ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

Вось Сэрца, якое так моцна палюбіла людзей

З жыцця Касцёла

Адной з фундаментальных ісцін хрысціянскай веры з’яўляецца ўцелаўленне Божага Сына. “А Слова сталася целам i пасялiлася мiж намi” (Ян 1, 14). Пан Езус вельмі канкрэтна, адчувальна ўвайшоў у гісторыю чалавецтва, каб збавіць яго. “Нельга сумнявацца, што Хрыстос меў сапраўднае цела з усімі яго ўласцівасцямі, сярод якіх найбольшай з’яўляецца любоў. Нельга сумнявацца, што меў таксама фізічнае сэрца, падобнае на наша, бо без гэтай найцудоўнейшай часткі цела людское жыццё не магло б існаваць, што датычыць і пачуццяў. [...] Божае слова прыняло чалавечую натуру – сапраўдную, дасканала чалавечую – і сфарміравала сабе цялеснае сэрца, якое падобна нашаму можа цярпець, быць прабытым, параненым” (Пій XII, Haurietis aquas).

   Чаму менавіта Сэрца?
    У Святым Пісанні слова “сэрца” разумеецца як цэлы чалавек, азначае яго ўнутранае жыццё, самае асабістае. Не адшукаем там шмат узгадак пра Сэрца Езуса, але маем яго сведкаў. Перш за ўсё, гэта Панна Марыя, якая ў сваім улонні зачала і выдала на свет Збаўцу. Яна першая пачула біццё Божага Сэрца, Яму ў любові прысвяціла ўсё жыццё, служачы ажно да крыжа. Сведкам з’яўляецца таксама св. апостал Ян, які падчас апошняй вячэры спачываў на грудзях Езуса (параўн. Ян 13, 23) і чуў удары Сэрца Бога. Калі пасля смерці адзін з жаўнераў прабіў Хрысту бок, умілаваны вучань убачыў, як выцяклі з яго кроў і вада (параўн. Ян 19, 34).
    Сэрца – гэта сімвал любові, якая з’яўляецца сутнасцю Святой Тройцы. Бог стварыў усё з любові і з любові таксама ўсё збавіў. “Бог ёсць любоў” (1 Ян 4, 8). І таму яна найпаўней акрэслівае Божага Сына. “Калі адаруем Сэрца Езуса, то ў ім і праз яго адаруем неверагодную любоў Божага Слова” (Пій XII, Haurietis aquas). Пашана, аказваемая Сэрцу Пана, з’яўляецца сузіраннем Яго любові, якое праяўляецца ў перайманні Хрыста: “…навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам” (Мц 11, 29).
    Любоўю пульсавала Сэрца Збаўцы ў Назарэце, калі ў доме Марыі і Юзафа “Езус [...] узрастаў у мудрaсцi, у гaдах i ў лaсцы ў Бoгa i ў людзей” (Лк 2, 52). З Сэрцам, перапоўненым любоўю, Пан абвяшчаў Евангелле, аздараўляў хворых, вызваляў з моцы злога апантаных, уваскрашаў памерлых, цярпеў голад і смагу, карміў галодныя натоўпы людзей у пустыні. Мацнейшай любоўю і трывогай білася Яго Сэрца ў Аліўным садзе, прадчуваючы страшныя мукі, прымаючы здрадніцкі пацалунак Іуды… Калі Збаўца вісеў на крыжы, Яго Сэрца акрамя такіх пачуццяў, як блажэнны спакой, смутак, жах, міласэрнасць і літасць было напоўнена палымянай любоўю.
   
