ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Сем “я” – адна сям’я, або мы і Бог

На шляху да святасці

Віталій і Іна Белавокія з парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне некалькі гадоў чакалі нараджэння дзіцяці. Бог аказаў сужэнцам ласку і шчодра адарыў іх патомствам. Сёння бацькі выхоўваюць 10-гадовага Аўгусціна, 8-гадовага Дамініка, 6-гадовага Яна і гадавалую Марыю.
    Сужэнцы з маленства гадуюць дзяцей у веры. Маюць цвёрдую ўпэўненасць у тым, што ў сям’і абавязкова павінна быць месца для Бога. На старонках “Слова Жыцця” бацькі распавядаюць пра сваю штодзённасць і разважаюць наконт таго, што дапамагае ім быць адным цэлым.
На моцным падмурку
  Бацькі (злева), браты, сястра і хросныя (справа)  спадарожнічаюць Дамініку падчас яго Першай св. Камуніі    Сям’ю не заменяць ні найбольшыя грошы, ні кар’ера, ні сябры. Гэта тое месца, дзе разумеюць без слоў, падтрымаюць у любой сітуацыі, дзе можна схавацца ад свету, дзе не павінна быць зайздрасці, саперніцтва, дзе шчасце – проста быць… Быць, нягледзячы на розныя хітраспляценні лёсу.
    Каб пабудаваць шчаслівую сям’ю, неабходны добры падмурак. І наколькі ён будзе моцны, залежыць, у першую чаргу, ад саміх сужэнцаў. Мы напачатку вырашылі, што дом нашага жыцця пабудуем на веры ў Бога. Без Яго не ступім ні кроку. Вызначыўшы накірунак, прыкладваем усе магчымыя намаганні, каб “не адхіляцца ад курсу”.
   
    Сэрца сям’і – гэта Бог
    Мы разам молімся ранкам і ўвечары ў сваім хатнім “санктуарыі”. На святы і ў нядзелю абавязкова ідзём у касцёл. Нават пасля нараджэння малодшых дзяцей стараемся не прапускаць св. Імшу, на ўласным прыкладзе паказваючы старэйшым, што для сустрэч з Богам не існуе перашкод.
    Увогуле, прыклад бацькоў у выхаванні дзяцей, у тым ліку і рэлігійным, з’яўляецца вызначальным. Вялікі ўплыў на малодшае пакаленне аказвае тое, як мы размаўляем з іншымі людзьмі, як сустракаем радасці і нягоды, як аказваем адзін аднаму дапамогу. Стараемся разам хадзіць у пілігрымкі, удзельнічаць у рэкалекцыях. Кожны месяц з задавальненнем адпраўляемся на сустрэчы сем’яў, што паглыбляе і развівае нашу веру.
    На галоўныя святы – Вялікдзень, Божае Нараджэнне – упрыгожваем дом. Тлумачым дзецям, як важна рыхтавацца да сустрэчы з Богам. Звяртаем увагу нават на такія, здавался б, дробныя моманты, як што апрануць у касцёл. На наш погляд, гэта павінна быць лепшае адзенне, а не звыклыя джынсы і красоўкі. Праз прыгожую вопратку мы выказваем любячаму Айцу сваё годнае стаўленне. І няхай гэта будзе не толькі ў дзень Першай Камуніі, канфірмацыі, шлюбу…
    У разнастайных абставінах імкнёмся паказаць дзецям, як правільна сябе паводзіць, даносім да іх свядомасці, што пра гэта гаварыў Езус. На ноч чытаем ім Біблію. Калі развітваемся, заўсёды бласлаўляем адзін аднаго, робячы знак крыжа на ілбе. Так робім і мы самі, і нашы дзеці.
   
    Толькі з малітвай
    Што самае галоўнае ў сямейным жыцці? Вядома, любоў. І малітва! Без яе не пабудуеш падмурка, на якім павінен выстаяць сужэнскі саюз; якая б моцная любоў ні была. У жыцці столькі ўсяго здараецца…
    За 15 гадоў свайго сужэнства шмат чаго перажылі. І заўсёды выратавальным кругам для нас была малітва. Калі раней звярталіся да Бога з просьбамі, то цяпер гэта часцей малітва ўдзячнасці. Дзякуем за ўсе ласкі, якімі нас адарыў Усемагутны, і цуды, якія па Яго волі да сёння назіраем у жыцці.
    Сям’я – гэта вялікая і пастаянная праца, перш за ўсё над сабой. Вядома, усе мы не ідэальныя. Варта штодня прасіць Бога аб цярплівасці, супакоі, чуласці, узаемаразуменні.
    І дзякаваць. Дзякаваць за кожны дзень і што ў ім: было ці яшчэ адбудзецца.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.