радасцю сустрэчы з Панам з іншымі.
● Ці пазнаю Пана ў час Эўхарыстыі?
● Як дзялюся з іншымі радасцю ад сустрэчы з Панам?

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.