ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

“Ахрышчаныя і пасланыя: Хрыстовы Касцёл з місіяй у свеце”

З жыцця Касцёла

Пад такім дэвізам у Касцёле трывае Надзвычайны місійны месяц. Ён павінен паспрыяць абуджэнню ў вернікаў свядомасці місіі “ad gentes”, каб сапраўды ад усяго сэрца запрагнулі абвяшчаць Евангелле, і жаданню распачаць з новай энергіяй перамяненне душпастырства, змяніць супольнасці ў місійныя і евангелізацыйныя рэчаіснасці; каб развівалася любоў да місій, якія з’яўляюцца ўмілаваннем Езуса і адначасова любоўю да Яго люду.
Хто такія місіянеры, якія служаць сярод вернікаў іншых народаў? Якім чынам яны сведчаць аб любові Бога, а дзякуючы гэтаму спрыяюць пашырэнню Божага Валадарства на зямлі?

   С. Людміла Леўдаровіч MChR,
паходзіць з парафіі свсв. апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі
Ісландыя паволі становіцца новым домам сясцёр Місіянерак Хрыста ВаладараКрыху больш за месяц таму пачалася мая місійная праца ў Ісландыі, а менавіта ў сталіцы – Рэйк’явіку. Гэта гістарычны момант не толькі для мяне, але для ўсёй супольнасці сясцёр Місіянерак Хрыста Валадара для Палоніі Загранічнай, да якой належу. Адкрыццё новай пляцоўкі пры катэдры Хрыста Валадара стала магчымым дзякуючы запрашэнню мясцовага біскупа Давіда Тэнцэра OFMCap. У парафіі нас з 2-ма іншымі сёстрамі сустрэлі з вялікай радасцю і зычлівасцю. Адна жанчына, пачуўшы, што прыехалі місіянеркі, выйшла са слязамі на вачах, сказала, што вернікі маюць у нас вялікую патрэбу. Гавораць, што Ісландыя – гэта востраў агню і лёду. Сапраўды, слупкі тэрмометраў тут не дасягаюць высокіх тэмпературных паказчыкаў, затое людзі вельмі цёплыя і адкрытыя, а гэта не можа не цешыць.
    Калі казаць пра мясцовыя каталіцкія рэаліі, то варта адзначыць, што на ўсім востраве існуе толькі 1 дыяцэзія і 1 катэдра. Але ўсё ж Касцёл мае найбольш шматлікую групу вернікаў у параўнанні з іншымі краінамі Скандынавіі. Каталіцкая супольнасць у Ісландыі складаецца, у першую чаргу, з эмігрантаў. 80% вернікаў – гэта палякі, затым ідуць філіпінцы. Ісландцы на апошнім месцы. Калі лічба ўсіх католікаў дасягае 13-ці тысяч, то мясцовых жыхароў сярод іх толькі 3 тысячы. Гэта тлумачыцца фактам, што 80-90% ісландцаў належаць да Лютэранскай Царквы.
    У катэдры, дзе мы служым, адпраўляюцца 2 св. Імшы на польскай мове, 1 на англійскай і 1 на ісландскай. Паслугу нясе ксёндз з Польшчы. Тут таксама прысутныя манахіні з Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Любові, якія вядуць сталоўку для бедных і толькі пры магчымасці дапамагаюць у парафіі. Місія нашага ордэна – гэта, перадусім, праца сярод польскіх эмігрантаў. А паколькі палякі, якія жывуць у Рэйк’явіку, былі зусім не ахоплены душпастырствам, менавіта на гэтым і робім акцэнт.
    Зараз нашай асноўнай задачай з’яўляецца падрыхтоўка да сакрамантаў: Першай споведзі і Камуніі, канфірмацыі. У Ісландыі няма заняткаў рэлігіі ў школе, таму дзеці прыязджаюць на катэхезу, якая ладзіцца пры парафіі. Таксама спрабуем уводзіць сярод вернікаў і іншыя формы актыўнасці: арганізоўваем дзіцячы хор, ладзім адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту, заахвочваем да ўдзелу ў Жывым Ружанцы, наведваем хворых і пажылых асоб. Разам са святаром ездзім у іншыя мясцовасці. На жаль, не паўсюль ёсць касцёлы і парафіі, і відаць, як людзі патрабуюць душпастырскай апекі. Падчас адной з паездак на св. Імшы мне здалося, што вернікі тут, як авечкі без пастыра, ходзяць сваімі дарогамі, а важна паказваць ім шлях да Бога, бо гэтага прагнуць… Пачаткі пакуль што такія. Мы прыглядваемся, вывучаем, у чым ёсць патрэба, каб пасля дапасаваць нашу працу, знайсці тыя формы, якія дапамогуць дастукацца да людзей.
    Я ў Ісландыі ўсяго толькі месяц, але ўжо мела вялікую колькасць сустрэч з рознымі людзьмі. Многія прыходзяць да нас дадому, каб проста паразмаўляць, падзяліцца сваімі радасцямі ці бедамі, распавесці, як ім жывецца, як знайшлі сябе ў новай краіне, новых абставінах. Гэтыя людзі некалі пакінулі радзіму ў пошуках лепшага жыцця. Прыемна чуць, што дбаюць пра духоўны складнік. Мяркую, наша прысутнасць ім у гэтым дапаможа.
    Я ўпэўнена, што кожны чалавек можа займацца місіянерскай дзейнасцю, бо так вучыць нас Езус: “Ідзіце і навучайце ўсе народы”. Не абавязкова ехаць у далёкую краіну на місіі, можна ў сваім асяроддзі прапагандаваць хрысціянскія каштоўнасці, рэалізуючы наказ Хрыста.
    Асабіста для мяне місіянерства – гэта не толькі знаёмства з іншай культурай, новымі людзьмі, магчымасць паглядзець свет, адважыцца на нешта новае, а ў першую чаргу выхад за межы свайго асяроддзя. Місіянер павінен быць адкрытым на іншых людзей. У Ісландыі я сапраўды адчуваю, што рэалізую сваю місію, хоць не магу сказаць, што раней у іншых месцах было інакш. Аднак зараз гэта ўспрымаецца мацней, становіцца больш адчувальным. Я веру, што пасланая сюды Езусам, каб несці Яго патрабуючым. Гэта для мяне адначасова і выклік, і вялікая радасць.
   
