ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Даверыцца Богу

Слова рэдактара

 Уваскрослы Езус абуджае нашу надзею і адорвае новай любоўю. Гэтая любоў большая за смерць, перамагае ўсякае зло і цалкам бескарыслівая. У цяперашні складаны час, калі ўвесь свет пагружаны ў страх і роспач, хочацца ўсклікнуць, што Божая любоў найвышэй за любую эпідэмію і бедства. Пан над намі!
   Свята Божай Міласэрнасці, якое перажываем у першую нядзелю пасля Вялікадня, паказвае веліч любові Бога. Езус адкрывае перад намі сваё Найсвяцейшае Сэрца, каб маглі зачарпнуць мноства ласкаў для сябе і ўсяго свету.
У гэты дзень можам асаблівым чынам дакрануцца да прабітага бока Хрыста, пацалаваць Яго знясіленыя рукі і параненыя ногі. Наталіць смагу ў жыватворнай Крыніцы пакліканы асабліва тыя, хто церпіць хваробы ці пакуты, альбо перажывае драму адзіноты ці ізаляцыі, альбо ў каго заблыталіся жыццёвыя шляхі. Для чалавека няма іншай крыніцы надзеі і ўмацавання, акрамя Божай міласэрнасці. Таму трэба з верай паўтараць за св. сястрой Фаўстынай: “Езу, давяраю Табе!”.
    Божую міласэрнасць можна параўнаць з выратавальным кругам, які Бог кідае пагружанаму ў грахі і смутак чалавецтву. Ён падае сваю далонь згубленаму ў сучасным разарваным свеце чалавеку – з дарам любові, якая прабачае. У Бога ўсё мае адпаведны час і месца. І хоць мы не ўсё ўсведамляем, Ён заўсёды чувае над намі.
    Для таго, каб спазнаць веліч Божай міласэрнасці, неабходна толькі адкрыць сябе для бязмежнасці гэтай гаючай любові. Тады зможам цалкам удзельнічаць у радасці Уваскрасення. Толькі чалавек з чыстым сэрцам, які здольны даверыцца Богу, можа быць сведкам Яго міласэрнасці. Сэрца, вочы, рукі, ногі і вусны такой асобы становяцца поўнымі спачувальнай і прабачаючай любові (параўн. Дз. 163).
    Мы можам быць перакананы, што нават у той няпростай сітуацыі, у якой апынуўся ўвесь свет, уваскрослы Езус адорыць чалавецтва дарам глыбокай веры, каб не ўсумніліся, абудзіць нашу пахіснутую надзею і зноў спашле сваю любоў. Гэтая любоў хоча даць нам новы шанс на лепшае заўтра. Сёння, як ніколі раней, маем у ёй патрэбу, каб у сэрцы зноў запанавалі спакой і радасць, якія выцякаюць з факту пустой магілы Збаўцы.
   
    Дарагія Чытачы!
   Углядаючыся ў міласэрнага Пана, скажам за св. Тамашам “Пан мой і Бог мой!”, каб магчы ўдзельнічаць у бласлаўленні Збаўцы: “Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў” (Ян 20, 29). Не будзем проста спалоханымі вучнямі Хрыста, замкнёнымі ў шкарлупіне сваіх слабасцей, але станем адважнымі прапаведнікамі Евангелля Езуса, таму што Пан пераадолеў усё зло і прагне нашага шчасця.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.