ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Канікулы з Богам

Слова рэдактара

 Кожнаму неабходны адпачынак. Не толькі звыклы штодзённы, але і больш доўгі – водпуск ці канікулы. Ён дапамагае аднавіць сілы і расслабіцца, каб пазней з запалам і энергіяй узяцца за працу ці вучобу.
    Адпачынак не можа быць раўназначны бяздзейнасці. Ён павінен адрознівацца ад паўсядзённых заняткаў: асобе, якая працуе інтэлектуальна, патрэбна больш руху і актыўнасці, якая працуе фізічна – палёгка для цела і напружванне розуму. Варта ладзіць падарожжы, прымаць удзел у пілігрымках, а рэшту вольнага часу прызначаць на культурныя падзеі і дастаткова доўгі, спакойны сон. Неабходна таксама памятаць пра рэчы, ад якіх не можа быць водпуску. Як сцвярджае старая прыказка, няма канікул у школе жыцця. Няма іх таксама ад Бога.
Трэба нястомна пазнаваць Пана, каб разам з тым глыбей разумець назначаны Ім сцэнарый свайго жыцця, для якога падрыхтаваны паспяховы фінал. Трэба шукаць найлепшы спосаб для рэалізацыі гэтага сцэнарыя, багатага на разнастайныя сюрпрызы – часам радасныя, а часам сумныя. Пры тым важна ў любой сітуацыі заставацца чалавекам, які прызначаны найперш да святасці. Калі памятаем, што нашай мэтай з’яўляецца збаўленне, Бог заўсёды будзе на першым месцы. Тады мы трываем з Панам пры любых абставінах і не можам дазволіць сабе жыць так, нібы Яго не існуе.
    Час водпуску і канікул павінен стаць нагодай для паглыблення сваёй малітвы, для даўжэйшых размоў з Панам пра ўласныя клопаты і радасці. Гаворка не аб нагружэнні сябе дадатковымі малітвамі і памнажэнні малітоўных пунктаў дня, але аб жывых сустрэчах з Богам у цішыні сэрца, у засяроджанні на ўлонні прыроды. На самой справе ў тым, каб знайсці з дзясятак хвілін цягам цэлых сутак на размову са Стварыцелем, няма нічога складанага.
    Важна памятаць пра св. Імшу, паколькі гэта “сэрца кожнай нядзелі”. Варта заходзіць у святыню падчас экскурсій, каб там хаця б хвілінку пабыць у цішыні. Наведванне сакральных аб’ектаў і размовы з Панам – таксама досвед Божай прысутнасці. Праведзеныя такім чынам канікулы павінны паспрыяць таму, што вернемся да сваіх абавязкаў не толькі адпачыўшымі, але і больш шчаслівымі.
   
   
   Дарагія Чытачы!
   Не дазволім, каб Хрыстос дарэмна чакаў сустрэчы з намі ў Эўхарыстыі, у сакраманце пакаяння і паяднання, у малітве… Канікулы з’яўляюцца цудоўным часам, дарам Нябеснага Айца. Дык няхай гэты дар будзе добра намі выкарыстаны!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.