ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Ісці ў свет і абвяшчаць Евангелле

Інтэрв'ю

29 чэрвеня а. Вальдэмар Слота, пробашч парафіі Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы, адзначае 25-ую гадавіну святарскіх пасвячэнняў. Юбілейная дата – не толькі нагода, каб падзякаваць за гэты дар, але таксама прычына для засяроджання над веліччу і абавязкамі, якія з яго вынікаюць. У сённяшнім нумары “Слова Жыцця” юбіляр расказвае пра сваю паслугу на ніве Пана.
– Часта гавораць, што нявызнаныя шляхі Божыя, якімі Ён нас вядзе. Адных захоплівае для той ці іншай паслугі (святарскай, урачэбнай, настаўніцкай) паступова і спакойна, іншых – раптоўна і абсалютна нечакана. А. Вальдэмар, якім чынам Вы распазналі сваё пакліканне і адкрылі сэрца на заклік Пана?
    – Гэта быў доўгі, дастаткова складаны, але прыгожы шлях. Пасля школы я скончыў тэхнікум і, маючы 21 год, вырашыў, што пайду ў семінарыю, каб распазнаць сваё пакліканне, зразумець, ці прывільны шлях выбіраю. Я перажыў глыбокія змены: зарыентаваўся на новае жыццё, якое паступова пазнаў і выбраў як сваё, як дар Хрыста для мяне. У выніку, 29 чэрвеня 1994 года абп Юзаф Кавальчык усклаў на мяне рукі, і я атрымаў сакрамант святарскага пасвячэння.

    – Вы належыце да Кангрэгацыі Найсвяцейшага Адкупіцеля. Чаму выбар упаў на айцоў рэдэмптарыстаў?
    – Паходжу з поўдня Польшчы. Недалёка ад маёй роднай мясцовасці знаходзіцца санктуарый Маці Божай Тухаўскай. Раз на год, а нават і часцей, мы прыязджалі ў Меншую Базіліку, каб пакланіцца Маці Міласэрнасці. Адпуст у гэтай парафіі трывае 9 дзён і з’яўляецца сапраўды велічнай падзеяй. Я сустракаў там місіянераў, якія прамаўлялі цудоўныя канферэнцыі, казанні. Ужо тады я зацікавіўся місійнай працай. Вырашыў стаць айцом рэдэмптарыстам з-за харызмы кангрэгацыі, што ўдзельнічае ў місіі Касцёла, які, будучы паўсюдным сакрамантам збаўлення, па сваёй прыродзе з’яўляецца місійным. Робіць гэта, з запалам абвяшчаючы Евангелле, выходзячы насустрач неадкладным патрэбам вернікаў.
   
    – Айцы рэдэмптарысты на працягу многіх гадоў актыўна працуюць на місійным полі ў Беларусі. Калі Вы прыехалі сюды з духоўнай паслугай?
    – Я ўпершыню наведаў Беларусь яшчэ будучы ў семінарыі. Гэта быў час, калі Усход паступова адкрываўся. Айцы рэдэмптарысты прыбылі сюды, каб праводзіць місіі і рэкалекцыі, а мы, семінарысты, дапамагалі айцам і святарам. Былі на Віцебшчыне ў такіх мясцовасцях, як Паставы, Опса, Глыбокае… У памяці захавалася вёска Відзы. На мясцовым касцёле не было даху, але нягледзячы на гэта вялікая колькасць вернікаў збіралася там на малітве. Мы праводзілі “Канікулы з Богам”, прыязджалі таксама зімой, каб дапамагчы ў арганізацыі свят Божага Нараджэння. Сустрэча з верным людам, які так прагне Бога, была чымсьці цудоўным, вельмі захапляла.
    Пасля прыняцця пасвячэнняў я служыў у парафіі Глівіцы ў Польшчы, якая налічвала 18 тысяч вернікаў. Вёў таксама катэхезы ў школе. А праз год па рашэнні айца правінцыяла быў накіраваны ў Гродна.
   
