ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Св. Ян Павел ІІ блізкі кожнаму з нас

З жыцця Касцёла

Падчас урачыстага асвячэння таблічакУ вёсцы Макараўцы, размешчанай на паўночны захад ад Вялікай Бераставіцы, ёсць шмат дамоў, пазначаных на фасадзе крыжом, а галоўная вуліца носіць імя св. Яна Паўла ІІ. Гэта красамоўны выраз пашаны і вялікай любові да Святога Айца. Мясцовыя вернікі падкрэсліваюць, што шмат чым абавязаны гэтаму вялікаму чалавеку, і цешацца, таму што сталі сведкамі часу, калі Папа паляк, любімы ўсім светам пры жыцці і пасля смерці, кіраваў Апостальскай Сталіцай.
Жадаючы гаварыць аб узнікненні вуліцы Яна Паўла ІІ у Макараўцах, мусім звярнуцца да гісторыі гэтай мясцовасці. Калісьці тут была маленькая вёска пры двары Уснар. Паступова паўстаў касцёл, таму парафію называлі уснарскай. Пасля ІІ Сусветнай вайны ў будынку двара арганізавалі школу, пазней – амбулаторыю. З часам, калі за ім перасталі сачыць, быў разрабаваны і знішчаны. А Макараўцы разбудоўваліся…
“Аднак у мясцовасці не было ніякага падзелу на вуліцы, а жыхароў, як і дамоў, прыбывала, – расказвае пробашч тутэйшай парафіі Узвышэння Святога Крыжа кс. Павел Беланос. – Урэшце гэтая сітуацыя стала сур’ёзнай праблемай. Да прыкладу, хуткая дапамога, газавая сужба, паштальён не разумелі, дзе каго шукаць, бо каб арыентавацца, трэба было тут жыць.
    У сувязі з тым паўстала патрэба ўпарадкавання, а для гэтага няма лепшага спосабу, чым падзяліць вёску на вуліцы і надаць ім назвы”.
    Святар адзначае, што ідэя нарадзілася акурат у год смерці Папы паляка. Жыхары Макараўцаў хутка сцямілі і звярнуліся да ўлад з просьбай надаць цэнтральнай вуліцы імя Яна Паўла ІІ.
    “На гэтых землях большасць жыхароў складаюць палякі і католікі, што па-свойму ўплывае, паколькі лягчэй там, дзе большасць сваіх, тых, хто думае, можа, не ідэнтычна, бо так не атрымаецца, але падобна. Мае парафіяне адрозніваюцца выразнай самасвядомасцю, таму што ў большасці сваёй гэта людзі, якія ведаюць, адкуль іх род, шануюць свае карані, культуру, веру, захоўваюць традыцыі і перадаюць іх наступным пакаленням, – адзначае пробашч. – Памятаю паездкі вернікаў у Польшчу, у Рым на сустрэчу з папам Янам Паўлам ІІ. Гэтыя пілігрымкі заўсёды абуджалі вялікую зацікаўленасць. І справа была не столькі ў тым, каб адарвацца ад штодзённасці і пабачыць свет, але ў тым, каб сустрэцца са Святым Айцом”.
    Кс. Павел падкрэслівае, што подпісы збіралі не толькі ў Макараўцах, але ва ўсёй парафіі, да якой належаць таксама Трахімы, Пяцельчыцы, Пачобуты, Лапенеўцы, Вішнеўка, Курчоўцы, Ігнатовічы, Рэпавічы, Кудрычы, Лішкі, Астапкаўшчына. Гэтым займалася Парафіяльная рада. 20 красавіка 2005 года раённым уладам у Вялікай Бераставіцы быў скіраваны адпаведны ліст. Адказу чакалі цэлы год, але, на жаль, ён аказаўся адмоўным. Пазіцыя была абгрунтавана тым, што “асоба Папы не такая заслужаная для мясцовага насельніцтва”, што “хапае беларускіх герояў, якімі можна ганарыцца і імёнамі якіх можна называць вуліцы”.
    Тады жыхары Макараўцаў напісалі чарговы ліст, у якім сцвердзілі, што не згодны з вывадамі камісіі, і прывялі свае аргументы: “Папа не мог наведаць Беларусь па розных прычынах, на якія не меў уплыву. Нягледзячы на гэта, многія, у тым ліку і жыхары парафіі Макараўцы, змаглі з ім сустрэцца, між іншым, у Рыме, падчас пілігрымак у Польшчу, Літву, Украіну. Ян Павел ІІ заўсёды заўважаў групы вернікаў з Беларусі, прымаў на аўдыенцыі, заўсёды знаходзіў для іх цёплае слова. Наданне цэнтральнай вуліцы імя Яна Паўла ІІ служыла б не толькі як даніна памяці аб гэтым вялікім чалавеку, але і як напамін аб вартасцях, якімі ён жыў і якія абвяшчаў. Грамадства, жывучы паводле гэтых вартасцей, было б больш адказным, багатым духоўна, і таму мацнейшым”. Нарэшце прыйшоў станоўчы адказ, і працэс распачаўся.
    Адбылося некалькі сходаў жыхароў з уладамі, дзе мясцовых пыталіся, ці ўсе згодны з прапановай назвы вуліцы. Усе, у тым ліку і праваслаўныя, прагаласавалі “за”. 31 сакавіка 2007 года біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч асвяціў таблічкі з назвай вуліцы Яна Паўла ІІ. Жыхары з вялікай радасцю адразу павесілі іх на сваіх дамах.
    “Галоўнай мэтай гэтай ініцыятывы з’яўляецца памяць пра асобу Папы паляка і яго навучанне, – падагульняе кс. Павел Беланос. – Мы шчаслівыя, што маем такога заступніка, але гэта таксама абавязвае нас з асаблівым клопатам ставіцца да веры, малітвы і сваіх паводзін. Людзі, якія жывуць на вуліцы імя Яна Паўла ІІ, вельмі ганарацца гэтым”.
   Папскае бласлаўленне, напісанае на аздобным пергаменце, старанна захоўваецца ў доме сям’і Сарасек Святар таксама падкрэслівае, што ў касцёле ў Макараўцах знаходзяцца рэліквіі крыві св. Яна Паўла ІІ, а ў бакавым алтары размешчаны абраз Святога Айца. У святыні рэгулярна адбываюцца набажэнствы ў гонар вялікага Папы. Звычайна яны праводзяцца з нагоды важных дат у жыцці святога: дня нараджэння, выбару на Пасад св. Пятра, адыходу ў вечнасць, гадавіны кананізацыі.
   
