ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

У духу малітвы і ахвяры

Інтэрв'ю

16 жніўня ўжо ў 27-мы раз вырушыць Экуменічная пешая пілігрымка Беласток – Гродна – Вільнюс.
    Шлях да Маці Божай Вастрабрамскай пракладзены праз 3 краіны: Польшчу, Беларусь і Літву.
    За 9 дзён паломнікі пераадолеюць каля 300 кіламетраў. Для кожнага гэта будзе асаблівы час малітвы, засяроджання, духоўнага аднаўлення і радасці ад сустрэчы з Хрыстом і Яго Маці ў Святым Духу.
Чым пілігрымка Беласток – Гродна – Вільнюс адрозніваецца ад іншых? Чаму варта зрабіць высілак і вырушыць у дарогу да Маці Божай Міласэрнасці ў Вострую Браму? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае кс. д-р Лукаш Жук, кіраўнік экуменічнага паломніцтва.
– Кс. Лукаш, чым адметная сёлетняя пілігрымка Беласток – Гродна – Вільнюс?
    – У гэтым годзе мы вырашылі трохі змяніць трасу, каб падчас пілігрымавання мець магчымасць зайсці ў санктуарый Эўхарыстычнага цуду ў Сакулцы. Гэта асаблівае месца: у 2008 годзе там адбыўся эўхарыстычны цуд. Хочам тварам у твар сустрэцца з Езусам, які даў пазнаць сябе ў белым кавалку хлеба.
   
    – Пад якім дэвізам адпраўляецеся ў дарогу?
    – Лейтматывам пілігрымкі мы выбралі словы “У моцы Духа”, таму што яны выдатна ўпісваюцца ў сёлетнюю душпастырскую праграму для Касцёла ў Польшчы. Пілігрымаў дэвіз павінен заахвочваць да разважання над таямніцай Святога Духа, Яго роляй у супольнасці вернікаў і ў жыцці кожнага хрысціяніна.
   
    – Што з’яўляецца галоўнай матывацыяй для людзей, якія прагнуць удзельнічаць менавіта ў гэтай пілігрымцы?
    – Кожная дыяцэзія ў Польшчы арганізоўвае свае пілігрымкі ў мясцовыя санктуарыі, сярод якіх асаблівай папулярнасцю карыстаецца Ясная Гара ў Чанстахове. Наша пілігрымка ў Вострую Браму аб’ядноўвае шматлікіх вернікаў з розных тэрыторый Польшчы, а таксама з-за мяжы. Да паломнікаў, якія вырушаюць з Беластока, далучаецца група з Гродна, дзякуючы якой пілігрымка набывае непаўторны характар.
    Ідучы праз Беларусь, мы заўсёды атрымліваем нязвыклы дар сведчання веры і любові да іншага чалавека. Людзі, якіх сустракаем, часта вельмі простыя, вылучаюцца неймаверным унутраным багаццем. Адчуваем вялікую зычлівасць жыхароў, якія адкрываюць перад намі дзверы сваіх дамоў на начлег, а таксама тых людзей, якія з вялікай сардэчнасцю вітаюць на трасе. Мы, арганізатары, разам з пілігрымамі таксама прагнем пакінуць пасля сябе нейкі след. Спачатку пытаем у парафіях, якія існуюць патрэбы, а потым стараемся іх рэалізаваць, ахвяруючы літургічныя прадметы і іншыя рэчы.
    Ганаруся тым, што кожны ўдзельнік паломніцтва ўсведамляе, што ў сённяшнім свеце патрэбна вялікая маніфестацыя веры. Мы павінны выходзіць на вуліцы і паказваць, Каму належым, дзе нашы карані. Павінны гаварыць пра Хрыста не толькі
    ў сваіх дамах і сем’ях, але і дэманстраваць свету, што здольны накіроўвацца за Богам.
   
    – З якімі інтэнцыямі вернікі вырушаюць у дарогу?
    – Інтэнцыі разнастайныя. Калі казаць пра агульныя намеры, то мы найперш молімся за кожную нацыянальнасць, за людзей, з якімі сутыкаемся падчас паломніцтва, молімся таксама аб супакоі, адзінстве, моцы і сіле. Акрамя таго, кожны мае свае прыватныя інтэнцыі. Любім паўтараць, што ўсе нясём з сабой багаж – заплечнік свайго жыцця, у якім спакаваны ўласныя просьбы. Забіраем іх таксама з нашых сем’яў, асяроддзяў. Нясём да ног Маці Божай Вастрабрамскай інтэнцыі, якія атрымліваем ад людзей у дарозе.
   