    – З якімі праблемамі давялося сутыкнуцца, распачынаючы ў 1995 годзе паслугу ў гродзенскай парафіі ў мікрараёне Дзевятоўка?
    – Калі я прыехаў у Гродна, сабрат, які прывёз мяне, убачыўшы тое ўбоства, сказаў, што не застаўся б тут ні хвіліны. Умовы сапраўды былі больш чым сціплыя. Тады яшчэ не было касцёла, толькі будавалася каплічка. Святарам нават не было дзе жыць – нам далі прытулак сёстры назарэтанкі. Хвала ім за гэта. Я штодзённа хадзіў 5 кіламетраў на Дзевятоўку, каб адправіць св. Імшу, а затым працаваў разам з людзьмі на будове, каб стварыць мінімальныя ўмовы для катэхезы. Мы разам будавалі парафіяльную супольнасць. У гэтай прастаце і ўбостве было вялікае выпрабаванне не толькі для духоўных асоб, але таксама для дзяцей і моладзі, якія туды прыходзілі.
    Разам з манахінямі мы катэхезавалі, рыхтавалі да прыняцця сакрамантаў. Капліца заўсёды была перапоўнена. Да Першай св. Камуніі штогод прыступала больш за 200 чалавек, а з часам – каля 350-ці. У нас было звыш сотні міністрантаў і больш за 70 бялянак. Я прывёз абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі, і адразу распачаліся навэнны.
    Аднак, нягледзячы на развіццё парафіі, людзі не верылі, што ўдасца пабудаваць касцёл. Я сам, шчыра кажучы, нястомна пытаўся: “Пане Езу, як гэта будзе? Нічога ж не маем...”. Прадстаўнікі арганізацый “Renovabis”, “Kirche in not”, якія падтрымліваюць працу каталіцкіх парафій і дапамагаюць у рэалізацыі розных ініцыятыў, гледзячы на праект, казалі: “Гэта немагчыма. У вас няма сродкаў. Хочаце скокнуць вышэй галавы”. Але Пан Бог нас блаславіў і сёння на Дзевятоўцы ўзвышаецца касцёл, у які вернікі могуць прыйсці на св. Імшу, прыняць у св. Камуніі Пана Езуса, прыступіць да сакрамантаў. Некалі касцёльны пляц размяшчаўся на ўскраіне Гродна, а сёння ён знаходзіцца ў цэнтры вялікага мікрараёна. З прыемнасцю ўзгадваю тыя 11 гадоў, тых цудоўных і любімых парафіян, якія цяжка працавалі на карысць супольнасці, служылі і днём, і ўначы. Пан Бог даў мне ласку прысутнічаць пры стварэнні парафіі, узнікненні новых малітоўных супольнасцей і груп. Усё гэта духоўна ўздымала, нягледзячы на тое, што кожны дзень даводзілася сутыкацца з новымі праблемамі.
   
