ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Варта ведаць (160)

Варта ведаць

☞ У Святога Айца Францішка новы асабісты сакратар – кс. Гансала Аэміліюс з Уругвая (Паўднёвая Амерыка). Ён замяніў на пасадзе 55-гадовага манс. Фабіяна Пэдак’ё Леаніза, які сышоў у адстаўку. З Пантыфікам новапрызначаны знаёмы з 2006 года, калі кард. Хорхе Марыа Берголіа, арцыбіскуп Буэнас-Айрэса (Аргенціна), патэлефанаваў яму, бо чуў пра працу святара з дзецьмі вуліцы. Абраны папам Францішкам сакратар будзе супрацоўнічаць з другім асабістым сакратаром Святога Айца кс. Ёанісам Лахзі Гайдам.

    ☞ Папскі тэалагічны інстытут навук аб сужэнстве і сям’і ім. Яна Паўла II адкрыў філіял у Мадрыдзе (Іспанія). На цырымоніі інаўгурацыі сярод іншых прысутнічалі прэфект Кангрэгацыі каталіцкай адукацыі кард. Джузэпэ Версальдзі і Старшыня Папскай акадэміі жыцця абп Вінчэнца Палья. У адміністрацыйным парадку філіял будзе падпарадкоўвацца Каталіцкаму ўніверсітэту св. Антонія ў Мурсіі. Мэтай папскай ВНУ з’яўляецца ажыццяўленне вынікаў Сінода Біскупаў на тэму сям’і, які праходзіў у 2014 і 2015 гадах, а таксама рэалізацыя Апостальскай адгартацыі Святога Айца Францішка “Amoris laetitia”.
   
   ☞ Партугалія прапануе UNESCO унесці культ Маці Божай з Назарэ ў спіс нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва. Святыня ў гонар Багародзіцы з’яўляецца старэйшым марыйным санктуарыем у краіне. Згодна з легендай, у гэтую мясцовасць у IV стагоддзі трапіла драўляная фігурка Марыі, прывезеная адным з манахаў са Святой Зямлі, а першы касцёл паўстаў тут у ХІІ стагоддзі. Акурат у гэты час у Партугаліі адбываецца перэгрынацыя цудатворнай статуі Маці Божай з Назарэ.
   
    ☞ Тры гістарычныя хрысціянскія супольнасці ў Казахстане – каталіцкая, праваслаўная і лютэранская – заснавалі Раду традыцыйных хрысціянскіх Цэркваў. Ініцыятары публічна абвясцілі аб стварэнні новага аб’яднання 13 студзеня бягучага года, а 25 студзеня арганізавалі першую сумесную падзею – экуменічнае набажэнства, на якое былі запрошаны таксама вернікі іншых пратэстанцкіх супольнасцей. Старшыня казахстанскага епіскапата біскуп дыяцэзіі Святой Тройцы ў Алматы Хасэ Луіс Мамбіела Сьера выказаў задавальненне стварэннем Рады, называючы яе “вялікім знакам еднасці”.
   
    ☞ Браты францысканцы з кляштара Сакра-Канвента ў Асізі (Італія) распрацавалі новы шрыфт, якому далі назву Францішак. Манаская супольнасць натхнілася старадаўнім сярэднявечным пісьменствам, а таксама рукапісам св. Францішка, адрасаваным брату Леонэ. Першы царкоўны лічбавы шрыфт паўстаў у межах падрыхтоўкі да святкавання 100-годдзя часопіса “San Francesco”, які, між іншым, ім скарыстаецца. Акрамя таго, шрыфт будзе даступны для бясплатнага спампоўвання ў інтэрнэце.

vaticannews.va; credo.pro; niedziela.pl

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.