ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Працы Сінода датычаць як усёй дыяцэзіі ў цэлым, так і кожнага асабіста

Праца Сіноду

Жыць Евангеллем.
Першы Сінод Гродзенскай дыяцэзіі
Ужо 2 гады трывае І Сінод Гродзенскай дыяцэзіі. Так як ён першы, усе мы разам вучымся ісці гэтай дарагой з клопатам пра развіццё мясцовага Касцёла.
Сінод не можа быць справай адных толькі святароў і кансэкраваных асоб. Ён не павінен пераўтварацца ў клерыкальны сход, а перш за ўсё мусіць з’яўляцца прадметам зацікаўленасці саміх вернікаў, неабыякавых да лёсу Касцёла, да якога належаць.
    На цяперашні момант ва ўсіх сінадальных (16 камісій і 2 падкамісіі) і дэканальных (16 камісій) камісіях прысутныя свецкія асобы. Яны прадстаўляюць частку вернікаў, актыўных у сваіх парафіях, а таксама задзейнічаных у касцёльных інстытутах. У супрацоўніцтве са святарамі яны выступаюць як эксперты ў тых сферах жыцця, дзе святар ці кансэкраваная асоба не мае адпаведнага досведу або кваліфікацыі. ✝︎
Цешыць той факт, што падчас сінадальных прац святары і свецкія вернікі плённа ўзаемадзейнічаюць. Напрыклад, прадстаўнікі Камісіі па справах катэхезы і каталіцкага выхавання, Камісіі па справах дабрачыннасці і Камісіі па справах евангелізацыі і рэлігійных рухаў разам падрыхтавалі апытальнікі і выслалі іх у парафіі. Пры нагодзе хачу адзначыць, што на падставе прац сінадальных камісій рыхтуецца агульнадыяцэзіяльны апытальнік. Кожны вернік зможа акрэсліць тыя пытанні, якія хвалююць яго на дадзены момант. Гэты апытальнік ужо знаходзіцца ў распрацоўцы і будзе апублікаваны ў наступным нумары газеты “Слова Жыцця”. Ён стане свайго роду барометрам зацікаўленасці дыяцэзіян тэмамі, якія абмяркоўваюцца падчас пасяджэнняў сінадальных камісій.
    Дзейнасць свецкіх асоб рэгулюецца навучаннем і дакументамі Касцёла і не можа выходзіць за межы, акрэсленыя іх пакліканнем. Першачаргова гэта датычыць дзейнасці і кампетэнцыі парафіяльных рад, супрацоўніцтва і ўзаемаадносін вернікаў з духавенствам, даручэння свецкім асобам абавязкаў і функцый, якія дазволены Касцёлам, захавання мясцовых традыцый і звычаяў, справы ўтрымання свецкіх прафіяльных супрацоўнікаў. Апрача гэтага, свецкія прадстаўнікі дэканальных камісій могуць непрасрэдна ўносіць прапановы аб дзейнасці рэлігійных рухаў і таварыстваў у сваіх парафіях, аб развіцці справы пакліканняў.
    Акрамя вузканакіраваных пытанняў сінадальныя камісіі і падкамісіі маюць патрэбу пачуць меркаванні дыяцэзіян наконт ролі лакальнага Касцёла ў сучасным грамадстве і магчымасці евангелізацыі ўсіх яго вернікаў. Востра стаяць пытанні рэлігійнага выхавання, захавання сямейных каштоўнасцей, стварэння дыяцэзіяльнай школы аніматараў і свецкіх лідэраў як супрацоўнікаў святароў у парафіях… Гэта тыя сучасныя выклікі, на якія сёння нам трэба даць неадкладны адказ.
    Вельмі важна, каб кожны вернік мог свабодна агучыць сваю прапанову або параду наконт спраў, якія датычаць працы Сінода, і прычыніцца да ажыўлення часам “скасцянелай” рэчаіснасці (нават калі гэта і балючая справа для ўсяго Касцёла). Такім чынам, гэта ў стане зрабіць любы жадаючы. Свае пажаданні неабходна накіроўваць на электронны адрас: Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript . Ліст не можа быць ананімным або мець на мэце выключна асуджэнне. Варта канкрэтна абазначыць праблему і прапанаваць шляхі да яе вырашэння. Выказанае меркаванне будзе мець дарадчую ролю ў працы сінадальных камісій.
    Я вельмі ўдзячны ўсім нераўнадушным людзям за ўдзел у працах І Сінода Гродзенскай дыяцэзіі. Хацелася б пажадаць вернікам большай актыўнасці, а святарам – павагі да выказванняў вернікаў. Будзем слухаць адзін аднаго, каб стварыць духоўную сям’ю, адказную за далейшую будучыню Касцёла ў нашай дыяцэзіі!

Кс. кан. Антоній Грэмза, генеральны сакратар І Сінода Гродзенскай дыяцэзіі

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.