    *** У дамах многіх вернікаў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ёсць пэўныя памяткі аб папе Яне Паўле ІІ: альбомы, абразкі, паштоўкі, кнігі. З трапятаннем захоўваюцца здымкі, зробленыя ў Ватыкане падчас сустрэчы са Святым Айцом.
    Ірына Даўгяла з пяшчотай успамінае паездку ў Рым у 2000 годзе. Па яе словах, тыя дні былі напоўнены ўражаннямі, але самым яскравым момантам стала сустрэча з Папам. Ніхто яшчэ не ўсведамляў, што дакранаецца да святога. “Аўдыенцыя ў Папы – жаданне многіх вернікаў, якія прыбываюць у Ватыкан. А калі яна адбудзецца, то таксама і вялікі гонар. Прайшло ўжо столькі гадоў, а я ўсё яшчэ выразна памятаю – нібы бачу перад вачыма – твар Папы. На аўдыенцыі кожны стараўся падысці да Святога Айца як мага бліжэй. Ён усміхаўся, казаў, што ахвотна наведаў бы Беларусь, калі б была такая магчымасць, – расказвае спадарыня Ірына. – Падчас сустрэчы адзін з ксяндзоў даў нам на памяць семечкі 3-ох гатункаў пальмы. Я прывезла іх дадому, пасадзіла – і ўзышло 20 пальмачак. Пакінула сабе некалькі, а астатнія аддала іншым – яны таксама цяпер маюць у сябе дома напамін пра Папу”.
    Сваімі ўспамПамятны здымак з аўдыенцыі ў Святога Айцаінамі дзеліцца таксама Марыя Сарасек. Жанчына расказала, што яе сыны Веслаў і Юрый мелі шчасце сустрэцца з Папам. Прывезлі з Ватыкана памяткі, фатаграфіі, якія дагэтуль захоўваюць дома. Спадарыня Марыя ўзгадвае таксама, што ў далёкім 1987 годзе, едучы ў Польшчу да сваякоў, пазнаёмілася ў цягніку з манахам, якога звалі Станіслаў Бігай. Пасля гэтай сустрэчы святар напісаў не адзін ліст сям’і жанчыны, прыязджаў у госці. Ён сам пісаў вершы, сярод якіх былі і творы аб Яне Паўле ІІ. Жанчына захоўвае іх да гэтага часу і любіць перачытваць, асабліва доўгімі зімовымі вечарамі.
    “А. Станіслаў прывёз нам бласлаўленне ад Святога Айца, – з гонарам распавядае спадарыня Марыя, заўважаючы, што ў яе доме шмат кніг пра Папу, яго пілігрымкі. Некаторыя з іх жанчына плануе падарыць у гэтым годзе сваім унукам, якія будуць прыступаць да I св. Камуніі. – Ушаноўваем Святога Айца, як умеем. Ён блізкі кожнаму з нас.
    У час перэгрынацыі абраза св. Яна Паўла ІІ мы маліліся спецыяльнай літаніяй і чыталі верш пра яго. Кожны з вялікай радасцю прымаў абраз святога ў сябе дома”.
    У Макараўцах выразна адчуваецца, што св. Ян Павел ІІ глыбока ўкаранёны ў сэрцах і думках мясцовых вернікаў. Цяпер, калі любімы Папа абвешчаны святым, моляцца ўжо не за яго, а да яго, просячы аб заступніцтве ў Небе.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.