ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

Велікодныя пісанкі: ідэі для афарбоўкі

Хрысціянскія традыцыі

Велікодная пісанка – адна з неаддзельных і найстаражытнейшых традыцый, звязаных з адзначэннем свята Уваскрасення. Хоць фарбуем яйкі непасрэдна перад урачыстасцю, ідэі для выканання можам пачаць збіраць нашмат раней. Таму прапануем выключныя і эксклюзіўныя ў сваім родзе задумкі для пісанак, зробленых уласнымі рукамі, на Вялікдзень 2019.
У эка-стылі
    Хіба, самым вядомым спосабам, якім на працягу многіх гадоў карыстаюцца нашы бабулі і мамы, з’яўляецца варэнне яек з прадуктамі, якія надаюць шкарлупінам натуральны колер. Такія яйкі называюць крашанкамі. Колер шкарлупіны можна атрымаць па-рознаму:
- карычневы – варым яйкі з шалупіннем цыбулі;
    - карычнева-залаты – каб атрымаць трохі святлейшае карычневае адценне, варым яйкі ў шкарлупінах грэцкіх арэхаў; - ружовы, чырвоны – патрэбны буракі ці бурачны сок;
    - зялёны – варым яйкі ў адвары з маладым збожжам (напрыклад, з жытам ці зялёным ячменем) або дадаём шпінат ці падобную зеляніну;
    - жоўты – варым яйкі з дадаткам прыправы кары ці куркумы;
    - аранжавы – дадаём маркоўны сок ці дыню;
    - блакітны, сіні – варым яйкі з пладамі цярноўніка ці дурніц або з лісцем чырвонай капусты. (Лісце трэба загадзя заліць кіпнем, дадаць у ваду 5 лыжак воцату і пакінуць на ноч. На 2-гі дзень зварыць яйкі ў гэтым растворы).
    З выбранага кампанента рыхтуем адвар (мала вады, шмат фарбавальніка – ад гэтага залежыць інтэнсіўнасць - колеру). У прыгатаваным растворы варым яйкі каля 10-ці хвілін, пакуль не атрымаем пажаданы колер. Падчас варкі варта дадаць дробку воцату, які ўмацуе колер на крашанцы. Пасля прыгатавання яйкі можна пакінуць астыць у адвары, але не даўжэй, чым на чарговыя 10 хвілін. У канцы трохі змазаць алеем, каб прыгожа блішчалі.
   
    Драпаныя
    Яйкі, якія ўжо пафарбаваны натуральнымі ці штучнымі фарбавальнікамі, можна дадаткова аздобіць, надрапаўшы на іх адмысловыя ўзоры пры дапамозе іголкі ці маленькага ножыка. Гэта стары і дастаткова часазатратны метад, аднак яго канчатковы эфект – цудоўны і непаўторны.
   
    З раслінным матывам
    Гэтыя пісанкі выглядаюць, як выкананыя народным умельцам. На самой жа справе для іх выканання не патрабуюцца спецыяльныя мастацкія навыкі. Патрэбны невялікія лісцікі і галінкі розных раслін, напрыклад, канюшыны. З-за складанасці іх прыклейвання да шкарлупіны, расліну неабходна прыкласці да яйка і шчыльна загарнуць у сетку ці сетчатую панчоху. Падрыхтаваныя такім чынам яйкі варым у шалупінні цыбулі. Калі яйкі пафарбуюцца ў карычневы колер, вымаем іх з каструлькі і пакідаем астываць. Толькі потым здымаем сетку і лісце.
   
    Маляванне воскам
    Працуем на сырых яйках, таму трэба быць асцярожнымі. Спатрэбіцца воск у падагравальніку, які ўвесь час неабходна падтрымліваць у вадкім стане, а таксама прылады працы – кравецкая шпілька, прымацаваная да палачкі.
    Пачынаем з малявання воскам ліній, якія павінны раздзяліць плошчу шкарлупіны на роўныя часткі. Вертыкальнымі трэба правесці праз вяршкі яйка, а гарызантальнымі падзяліць яго напалавіну.
    Апяразанае васковымі лініямі яйка замочваем у жоўтым фарбавальніку. Пасля асцярожна вымаем яго, высушваем і малюем першыя аздабленні. Тыя фрагменты, якія памажам воскам, застануцца жоўтымі.
    Затым кладзём яйка ў чырвоны фарбавальнік. Пасля вымаем і дадаём чарговыя ўзоры, не сціраючы папярэдніх фрагментаў воску. Гэтым разам пад воскам фіксуем тое, што павінна быць чырвоным.
    Пасля астывання воску акунаем яйка ў блакітны фарбавальнік. Калі афарбуецца, вымаем яго, высушваем і здымаем воск: спачатку разаграваем яйка над полымем свечкі, пасля чаго сціраем злёгку расплаўлены матэрыял папяровым рушнічком ці мяккай тканінай.
   
    “Калі хтосьці грэшны памрэ і яго душа пойдзе ў пекла, то д’ябал адразу пытаецца, ці яшчэ распісваюць пісанкі, бо ведае, што калі б перасталі, быў бы канец свету. Але яйкі фарбуюць увесь час, таму ёсць і будзе да канца свету Вялікдзень”, – так некалі людзі тлумачылі неабходнасць размалёўвання пісанак. Усе, хто калісьці спрабаваў іх зрабіць, ведаюць, што гэта нялёгка. Але як прыемна з гонарам пакласці ў кошык уласнаручна аздобленыя яйкі!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  249

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.