ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Праз пілігрымку да святасці

На шляху да святасці

Калі святыня – гэта месца малітвы, то пілігрымка – гэта шлях малітвы. На ім паломнікі ажыўляюць сваю веру.
У пілігрымку ідуць для таго, каб перапрасіць за свае грахі, вымаліць у Бога патрэбныя ласкі (здароўе, нараджэнне дзіцяці і г. д.)
    або падзякаваць за атрыманыя (добрае заканчэнне навучальнага года і здачу экзаменаў, сесій, вызваленне ад алкагалізму, наркаманіі і інш.). Людзі вырушаюць у дарогу да святых месцаў таксама з жадання асвяціць сябе т. зв. шляхам навяртання, галоўнае ў якім – стан пакуты. Кожная пілігрымка з’яўляецца таксама “перавядзеннем дыхання” і перапынкам ад паўсядзённай манатоннасці, магчымасцю праявіць хрысціянскае братэрства. Акрамя ўсяго, пілігрымка – гэта акт праслаўлення Бога.
Паломніцтва як праява рэлігійнасці вядома ўжо здаўна, з часоў старажытнага Егіпта, Грэцыі, Рыма. У культурах Блізкага Усходу існавалі спецыяльныя дні, у якія вернікі здзяйснялі пілігрымкі. Традыцыя хрысціянскіх паломніцтваў бярэ пачатак, верагодна, каля IV стагоддзя. Рукапіс “Itinerarium Burdigalense”, датаваны 333 годам, з’яўляецца самым старэйшым апісаннем паломніцкага шляху. Ананімны аўтар вандраваў у сённяшнюю Святую Зямлю.
    Калі хтосьці лічыць, што пілігрымкі зараз “не модныя”, моцна памыляецца. Сёння шматлікая колькасць людзей з цікавасцю вырушае ў шлях, падчас якога можа духоўна ўзбагаціцца. Пешшу, веласіпедам, на аўтобусе, аўтамабілі… Вернікі не баяцца цяжкасцей – вызначаюцца з інтэнцыяй і, узрушаныя, накіроўваюцца ў святыя месцы.
    Пілігрымка можа быць як калектыўнай, так і індывідуальнай. Як правіла, яна бярэ пачатак у парафіяльнай святыні ці ў іншым месцы. Распачынаецца св. Імшой, адной з частак Літургіі Гадзін ці іншай малітвай, якую завяршае спецыяльнае бласлаўленне святара. У дарозе пілігрымы моляцца, спяваюць рэлігійныя песні, спыняюцца перад святынямі, якія знаходзяцца на паломніцкай дарозе. Светачам, ежай і сілай на гэтым шляху з’яўляецца Божае слова. Кульмінацыйным момантам пілігрымкі становіцца сакрамант пакаяння. Завяршаецца шлях малітвамі асаблівай формы: падзякі, праслаўлення, просьбы аб заступніцтве праз святых. Некаторыя вернікі яшчэ доўгі час жывуць успамінамі аб пілігрымцы. Пра яе нагадваюць каляровыя шалікі, серфікаты або эмблемы ўдзельнікаў, карты паломніка. Многія прывозяць сувеніры з выявай святыні, куды быў пракладзены шлях. Галоўным, да чаго звяртаецца сэрца, з’яўляецца духоўны плён, здабыты ў дарозе.
    Наколькі добра быў выкарыстаны час пілігрымкі, заўсёды залежыць, у першую чаргу, ад самога чалавека, яго настрою, уцягнутасці, самаарганізацыі. Немалаважную ролю ў гэтым адыгрывае і план паломніцтва, вызначаныя мерапрыемствы. Калі пілігрымка мела рэальны характар малітвы, то вернік робіць пастанову аб перамене свайго жыцця, натхнёны думкай, што ў наступны раз прыйдзе зноў, прывядзе з сабой сваякоў, сяброў, знаёмых. І гэта першы і самы верны паказчык таго, што пілігрымка прайшла “на ўзроўні”.
    Святыя месцы, насамрэч, тады і жывуць, калі ў іх прыходзяць пілігрымы. Хваля паломнікаў нарастае, калі там адбываюцца цуды.
   
Некалькі гадоў таму ў мяне вявіліся праблемы са здароўем: знайшла на целе пухліну ў выглядзе цвёрдай гарошыны. Усе раілі звярнуцца да ўрачоў, але я вырашыла дачакацца ліпеня і адправіцца ў паломніцтва да Маці Божай Тракельскай. Ішла з адной толькі думкай аб ацаленні.
    Усю дарогу не выпускала ружанец з рук. Ужо ў самім санктуарыі я абышла абраз Маці Божай і прысела ў калідоры. Раптам мне зрабілася дрэнна.
    Я пабялела, кідала то ў жар, то ў холад. Прыняла лякарства і сядзела ўсю Імшу. А калі надышоў момант прыняцця Камуніі, я адчула нязвыклую лёгкасць.
    Па прыездзе дадому не знайшла ніякай пухліны. І да сёння адчуваю сябе добра. Упэўнена, гэта Маці Божая ацаліла мяне!
    Яніна
   
