ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Моцаю крыжа

З жыцця Касцёла

“О, Крыжу, будзь праслаўлёны, адзіная наша надзея”, – сцвярджаецца ў старажытнай песні, якая выкарыстоўваецца ў якасці гімна ў Брэвіярыі ў Нешпарах на Вялікі тыдзень. Яна паказвае парадокс крыжа, заснаваны на інверсіі вартасцей: дрэва ганьбы і смерці становіцца месцам хвалы і перамогі Хрыста, а праз гэта – знакам надзеі і адкуплення для чалавека.
    У сённяшнім нумары “Слова Жыцця” расказваем гісторыю Гэлены Гебень з Ліды. Яе сям’я прайшла “крыжовы шлях”, аднак у сваіх цярпеннях не была адна. Бог заставаўся з ёй і ўмацоўваў, каб магла набірацца сіл і супрацьстаяць адчаю.
Рэпрэсіі
    Я нарадзілася ў польскай каталіцкай сям’і. Мая мама Гэлена паходзіла з сям’і Вінкель. Яе бацька быў вельмі добрым гаспадаром, меў 40 гектараў зямлі, сад. Але яму давялося жыць у часы, калі працавіты чалавек, які мае добрую маёмасць, лічыўся ворагам народу. Дзядулю як кулака забралі ў лідскую вязніцу. Там абвясцілі прысуд, што ўся маёмасць будзе забрана, а яго самога вывязуць у Казахстан. Навіна так узрушыла дзядулю, што ён атрымаў сардэчны прыступ і памёр у камеры. Меў тады 53 гады.
    Праз некаторы час у вечнасць адышла і мая прабабуля, таму ўсю маёмасць атрымала ў спадчыну бабуля Марыся. Такім чынам, рэпрэсіі прымянілі да яе: быў выдадзены загад аб канфіскацыі ўсёй уласнасці і ссылцы ў аддаленыя раёны СССР. Разам з бабуляй у ссылку адправілі таксама маму і мяне, малую дзяўчынку, якой на той час было два з паловай гады. Майго бацьку, Антонія Міцкевіча, таксама прыгаварылі да ссылкі, але ўжо як палітычнага ворага, бо быў звязаны з Арміяй Краёвай. Трапіў у Жэзказган, казахстанскі гулаг, дзе працаваў на рудніку.
    Наша дэпартацыя ў Казахстан пачалася 18 красавіка 1952 года. Чакаючы разам з іншымі ссыльнымі “загрузкі” ў вагоны, мы стаялі недалёка ад сметніка. Бабуля заўважыла, што там ляжыць невялікі драўляны крыжык. Падышла бліжэй, падняла яго і ўбачыла, што на фігурцы Пана Езуса адбітыя рукі. Яна адарвала кавалак сваёй панчохі, перавязала фігурку, прытуліла крыж да сябе і схавала пад адзеннем, бо нельга было браць з сабой такія рэчы. Сказала нам: “Гэта місійны крыжык. Я ўпэўнена, што ён здзяйсняе цуды. Думаю, мы вернемся дадому шчасліва”.
    У ссылку мы везлі з сабой таксама абраз Маці Божай Чанстахоўскай. Менавіта гэтай рэліквіяй бабуля бласлаўляла маму, калі тая выходзіла замуж, таму не магла яе пакінуць.
   
