ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Цуд у Любчы! Ажыўляючы веру, уваскрашаючы гісторыю

З жыцця Касцёла

Новапабудаваны храм стаў першай за апошнія некалькі соцень гадоў каталіцкай святыняй у ЛюбчыНевялічкі гарадскі пасёлак Любча, што пад Навагрудкам, які не налічвае нават 1500 жыхароў і мае ў 10 разоў менш католікаў, здаўна хавае ў сабе велізарную хрысціянскую каштоўнасць. Менавіта адсюль пачала распаўсюджвацца вера ў Езуса на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага. Тут быў пабудаваны першы каталіцкі храм і заснавана першае лацінскае біскупства на нашых землях.
Ад хаты да храма
    Парафіяльная супольнасць з’явілася ў Любчы ў XIII стагоддзі. Вакол яшчэ панавала язычніцтва, а вызнаўцы Хрыста ўжо збіраліся на набажэнствы ў касцёле, які ўзвышаўся леваруч ад Любчанскага замка. Дарэчы, там быў каранаваны Міндоўг – першы вялікі князь літоўскі. Палац захаваўся дагэтуль, а святыня адышла ў нябыт – была спалена падчас Трынаццацігадовай вайны (1654–1667 гг.).
    З тых часоў у любчанскай каталіцкай супольнасці распачаўся складаны перыяд блуканняў, які, можна сказаць, завяршыўся толькі 30 чэрвеня бягучага года.
У гэты дзень у Любчы асвяцілі новую святыню. Яна “вырасла” за няпоўныя 2 гады дзякуючы тытанічным намаганням пробашча навагрудскай парафіі кс. Юрыя Жэгарына і тутэйшых вернікаў.
    Святыня з’явілася на месцы былой зубапратэзнай – старога непрыкметнага будынка, які апошні дзясятак гадоў служыў мясцовым вернікам капліцай. “Каб мы маглі раз на тыдзень у больш-менш прыдатных умовах збірацца на св. Імшы, трэба было праз дзень прыходзіць туды і распальваць печ”, – успамінае старажыл Тадэвуш Журавель, адзін з былых наглядчыкаў капліцы.
    Да таго, як вернікі атрымалі ад мясцовых улад гэты будынак ва ўласнае карыстанне, збіраліся на нядзельную малітву ў сваіх дамах. “Цягам некалькіх гадоў маліліся і ў нашай хаце. У адным пакоі ксёндз спавядаў, у другім – адпраўляў св. Імшу, – узгадвае спадар Журавель. – Аднойчы ў нашым простым прыстанку сустракалі шаноўнага госця, біскупа Аляксандра Кашкевіча. Спачатку разам памаліліся, затым з’елі супольны пасілак”.
    У 1930-ых гадах у мястэчку вялася будова касцёла. І святыня была нават амаль завершана. Не хапала толькі даху і крыжа, калі савецкія ўлады забралі будынак у сваю ўласнасць. Спачатку зрабілі з яго склад, пасля – жылы дом. Любчане, дарэчы, засяляюць яго дагэтуль.
    У той жа час у мястэчку служылі манахіні з Кангрэгацыі Сясцёр Уршулянак Сэрца Езуса Канаючага. Сёстры размясціліся ў занядбалым Любчанскім замку, паступова прыводзячы ў парадак інтэр’ер палаца і падбадзёрваючы духоўна жыхароў мястэчка. “Сёстры сталі сапраўднымі гаспадынямі замка. Пры іх мы мелі асобны пакой, дзе перад Імшой, што адпраўлялася ў замкавай капліцы, пераапраналіся ў падрыхтаваныя заўсёды чыстыя і адпрасаваныя комжы, – узгадвае спадар Журавель, які ў той час служыў міністрантам. – Ды і гаспадарку сёстры трымалі: гадавалі курэй, свіней. Заўсёды быў дагледжаны сад і агарод. Мелі ў карыстанні 12 гектараў зямлі”.
    Зразумела, плён сваёй працы манахіні ахвяравалі людзям. Яны арганізавалі на замкавай тэрыторыі дзіцячы садок, гімназію. Апекаваліся хворымі, вялі гурток вясковых гаспадынь. Ладзілі летнікі, разлічаныя на некалькі соцень хлопцаў і дзяўчат. На адпачынак у Любчу прыязджалі нават дзеці з Лодзі і Варшавы (Польшча). Акрамя таго, у сясцёр заўсёды мог знайсці прытулак кожны патрабуючы.
    На пачатку ІІ Сусветнай вайны манахіні клапаціліся пра ўцекачоў. І хоць адважна сустракалі трывожныя навіны, хуткае наступленне бальшавіцкай улады прымусіла сясцёр пакінуць нашы землі.
   