    Устанаўленне культу
    У старажытныя часы асаблівым чынам ушаноўваліся Раны і Мука Хрыста. Культ Найсвяцейшага Сэрца Езуса, які па сутнасці з’яўляецца культам Уцелаўлёнага Божага слова, культам Божай і людской любові Езуса (параўн. Пій XII, Haurietis aquas), выводзіцца з часоў сярэднявечча. Першапачаткова ён меў прыватны характар. Яго развіццю паспрыялі, між іншым, св. Банавентура, св. Альберт Вялікі, св. Гертруда, св. Кацярына Сіенская, св. Пётр Канізій, св. Францішак Сальскі, а таксама бл. Генрых Сусо. У XVII стагоддзі культ Сэрца Езуса стаў уласнасцю ўсяго Касцёла, паколькі “дасканала згаджаўся з сутнасцю хрысціянскай рэлігіі, рэлігіі любові” (Пій XII, Haurietis aquas). Намаганні для гэтага прыклалі св. Жан Эд і св. Маргарыта Марыя Алакок пры дапамозе свайго духоўнага кіраўніка св. Клода дэ ла Каламб’ера. Св. Жан дзейнічаў па ўласнай ініцыятыве, а св. Маргарыта – пад уплывам наказаў, атрыманых ад самога Хрыста.
    27 снежня 1673 года Пан Езус аб’явіўся манахіні ў першы раз. Паказваючы ёй сваё Сэрца, сказаў: “Маё Боскае Сэрца так палымнее любоўю да людзей, што не можа доўга стрымліваць гэтае гарачае полымя замкнутым у маіх грудзях. Прагне выліць яго з тваёй дапамогай і прагне ўзбагаціць людзей сваімі Божымі скарбамі”. Будучая святая перажыла яшчэ 3 аб’яўленні, падчас якіх Пан Езус сказаў: “Вось Сэрца, якое так моцна палюбіла людзей, а замест гэтага атрымлівае пагарду і забыццё”. Збаўца хацеў, каб у духу ўзнагароджання кожную ноч перад першай пятніцай месяца адбывалася гадзінная адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту (т. зв. святая гадзіна); каб св. Камунія ў першыя пятніцы месяца была ахвяравана як узнагароджанне Божага Сэрца за людскія грахі і халоднасць; каб першая пятніца пасля актавы Божага Цела была асобным святам, прысвечаным Яго Сэрцу, падчас якога праз Камунію і іншыя набожныя практыкі можна пакрыць Яму спазнаныя знявагі; каб ушаноўваліся выявы Яго Сэрца. Хрыстос даў вялікія абяцанні тым, хто з любоўю будзе выконваць гэтыя наказы.
    Пасля ўважлівага вывучэння справы Апостальская Сталіца, ствараючы культ Сэрца Езуса згодна з правіламі хрысціянскай навукі і адказваючы на шматлікія просьбы біскупаў і вернікаў, выканала патрабаванні Збаўцы. У 1856 годзе папа Пій IX устанавіў асобнае свята, а 11 чэрвеня 1899 года папа Леў XIII здзейсніў прысвячэнне людскога роду Найсвяцейшаму Сэрцу Пана Езуса, называючы гэта “вялікай падзеяй” свайго пантыфікату. У выдадзенай з гэтай нагоды энцыкліцы “Annum Sacrum” Святы Айцец, заахвочваючы ўсіх, хто любіць Хрыстовае Сэрца, ахвотна прысвячаць сябе яму, напісаў: “Найсвяцейшае Сэрца Езуса, са змешчаным зверху крыжом, якое ззяе сярод полымя цудоўным бляскам – яму належыць прадставіць усе надзеі. У ім трэба шукаць і ад яго чакаць збаўлення ўсіх людзей”.
    Асабліва папулярным культ Сэрца Езуса стаў у першай палове ХХ стагоддзя, у перыяд цяжкіх выпрабаванняў, якія закранулі чалавецтва. Сёння ён таксама актуальны, паколькі і сучасны чалавек прагне любові, якую можа наталіць толькі ў Сэрцы Езуса. Толькі ў ім знаходзім крыніцу любові, спакою, дапамогі і абароны ад зла, якое сёння больш чым калі закранае асобных людзей, сем’і і супольнасці.
    На заканчэнне прывядзём словы папы Яна Паўла ІІ, прамоўленыя з нагоды 100-годдзя прысвячэння чалавецтва Найсвяцейшаму Сэрцу Пана Езуса: “Заклікаю ўсіх вернікаў, каб надалей рупліва захоўвалі культ Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, прыстасоўваючы яго да нашых часоў, каб дзякуючы гэтаму маглі нястомна чэрпаць з яго бяздонных багаццяў і ўмелі з радасцю на іх адказваць, любячы Бога і братоў, знаходзячы спакой, уваходзячы на шлях паяднання і ўмацоўваючы сваю надзею, што калісьці будуць жыць паўнатой Бога ў супольнасці з усімі святымі”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.