    У красавіку 2016 года ў мяне выявілі рак малочнай залозы. Сваёй сям’і я сказала, што буду змагацца з гэтай каварнай хваробай і верыць. Аднак, як усякага чалавека, мяне апаноўвалі розныя думкі. Часам сумнявалася ў тым, што буду аздароўлена. Сябар нашай сям’і кс. Артур падбадзёрваў мяне, кажучы: “Пані Ганна, галоўнае – вера”.
    З Богам я прайшла ўсе выпрабаванні. З Ім вытрымала хіміятэрапію, апраменьванне, аперацыю. У палаце мы разам маліліся Ружанцам, Вяночкам, спявалі песні. Да нас далучаліся таксама пацыенткі з суседняй палаты. А калі ўжо маглі нармальна рухацца пасля аперацыі, хадзілі на св. Імшу ў каплічку. Дзякую Богу за добрую сям’ю, сяброў, святароў, урачоў, медсясцёр, якія былі побач.
    Праз некаторы час я з мужам і сяброўкай па няшчасці ўпершыню пайшла ў Тракелі з Ліды.
    Пілігрымка вельмі спадабалася. Ісці да Маці Божай Тракельскай было лёгка, хоць спачатку мы з сяброўкай вельмі непакоіліся, як вытрымаем пасля таго, што з намі было. Але і на гэты раз усё прайшлі з Богам.
    У мінулым годзе мы зноў сабраліся ў Тракелі. Але тут мяне пачаў непакоіць пасляаперацыйны шоў.
    На УГД выявілася новаўтварэнне 25 мм. Аднак урач супакоіў мяне, таму смела вырушыла да Маці Божай. А колькі радасці было, калі вярнулася з пілігрымкі! УГД паказала, што новаўтварэнне паменшылася да 11 мм. Дзякуючы Богу і Маці Божай усё добра!
    Памятаю, як пасля аперацыі прафесар сказаў мне: “Бог Вас любіць”. Цяпер я ўпэўнена ў гэтым. Пастаянна ўзгадваю тыя словы, яны мне вельмі дапамагаюць у жыцці. Дзялюся гэтым сведчаннем, каб падбадзёрыць тых, хто думае, што Бог забыўся пра іх. Нябесны Айцец не можа забыцца пра сваіх дзяцей! Верце, Бог заўсёды з вамі.
    Ганна
   
    У 40-гадовым узросце мяне пачаў непакоіць каленны сустаў. Доўга мучылася: пастаянна цярпела тупы ныючы боль, часам былі абвастрэнні. Але да ўрачоў не звярталася.
    Мінуў некаторы час, і мы з сястрой рашыліся пайсці ў тракельскі санктуарый. Падаў дробны дождж, дзьмуў вецер, а мы з ружанцам у руках і з малітвай на вуснах вырушылі ў дарогу. Хворая нага дазволіла мне пераадолець 20 км дарогі з Ліды да Тракеляў. Пасля гэтага боль знік. Цяпер нават не памятаю, каторая нага балела. Веру, што ацаленне атрымала ад Маці Божай Тракельскай.
    Пасля гэтага ў нашай сям’і здарылася яшчэ 3 маленькія цуды. Цяпер ходзім у санктуарый не каб прасіць, а каб дзякаваць.
    Зоя
   
    У маі 2011 года я з маім тады яшчэ будучым мужам вырашылі дастаткова нязвыкла адзначыць першую гадавіну знаёмства – паехалі на экскурсію па прыгажэйшых месцах Беларусі. Аказаўшыся ў Тракелях, як звычайныя турысты зайшлі ў касцёл Наведвання Найсвяцейшай Панны Марыі. Падумаць не маглі, што абраз Маці Божай Тракельскай перавярне ўсё наша жыццё. Пацярпеўшы няўдачу з першай цяжарнасцю, мы, не згаворваючыся, папрасілі ў Марыі падарыць нам дзіця. І літаральна праз месяц я зацяжарыла! Але сапраўдны цуд быў наперадзе…
    Калі тэрмін цяжарнасці складаў прыкладна месяц, я трапіла ў бальніцу з тым жа дыягназам, што і ў першы раз – “замерлая цяжарнасць”. Мне 3 дні калолі спецыяльныя прэпараты, каб перарваць яе медыкаментозна. А калі зрабілі кантрольнае УГД перад аперацыяй, аказалася, што… сэрца дзіцяці б’ецца! Апісаць, што я адчувала ў той момант, немагчыма. Мы з мужам упэўнены, што толькі дзякуючы ўмяшанню Вышэйшай Сілы сёння маем дачушку, якую назвалі Дар’я.
    Нядаўна мы прыехалі ў тракельскі касцёл ужо ўсёй сям’ёй і зноў адчулі ласку, што зыходзіць ад абраза. Хто ведае, можа, цуд зноў пастукаецца ў наша жыццё…
    Aлёна
Карыстаючыся магчымасцю, як кусташ санктуарыя Маці Божай Каралевы Нашых Сем’яў у Тракелях запрашаю Вас, дарагія Дыяцэзіяне, на юбілейныя ўрачыстасці, якія адбудуцца 12–13 ліпеня. Галоўную св. Імшу на 2-гі дзень у 10.00 узначаліць Апостальскі нунцый у Беларусі абп Габар Пінтэр. Знаходзячыся блізка, не праходзьце міма – Маці Божая чакае!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.