    – З 2006 года Вы ахінаеце душпастырскай апекай парафію Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы. Раскажыце, калі ласка, як выглядае сёння штодзённасць мясцовых католікаў.
    – Я місіянер, таму стараюся служыць там, куды пасылае мяне Бог. Пасля прыбыцця ў 2006 годзе ў парафію мне трэба было аднавіць плябанію, якую ў плачэўным стане ўлады аддалі Касцёлу. Распачаў таксама рамонт святыні.
    Людзі былі трохі напалоханыя: вядома ж, прыехаў новы, невядомы чалавек. Але нягледзячы на гэта мяне прынялі сардэчна. Напачатку цяжкавата было прыстасавацца: усё даводзілася рабіць самому. Нават каб прачытаць біблійны тэкст падчас св. Імшы не мелася ахвотнікаў. Гэта было для мяне незразумела, таму што прывык да таго, што вернікі самі прыходзяць, ахвотна ўключаюцца ў кожную ініцыятыву, прапанаваную душпастырам.
    Пачатак заўсёды цяжкі, але які пасля цудоўны плён! Мы зладзілі прыгожую ўрачыстасць Першай св. Камуніі. Я запрасіў бацькоў прыняць рэальны ўдзел у гэтай святочнай падзеі. І тады людзі сапраўды раскрыліся, расправілі крылы сваёй набожнасці і веры.
    Цяпер у парафіі кожны дзень адпраўляецца 2 св. Імшы. Дзеці і моладзь маюць свой катэхетычны дом, дзе сістэматычна праходзяць урокі рэлігіі. Праводзіцца таксама катэхеза для дарослых, сустрэчы міністрантаў і парафіяльных груп. Я наведваю больш за 50 хворых з навакольных вёсак. Магчымасць служэння гэтым людзям з’яўляецца для мяне цудоўным досведам, бо кожны з іх чакае добрага слова, споведзі, Пана Езуса.
    Моладзь прымае актыўны ўдзел у парафіяльным жыцці, праводзіць шмат ініцыятыў. На Божае Нараджэнне, як і з іншых нагод, мы рыхтуем урачысты канцэрт. Значнай падзеяй з’яўляецца інсцэніраваны Крыжовы шлях вуліцамі Бераставіцы. Праўду кажучы, спачатку гэтую ідэю было цяжка рэалізаваць, таму што ў меншых парафіях цяжэй мабілізаваць людзей. Моладзь была больш ахвочай, старэйшае пакаленне – трохі менш. Але сёння ўжо няма з гэтым праблем: што прапануеш людзям, на тое згаджаюцца. Безумоўна, мы сур’ёзна падыходзім да справы: трэба падрыхтаваць касцюмы, сцэнарый, а гэта патрабуе часу. Аднак намаганні не ідуць дарма: адпраўляемся на вуліцу, даём публічнае сведчанне сваёй веры. Жыхары выходзяць з дамоў, пытаюцца, што адбываецца, фатаграфуюць. Гэтае мерапрыемства моцна яднае і адкрывае вернікаў адзін на аднаго. Нават праваслаўныя далучаюцца да ўдзелу ў гэтай падзеі.
   
    – Юбілей 25-годдзя святарства, напэўна, схіляе Вас не толькі да ўспамінаў і роздуму, але і да складання планаў на будучыню?
    – Планы запісаны ў Пана Бога. Я магу быць толькі прыладай для іх рэалізацыі, калі Ён дазволіць. Аднак, як кожнаму святару, мне хацелася б, каб колькасць вернікаў расла, каб у святыні было прыгажэй, велічней. Бясспрэчна, існуе мноства праблем і выклікаў, з якімі сутыкаемся ў сучасным свеце: так шмат разбітых сем’яў, так шмат пакалечаных дзяцей... Быць побач з Панам – вялікі вопыт. 25 гадоў маёй святарскай паслугі – гэта цудоўны досвед, які месціцца глыбока ў сэрцы. За сваё рэдэмптарысцкае пакліканне штодзённа дзякую Богу а 7-ай раніцы ў капліцы. Цешыць, што я там не адзін, прыходзяць таксама вернікі. Калі прапанаваў парафіянам ранішнюю малітву, падкрэсліваў, што за першы прамень сонца, за ўсё, што маем, кім з’яўляемся, мы павінны з самай раніцы дзякаваць Пану. Так і робім.
    Я таксама бязмежна ўдзячны ксяндзу біскупу Аляксандру Кашкевічу за яго памяркоўнасць, дабрыню, цярплівасць. На пачатку сваёй паслугі, калі не ведаў, што і як лепш зрабіць, паколькі быў малады і святарствам, і жыццём, і вопытам, прыходзіў да Эксцэленцыі, і ён заўсёды мог падтрымаць, даць добрую параду. Гэтая бацькоўская пастава пастыра нашай дыяцэзіі нястомна мяне захапляе.
    На маім абразку ў памяць 25-ай гадавіны пасвячэнняў напісаны дэвіз нашай кангрэгацыі: “Шчодрае ў Яго адкупленне”. Прагнем несці тое, што перадаў нам Хрыстос. Не ставіць сябе на першае месца, але памятаць, Каму служым, Хто нас паклікаў, Хто запрасіў. Сваю паслугу і тых, да каго быў пасланы, даручаю Маці Божай Нястомнай Дапамогі і прашу, каб далей мне дапамагала быць слугой Найсвяцейшага Адкупіцеля.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.