    А. Павел Федаровіч МІС,
паходзіць з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе
У працы з моладдзю а. Павел спалучаў малітву, духоўныя зносіны з актыўным адпачынкам і інтэграцыйнымі мерапрыемстваміУ канцы жніўня 2018 года самалёт прызямліўся ў Карагандзе, новым месцы майго служэння.
    У гэтым горадзе я служыў амаль год, а цяпер знаходжуся ў Барысаве.
    Магу сказаць, што гісторыя каталіцкай веры ў Казахстане незвычайная. Мясцовыя вернікі – гэта, у асноўным нашчадкі рэпрэсіраваных жыхароў з сучасных тэрыторый Польшчы, Заходняй Беларусі і Украіны. Адведваючы парафіян падчас душпастырскіх візітаў, я слухаў трагічныя апавяданні з вуснаў людзей, якія яшчэ дзецьмі былі вывезены разам са сваімі бацькамі і пакінуты ў голым і бяскрайнім стэпе.
    У лагеры Казахстана траплялі таксама святары і манаскія асобы. Сярод іх асаблівым чынам адзначыўся кс. Уладзіслаў Букавінскі, які пасля заканчэння тэрміна зняволення застаўся служыць у Казахстане. Праз некаторы час пасля смерці ён быў беатыфікаваны ў катэдры ў Карагандзе. Я чуў таксама шмат аповедаў пра ахвярнае служэнне іншых святароў, сясцёр і свецкіх людзей, якія жылі ў савецкія часы і мужна трывалі ў веры.
    Прыблізная колькасць католікаў на сёння ва ўсім Казахстане вагаецца ў межах 25-30 тысяч чалавек. Агульная колькасць насельніцтва складае прыкладна 18,4 мільёнаў жыхароў. Асноўнай мовай у Касцёле з’яўляецца руская, але паступова ўзнікае патрэба і ў казахскай мове (пакуль што ёсць толькі малітоўнік).
    Наша марыянская парафія Найсвяцейшай Панны Марыі Маці Касцёла пачала сваё існаванне ў 1994 годзе, калі а. Збігнеў Грыгарцэвіч МІС убачыў патрэбу духоўнай апекі сярод польскай дыяспары ў раёне Фёдараўка.
    У раёне Майкудук, які мясцовыя людзі называюць “Берлін”, веруючыя былі ў асноўным нямецкага паходжання. У 2012 годзе адбылося асвячэнне катэдры, якая з’яўляецца таксама і парафіяльным касцёлам Найсвяцейшай Панны Марыі Маці Усіх Народаў. Такім чынам, у Карагандзе ёсць 3 парафіі з прыблізнай колькасцю “нядзельных” вернікаў у кожнай з іх 150-200 чалавек. На дадзены момант Караганда налічвае прыблізна 500 тысяч жыхароў, таму католікі складаюць толькі невялікую частку насельніцтва.
    Падчас побыту ў Карагандзе я служыў у араторыі “Добры Пастыр” пры нашай парафіі. У кожны аўторак, пятніцу і нядзелю да нас прыходзілі дзеці і моладзь.
    Праграма выглядала наступным чынам: настольныя гульні, абед, тэма, праца ў групах, малітва на заканчэнне. Падчас школьных канікул ладзіліся асобныя лагеры для дзяўчат і хлопцаў. Летам адбываўся агульны лагер у Сарані, рэкалекцыйным доме недалёка ад Караганды.
    Трэба адзначыць, дзякуючы такому месцу, як араторый, дзеці і моладзь могуць адчуць, што іх любяць і прымаюць. Тут яны могуць падсілкавацца, правесці час у прыемнай атмасферы, пачуць Добрую Навіну, пазнаёміцца і пасябраваць з веруючымі людзьмі, пачаць працаваць над сабой і змяняцца ў пазітыўным напрамку, развівацца ў розных накірунках (ёсць творчая майстэрня і спартыўная зала).
    Вялікай дапамогай у працы араторыя з’яўляюцца свецкія людзі. Хтосьці ахвяруецца як выхаваўца, сямейная пара, напрыклад, служыла на кухні, некаторыя сочаць за парадкам у будынку. Вельмі цікавым досведам было супрацоўніцтва з імі, бо дзякуючы гэтаму сапраўды бачна адказнасць людзей за розныя справы.
    Прабываючы ў Карагандзе, я ў пэўным значэнні атрымаў досвед жыцця мясцовага Касцёла. Падчас агульнай сустрэчы святароў і манаскіх асоб з усёй краіны ў Нур-Султане на пачатку мая меў магчымасць пачуць сведчанні іншых прадстаўнікоў духавенства і аповеды аб тых месцах, дзе яны служаць. Тады яшчэ больш пераканаўся, што Касцёл у Казахстане вельмі разнастайны, мае сваю адметную гісторыю і аблічча.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.