    – Памятаеце сваё першае паломніцтва ў Вострую Браму?
    – Канешне! Гэта стала для мяне вялікім выпрабаваннем. Я ніколі раней не вандраваў у Вострую Браму, таму не мог нават уявіць, як усё гэта выглядае. Вельмі добра памятаю свой першы досвед як кіраўніка пілігрымкі. У той час мяне захлынула зычлівасць і дабрыня людзей, ксяндзоў і пробашчаў, якія сустракалі нас у парафіях. Сёлета ўжо ў 7-мы раз павяду паломніцтва. Вядома, як і заўсёды, існуюць пэўныя страхі, але я ведаю: нягледзячы на роз- ныя арганізацыйныя цяжкасці, у выніку ўсё атрымаецца.
   
    – Часта аб’яднаўчым элементам у пілігрымцы з’яўляюцца незвычайныя падзеі. Можа, якія-небудзь з іх Вы памятаеце?
    – Ёсць мноства такіх момантаў, не ўдасца пералічыць іх усе. Але, напэўна, варта ўзгадаць юбілейную 25-ую пілігрымку, калі мы ўзнагароджвалі свецкіх асоб і пробашчаў, якія ў асаблівай ступені адзначыліся падчас арганізацыі. Уручалі адмысловыя адзнакі 3-ом паломніцам, якія прымалі ўдзел у гэтай рэлігійнай вандроўцы з самага пачатку. Некалькі гадоў таму адбылася яшчэ адна асаблівая падзея. Пілігрымы неслі рэлікварый бл. Міхала Сапоцькі, які пазней быў урачыста ўнесены ў парафію ў Яшунах на Віленшчыне.
    Кранальным момантам было, калі на прыпынках збіраліся людзі, каб памаліцца ля рэліквій.
    У гэтым годзе нас чакае чарговая незвычайная падзея. 24 жніўня, на ўваход паломнікаў у капліцу Маці Божай Вастрабрамскай, будзе адпраўлена ўрачыстая св. Імша, спалучаная з сакрамантам сужэнства. 2 гады таму двое маладых людзей пазнаёміліся ў нашай пілігрымцы. Пазней яны заручыліся і вырашылі, што калі Пан Бог паставіў іх на паломніцкі шлях, хочуць гэты шлях прайсці як нарачоныя, а ў канцы ўзяць шлюб.
   
    – Існуе меркаванне, што агульная колькасць пілігрымаў памяншаецца, што паломніцтвы ўжо не прыцягваюць так моцна. Як Вы лічыце, пілігрымаванне мае будучыню?
    – У цяперашнія часы дастаткова складана з упэўненасцю сказаць “так”. Тое, што пілігрымкі ўжо не такія ж масавыя, як некалі, відавочны факт. Аднак калі людзі, гатовыя да некалькідзённага вандравання, надалей будуць даваць добрыя сведчанні сваім прыкладам, то пілігрымаванне мае перспектывы. З уласнага досведу ведаю, што ў межах заахвочвання да пілігрымавання можна даваць інтэрв’ю ў розныя СМІ, развешваць плакаты, але найлепшай рэкламай ёсць і будзе, у першую чаргу, жывое слова і сведчанне.
   
    – Што атрымлівае вернік падчас пілігрымавання?
    – Пешая пілігрымка – гэта, як усе мы добра ведаем, рэкалекцыі ў дарозе, а таму духоўна інтэнсіўны час. Гэта таксама спыненне ў бегу штодзённасці, нагода, каб задумацца над уласным жыццём, сабой, сваёй верай, магчымасць засяродзіцца на ўнутраным стане, заняцца тым, на што не хапае часу ў будзённай мітусні. Гэта шанс пазнаёміцца з цікавымі месцамі, людзьмі. Няма, напэўна, такой асобы, якая, аднойчы паспрабаваўшы, потым шкадавала б, што вырушыла ў паломніцкі шлях. Таму сардэчна запрашаю ўсіх далучыцца да нас. Да сустрэчы на паломніцкім шляху!
   
Удзельнікі пілігрымкі Беласток – Гродна – Вільнюс прыбудуць у горад над Нёманам 18 жніўня. Тут да іх далучацца мясцовыя вернікі.
    Запісацца ў пілігрымку можна непасрэдна ў дзень яе адпраўлення з Гродна, 19 жніўня, перад св. Імшой а 7-ай гадзіне раніцы ці пасля яе ў касцёле Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскі).
    Тым, у каго няма візы, неабходна папярэдне звярнуцца да каардынатара паломніцтва з беларускага боку кс. Паўла Безляповіча да 1 жніўня па тэлефоне: (8 029) 266-77-03.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.