    На “нялюдскай зямлі”,
  але пад Божай апекай

    Калі цягнік дабраўся да канечнай станцыі, нас пасадзілі ў грузавікі і адправілі на месцы пасялення. Там усіх пакінулі на волю лёсу: спраўляйцеся далей, як умееце. Толькі спачатку загадалі падпісаць дакументы на сталае пражыванне; калі б хто не згадзіўся, не атрымаў бы “мазанку”. А ці можна было ўявіць сабе жыццё ў стэпе без даху над галавой? Таму ў нас не было выбару.
    Жыццё ў выгнанні выглядала жудасна. Вакол было вельмі шмат змей, павукоў, скарпіёнаў. Я не адзін раз прачыналася, а пад падушкай знаходзіла вужоў таўшчынёй з руку. Днём тэмпература на вуліцы дасягала 50-ці градусаў, у пяску можна было зварыць яйка. З-за кліматычных умоў, каб нешта вырошчваць, патрэбна была вада. Яе падводзілі пры дапамозе сістэмы равоў, якія называлі арыкамі.
    Аднойчы я гуляла недалёка ад гэтых арыкаў. Было вельмі горача, таму ўвайшла ў ваду, каб пакупацца. Не ўяўляла, што гэта небяспечна – глыток сырой вады пагражаў дызентэрыяй. Калі з’явіліся першыя сімптомы захворвання, мяне забралі ў лазарэт. Урач сказаў маме, што не выжыву, паколькі няма ніякіх антыбіётыкаў. Трохі пазней захварэў хлопец з суседняга ваеннага гарнізона. Тады з’явіўся шанс, што патрэбныя лякарствы даставяць самалётам з Масквы. А паколькі ніхто не ведаў, колькі іх неабходна для хворага хлопца, доктар узяў іх больш, каб хапіла і мне.
    Пасля адыходу ўрача мама старанна прыбрала ў лазарэце і вымыла, што было магчыма. Паспела акурат да яго вяртання. Урач прыйшоў не адзін, а з камісіяй з Масквы. Усе былі здзіўлены, што навокал такі парадак. Думалі, што як адчыняць дзверы, убачаць штосьці жудаснае: хворыя дзеці ляжаць у ложках у антысанітарных умовах. Доктар, удзячны маме за дапамогу, сказаў: “Не перажывайце, зраблю ўсё, што ў маіх сілах”. І я сапраўды пачала папраўляцца. Аднак прагнозы і так не былі асабліва аптымістычнымі: меркавалі, што дажыву толькі да 13-ці гадоў... Столькі часу мінула з той падзеі, а я ўсё яшчэ жывая, хоць здароўе падводзіць. Упэўнена, што гэта Езус падарыў мне жыццё, бо побач знаходзіўся крыжык, які знайшла бабуля, а блізкія маліліся за мяне.
    Увогуле, малітва і шчырая вера ў Пана Бога заўсёды нам спадарожнічалі, таксама і ў выгнанні. Там знаходзіўся цэлы раён палякаў. Мы заўсёды збіраліся разам на Божае Нараджэнне і Вялікдзень. Хоць якія там былі святы? На стале ставілі крыж, кленчылі, маліліся, спявалі рэлігійныя песні, на пальцах адгаворвалі Ружанец…
    Аднойчы, якраз на Уваскрасенне Пана, мы атрымалі пасылку ад другой маёй бабулі. Знайшлі там кавалачак высушанага асвечанага хлеба. Якія мы былі шчаслівыя! Сёння ў многіх сем’ях на святы стол ломіцца ад самых вытанчаных страў, а некаторым усё яшчэ здаецца, што нечага не хапае. Для нас жа ў той бядоце свята было ўжо тады, калі быў хлеб на стале.
   
    Вяртанне
    Калі памёр Сталін, мама выслала ў Маскву ліст, дзе прасіла дазволу вярнуцца дадому. Далучыла да яго пацвярджэнне ад урача, што я хворая, а клімат Казахстана шкодны для майго здароўя. Мы атрымалі пазітыўны адказ і ў канцы 1954 года накіраваліся ў родны край. Хоць бабуля не мела дазволу пакідаць месца ссылкі, не хацела заставацца адна, таму паехала разам з намі – нелегальна.
    Пасяліліся ў Воранаўскім раёне ў маёй другой бабулі – Стэфці.
    Вельмі прыемна ўзгадваць той час. Бабулі чыталі мне Біблію, вучылі маліцца. У нас не было электрычнасці, бо жылі ў калоніі. Вечарам запальвалі свечкі, газавыя лямпы і ўсе разам кленчылі, каб адгаварыць пацеры.
    Аднойчы да нас прыехалі супрацоўнікі КДБ і забралі бабулю Марысю. Яе зноў асудзілі, гэтым разам за нелегальны выезд, і прыгаварылі да чарговых 2-ух гадоў ссылкі. Аднак мама звярнулася да адваката. Яму ўдалося абараніць бабулю, таму яна хутка вярнулася да нас. Аднак ужо не пражыла доўга. Пазней мы атрымалі “спраўку”, што рэабілітаваны.
    За жыццё мы прайшлі шмат цяжкіх выпрабаванняў, аднак захавалі сваю тоеснасць, а цяпер захоўваем памяць пра тыя страшныя падзеі, пра тое, як знішчаліся лёсы нявінных людзей, з надзеяй, што гэта ўжо ніколі не паўторыцца. Да сёння захоўваю дома крыж, які абараняў мяне і маіх блізкіх на “нялюдскай зямлі” і ахоўвае надалей. Не стамляюся дзякаваць Езусу, што перад абліччам цярпення не пакінуў нас адных.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.