ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

Як католікі мабілізуюцца ў барацьбе з каронавірусам

З жыцця Касцёла

Са снежня мінулага года каронавірусная інфекцыя COVID-19 распаўсюдзілася на ўвесь свет і ахапіла каля 160-ці краін. Да сёння не вынайдзены эфектыўны сродак для яе лячэння. Маштабы пандэміі пашыраюцца… Шквал негатыўных звестак паўсюль. Падасца не да месца, але ці можна з гэтай сітуацыі вынесці якіясьці станоўчыя моманты? І як многія вернікі паводзяць сябе ў выключных абставінах?
Закрыццё святынь – часовая мера
    З-за пандэміі каронавіруса ў многіх краінах свету аб’яўлены каранцін, дзейнічае каменданцкі час. Людзі вымушаны знаходзіцца ў сваіх дамах. Дазваляецца пакідаць кватэры толькі на некалькі гадзін, каб набыць лекі і прадукты. А як жа духоўная ежа? Касцёл наведваць нельга?!
    Часова закрыты святыні ў Італіі, Іспаніі, дзе на сёння зафіксавана найбольшая колькасць заражаных каронавірусам. Для наведвальнікаў закрыты санктуарый Маці Божай Фацімскай у Партугаліі, базіліка св. Пятра ў Ватыкане, храм Гроба Гасподняга ў Ізраілі… У Польшчы дзейнічаюць “ліміты” на колькасць удзельнікаў Эўхарыстыі – да 5-ці чалавек. У сувязі з аб’яўленай пандэміяй у шматлікіх краінах рыхтуюцца праекты кшталту “Вялікдзень дома”. А зараз пытанне: у такіх суровых умовах вера людзей хутчэй аслабне або, наадварот, узмацніцца?
Агульнавядома, што любая праблема актывізуе мозг чалавека. Пастаўлены ў складанае становішча, ён генерыруе ідэі ў пошуках найлепшага рашэння. Такім чынам, сёння можам назіраць, як многія вернікі не апускаюць рукі, а імкнуцца да кампрамісу з улікам сваіх інтарэсаў. У Неапалі (Італія), напрыклад, святар адпраўляе для парафіян св. Імшы… на даху касцёла! Дзякуючы мікрафону і дынамікам людзі могуць прыняць у ёй удзел, знаходзячыся на балконах сваіх дамоў. А адзін святар у ЗША натхніўся аўтакафэ, дзе можна зрабіць замову, не выходзячы з транспартнага сродка, і прапанаваў вернікам “споведзь на калёсах”. Тым самым пэнітэнты захоўваюць на аўтамабілі бяспечную дыстанцыю, пад’язджаючы да спаведніка, які сядзіць у крэсле.
    Што значаць зачыненыя святыні? У чалавека – бадай што, ніколі так не было – з’явілася неабходнасць (не магчымасць, а менавіта неабходнасць) звярнуцца да ўласнай святыні, якой з’яўляецца сэрца. Ці яна, увогуле, падобна на Божы дом? Ці не сорамна туды запрасіць Госпада? Калі дзверы касцёла пад замком, прагнучы вернік будзе шукаць іншых крыніц, каб напіцца. І добра, калі знойдзе іх у сабе.
    У рэшце рэшт, для нечага патрэбна такое “адлучэнне” ад касцёла. Верагодна, каб адчуць сапраўдны смак звычайных рэчаў. Нядзельная св. Імша – “бо так прывык”, “бо ўсе ідуць”… А паспрабуй без яе! Пазней убачым, як гэтыя абставіны паўплывалі на кожнага з нас.
   
    Без разліку на медалі
    29-гадовы ўрач Пэн Іньхуа з Кітая вырашыў адкласці шлюб, каб лячыць сотні пацыентаў, якія трапілі ў бальніцу. Хоць дата ўрачыстасці была ўжо вызначана, рэаніматолаг са спецыялізацыяй па дыхальнай недастатковасці разумеў, што з-за нарастаючай пагрозы пашырэння пандэміі ён павінен быць у іншым месцы, дзе гінуць людзі – каштоўная кожная хвіліна. На жаль, заразіўся сам. У хуткім часе памёр. На тумбе каля ложка ляжалі некалькі запрашэнняў на шлюб.
    Малады ўрач быў перапоўнены аптымізмам…
    Неверагодныя падзеі разгортваюцца ў Італіі, дзе да канца сакавіка ад каронавіруса загінулі больш за 10 тысяч чалавек. Сярод загінулых – каля 70-ці святароў, якія да апошняга заставаліся вернымі сваёй місіі: былі сярод людзей, служылі ім у цяжкія моманты. Калі стала вядома, што каронавірусам заразіўся 72-гадовы а. Джузэпэ Берардэлі, парафіяне набылі для яго апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх. Але святар не прыняў гэты дар (хоць сапраўды меў у ім патрэбу).
   Перанакіраваў апарат малодшаму пацыенту, а сам у хуткім часе памёр.
    Ці гэта не найлепшыя сведчанні хрысціян-герояў нашага часу? Бясстрашныя, рызыкоўныя – “Пане, давяраю Табе!”. Дзякуючы такім братам і сёстрам у Хрысце свет атрымлівае ў Створцы адтэрміноўку: Яго дзеці стрымліваюць Божы гнеў.
    Можам толькі здагадвацца і меркаваць, навошта чалавецтву такі балючы досвед. Дакладней, гэта будзе ясна, калі перажывём яго. Якімі выйдзем пасля журботных падзей:
    з апушчанай галавой альбо з высока ўзнятай?

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.