ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Камісія па справах духавенства

Праца Сіноду

Жыць Евангеллем.
Першы Сінод Гродзенскай дыяцэзіі
Без існавання Камісіі па справах духавенства працы астатніх сінадальных груп мелі б толькі часовы плён, паколькі стабільныя плады Сінода ў вырашальнай ступені залежаць ад удзелу ўсіх святароў Гродзенскай дыяцэзіі. Іх паслуга і вопыт асаблівым чынам павінны паўплываць на духоўнае дабро дыяцэзіі, якое вынікае з трываючых сінадальных пасяджэнняў.
Камісія па справах духавенства закранае шырокае кола тэм, якія датычаць жыцця святароў. Гэта, між іншым, пытанні, звязаныя са сталай духоўнай і навуковай фармацыяй душпастыраў, рэгуляваннем іх паслугі і жыцця, у тым ліку бытавых спраў, крызісаў і цяжкасцей, а таксама з адносінамі святароў да грамадскіх спраў. У цяперашні час члены Камісіі абмяркоўваюць форму будавання супольнасці і братняга супрацоўніцтва душпастыраў лакальнага Касцёла на ўзроўні парафіі, дэканата і дыяцэзіі. Узнята пытанне рэзідэнцтва святароў у парафіях, каб вернікі мелі непасрэдны доступ да сваіх душпастыраў.
    Вялікая ўвага звяртаецца на святарскі абавязак нашэння належнага адзення. У Кодэксе кананічнага права чытаем: “Духавенства павінна насіць адпаведны касцёльны ўбор, згодны з правіламі, выдадзенымі Канферэнцыяй Біскупаў, а таксама з мясцовай традыцыяй, якая адпавядае прадпісанням закона” (кан. 284). У свеце, які губляе свядомасць існавання Бога, святар сваім выглядам павінен прыгадваць пра прызначэнне чалавека і быць сапраўдным сведкам Хрыста. Найлепшым чынам гэтую мэту рэалізуе сутана ці т. зв. “кароткі ўбор”. Камісія падкрэслівае, што ў практыцы нашэння духоўнага адзення важнае значэнне маюць 2 рэчы. Па-першае, унутраная цэласнасць святара, г. зн. глыбокае ўсведамленне сваёй святарскай ідэнтычнасці. Аднак аб ёй сведчыць, у першую чаргу, не духоўны ўбор, а ўнутраная настроенасць святара, якая выражаецца ў гатоўнасці сведчання – найперш сваёй паставай – пра Хрыста і выбраны шлях. Па-другое, здаровы розум, які прадбачліва наказвае адрозніваць, патрабуе канкрэтная сітуацыя апранання духоўнага адзення ці зусім наадварот.
    Акрамя гэтага дыскусіі вядуцца на тэму прыналежнасці святароў да таварыстваў і выканання імі грамадскіх функцый. Адзначана, што дыяцэзіяльныя святары могуць далучыцца да таварыстваў духоўных асоб, якія маюць статуты, зацверджаныя кампетэнтнымі касцёльнымі органамі, паведаміўшы папярэдне дыяцэзіяльнаму біскупу. Прысутнасць у таварыствах заклікана дапамагчы ў імкненні да асабістай святасці, у выкананні святарскай паслугі, паглыбленні ўзаемных сувязей і сувязі з біскупам. Гаворачы аб прыняцці грамадскіх функцый, Камісія нагадвае, што духавенства, у згоднасці з нормамі, усталяванымі ў кананічным праве, павінна ўстрымлівацца ад усяго, што не адпавядае іх стану.
    У прыватнасці, святарам забаронена выконваць якія-небудзь грамадскія функцыі, належаць да палітычных груповак і партый, прафсаюзаў, а таксама гандляваць і праводзіць матэрыяльныя аперацыі.
    Цяжка пераацаніць важнасць і значнасць Камісіі па справах духавенства. Чым лепш яна правядзе дыягностыку бягучага стану лакальнага Касцёла, тым больш дакладна распазнае Божыя знакі часу ў адносінах да місіі дыяцэзіяльнага духавенства, тым больш адэкватна ўкажа на неабходныя змены, тым больш багаты будзе плён І Сінода Гродзенскай дыяцэзіі. Вельмі важна, каб святары з усёй унутранай перакананасцю ўдзельнічалі ў працы Сінода. Без уцягнутасці духавенства сінадальныя палажэнні могуць застацца прыгожа запісанымі, але практычна мёртвымі літарамі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.