ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Ці можа некатолік спавядацца ў каталіцкага святара?

Задай пытанне

У той самы час як некаторыя католікі з падазрэннем ставяцца да святой споведзі і могуць увогуле занядбаць сваё рэлігійнае жыццё, знаходзяцца іншыя асобы, якія – натхнёныя – з вялікай павагай і цікаўнасцю глядзяць на сакраманты каталіцкай веры. Прадстаўнікоў некаталіцкага веравызнання часта цікавіць спосаб атрымання псіхалагічнай палёгкі, калі яны могуць распавесці пра свае правіны каму-небудзь іншаму, і суцяшэння, калі могуць пачуць словы малітвы адпушчэння грахоў. Але ці мае права некатолік стаць у чаргу да каталіцкага святара, каб скарыстаць сакрамант паяднання?
    Адказ на гэтае пытанне можна знайсці ў Кодэксе кананічнага права, у якім вельмі ясна гаворыцца пра сакраманты ў Каталіцкім Касцёле. “Служыцелі-католікі правамоцна ўдзяляюць сакраманты толькі католікам-вернікам, якія таксама правамоцна прымаюць іх толькі ад служыцеляў-католікаў” (кан. 844 §1). Такім чынам, каб атрымаць правамоцна сакрамант святой споведзі ў каталіцкага святара, трэба знаходзіцца ў поўнай еднасці з Каталіцкім Касцёлам, г. зн. быць католікам.
Кодэкс кананічнага права вызначае некаторыя выключэнні для ахрышчаных некатолікаў: “Калі існуе небяспека смерці або калі, на думку дыяцэзіяльнага біскупа або Біскупскай Канферэнцыі, існуе іншая сур’ёзная неабходнасць, служыцелі-католікі могуць правамоцна ўдзяляць тыя ж сакраманты (споведзь, намашчэнне хворых, Эўхарыстыя) хрысціянам, якія не знаходзяцца ў поўнай еднасці з Каталіцкім Касцёлам (некатолікам), якія не маюць магчымасці прыняць гэтыя сакраманты ад служыцеля ўласнай супольнасці і просяць аб іх удзяленні спантанна, пры ўмове, што ставяцца да гэтых сакрамантаў з каталіцкай верай і да гэтага добра падрыхтаваныя” (кан. 844 §4). Адсюль вынікае, што ў некаторых абставінах, напрыклад, праваслаўны вернік можа папрасіць аб сакраманце споведзі каталіцкага святара, бо ў Праваслаўнай Царкве існуюць тыя ж самыя сакраманты, і Каталіцкі Касцёл прызнае іх дзейснымі. Аднак каталіцкі святар можа ўдзяліць адпушчэнне грахоў некатоліку толькі ў рэдкіх выключэннях, напрыклад, у выпадку небяспекі смерці.
    Безумоўна, хрысціяне-некатолікі маюць права пры неабходнасці шукаць духоўную дапамогу таксама і ў Каталіцкім Касцёле. Каб атрымаць яе, дастаткова падысці да каталіцкага святара і дамовіцца з ім аб сустрэчы. Аднак што датычыць споведзі, якая вызваляе чалавека, адкрываючы яму новы шлях, то маем справу з выключным сакрамантам. І каб прыняць гэты каштоўны дар ад каталіцкага святара, трэба належаць да Каталіцкага Касцёла.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.