    Будаўніцтва святыні – справа супольная
    Мясцовыя парафіяне ў доме спадарства Журавель, дзе вернікі збіраліся на супольную малітвуУ 2016 годзе пробашчам навагрудскай і любчанскай парафій быў прызначаны кс. Юрый Жэгарын. Ён адразу прапанаваў мясцовым вернікам адрамантаваць будынак, адведзены пад капліцу. “Падахвочаныя энтузіязмам святара, мы запыталі ў яго, ці магчыма пабудаваць новую. У адказ пачулі лаканічнае «трэба падумаць»... І літаральна праз некалькі месяцаў ужо мелі гатовы праект святыні”, – распавядае з усмешкай парафіянка Людміла Скобля.
    “Праект рыхтаваў аўтар шматлікіх культавых аб’ектаў, вядомы беларускі архітэктар Аляксандр Базевіч, – адзначае кс. Юрый. – Трэба сказаць, што першы і вялікі ўклад цалкам належыць любчанскім парафіянам. На праект касцёла яны сабралі сродкі выключна сваімі сіламі”.
    Узвядзенне святыні асабіста для спадарыні Людмілы стала вельмі важнай і радаснай падзеяй. Яна нарадзілася ў Васілішках, дзе з дзяцінства прымала актыўны ўдзел у жыцці парафіі. “Накіраваная пасля вучобы ў Любчу, я раптам апынулася ў месцы, дзе не магла нават зазірнуць да Бога, – кажа жанчына. – Мая маладосць прыпала на складаныя часы, і патрэба ў нябесным суцяшэнні адчувалася востра. Дабрацца да бліжэйшай святыні магчымасці не было…”.
    Верніца доўга жыла з надзеяй на тое, што прыйдзе час і ў мястэчку можна будзе ў любую хвіліну завітаць у дом Пана. Таму калі ў Любчы пачалося будаўніцтва святыні, спадарыня Людміла не шкадавала ні хвіліны вольнага часу, каб дапамагчы ў арганізацыйных справах. “Нашы людзі браліся за любую працу. Самастойна разбіралі стары будынак, прыбіралі смецце, прывозілі ваду, кармілі наёмных рабочых, укладваліся фінансава”, – распавядае парафіянка.
    Увогуле, стварэнне Божага дома – справа агульначалавечая. Ва ўсёй Любчы, у блізкім Навагрудку ніводная просьба аб дапамозе ў будаўніцтве святыні не засталася без водгуку. Ахвярадаўцы знайшліся нават далёка за межамі Беларусі. І хоць гэтая справа спаткала шматлікія цяжкасці, вокамгненнае ўзвядзенне храма гаворыць пра неверагодныя магчымасці запаленых людскіх сэрцаў у спалучэнні, вядома, з Божай дапамогай.
   
    Вяртаючыся да вытокаў, з думкай пра будучыню
    Любчанскі замак (другая палова XVI cт.)Для таго, каб парафіяльная супольнасць развівалася, толькі асвяціць святыню недастаткова. Усведамляючы душпастырскую адказнасць, кс. Юрый нястомна генерыруе і працуе над новымі ідэямі. “Плануем стварыць парафіяльны хор. Настаўніца з музычнай школы згадзілася ім займацца. Хочам таксама арганізаваць даезд у Любчу з прылеглых вёсак. Вернікі там ёсць, а рэйсавых аўтобусаў няма, – дзеліцца святар. – Збіраемся праводзіць евангелізацыйны курс для ўсіх ахвотных. У сувязі з ажыятажам вакол будаўніцтва храма ўжо можна заўважыць зацікаўленасць Касцёлам сярод арэлігійных любчан. Мы спадзяёмся на іх прыход”.
    Новапабудаваная святыня носіць тытул Сэрца Пана Езуса і св. Марыі ад Езуса Укрыжаванага (Малой арабкі). Акрамя гэтых апекуноў парафія мае яшчэ адну заступніцу – Маці Божую. Яна клапатліва пазірае з кута святыні ў фігуры, якая захавалася з часоў існавання замкавай капліцы. Нерухомая постаць Найсвяцейшай Панны Марыі нібы нанова сведчыць аб непарушнасці хрысціянскай веры на зямлі, якая стала калыскай каталіцтва ў Беларусі.
   
    Рэдакцыя выказвае словы ўдзячнасці сям’і Крапівіных за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.