ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Вітайма Збаўцу!

Хрысціянскія традыцыі

Пальмовая нядзеля, або Вербніца, – гэта свята ў гонар уваходу Езуса Хрыста са сваімі вучнямі ў Іерусалім на вясенняе свята Пасхі. Апошнюю нядзелю Вялікага посту называюць таксама Нядзеляй Мукі Пана. Яна распачынае Вялікі тыдзень, які заканчваецца ў Вялікдзень.
Пальмовая нядзеля праз прызму гісторыі
    Вербніца – адно з самых старадаўніх свят у традыцыі Касцёла. Яно вядома з ІV стагоддзя, інакш кажучы, з пачатку прызнання хрысціянства афіцыйнай рэлігіяй. Тагачасныя вернікі імкнуліся як мага больш дакладна перадаць памятныя падзеі. Пачалося ўсё з рэканструкцыі ўезду Езуса ў Іерусалім. Звычайна іерарх у акружэнні радаснага натоўпу вырушаў на асле з Аліўнай гары і заязджаў у горад. Дарэчы, звяртаючыся да сімволікі абранай жывёлы, асёл павінен быў падкрэсліць убогасць і прастату Збаўцы, а таксама акцэнтаваць яго мірныя намеры. Жарабя асліцы, якое нават не належала Езусу (было пазычана ва ўладальніка), прызначалася толькі для таго, каб даставіць Хрыста ў неабходнае месца.
У літургіі Нядзелі Мукі Пана таксама вядомы звычай, калі святар, выходзячы з касцёла перад распачаццем працэсіі, замыкаў брамы святыні. Пасля завяршэння шэсця 3 разы стукаў па ёй крыжом і толькі затым адчыняў вароты і ўваходзіў з удзельнікамі працэсіі ў храм, каб распачаць св. Імшу. Так сімвалічна абыгрываўся той факт, што зачыненае Неба было адкрыта заслугай смерці Езуса на крыжы.
    Увогуле, літургія Пальмовай нядзелі звяртае ўвагу на 2 важныя моманты: разважанне Мукі Хрыстовай і радасную працэсію з пальмамі. Такім чынам Касцёл падкрэслівае, што перамога Езуса і Яго ахвяра непарыўна звязаны паміж сабой.
    На нашых землях Пальмовая нядзеля адзначаецца з часоў сярэднявечча. Менавіта ў той час узнік звычай асвячэння пальм. І да гэтага дня вернікі ўсяго свету бласлаўляюць іх у памяць аб тых пальмавых галінках, якімі людзі віталі Хрыста, сцелячы перад Ім сваё адзенне, як гэта было прынята на трыумфальных уездах вялікіх асоб. “На другі дзень многія, хто прыйшоў на свята, пачуўшы, што Езус ідзе ў Іерусалім, узялі пальмавыя галінкі і выйшлі Яму насустрач, і ўсклікалі: «Гасанна! Бласлаўлёны той, хто прыходзіць у Імя Пана, Кароль Ізраэля!»” (Ян 12, 12–13).
    У хрысціянскім кантэксце пальма мае некалькі значэнняў. Па-першае, яна з’яўляецца сімвалам трыумфу, па-другое – мучаніцкай смерці. Абодва элементы знайшлі сваё адлюстраванне ў лёсе Хрыста. Таксама пальма сімвалізуе справядлівасць і мудрасць. У рэлігійнай арнаментыцы пальма азначае райскае жыццё ў Небе або тут, на зямлі. У цені пальмавых галінак святыя шукаюць адпачынку і суцішэння.
    У сувязі з тым, што ў Беларусі пальмы не растуць, вернікі прыносяць на працэсію галінкі вярбы, упрыгожаныя кветкамі ці штучным дэкорам. Менавіта па гэтай прычыне сама нядзеля атрымала назву “Вербная нядзеля” ці “Вербніца”.
   
    З вярбой насустрач Пану, або пра сімволіку “коцікаў”
    У нашай кліматычнай зоне вярба – адзіная расліна, якае па форме нагадвае іерусалімскую пальму. Яе лапападобныя галінкі сталі нагляднай прычынай, чаму менавіта лаза стала сімвалам Пальмовай нядзелі на нашых землях. Аднак гэта не выключная падстава, дзякуючы якой вярба мае гонар сустракаць Месію ў штогадовых святочных працэсіях. Калі вясной іншыя расліны, дрэвы і хмызнякі ледзь пачынаюць выпускаць першыя пупышкі, вярба ўжо зіхаціць яскравымі бела-срэбнымі пацеркамі. Яна нібы прадвяшчае хуткае прыйсце Вялікадня. Гэтае дрэва не баіцца неспрыяльных прыродных умоў, можа расці як уздоўж дарог, так і на балоце. Менавіта таму ў Касцёле вярба лічыцца сімвалам адраджэння жыцця, неўміручасці душы і ўваскрасення. Раней яе галінкі зразалі ўжо ў першы дзень Вялікага посту, у Папяльцовую сераду, і ставілі ў ваду, каб яны выпусцілі зялёныя пупышкі акурат на Пальмовую нядзелю.
    Пашана да вярбы звязана і з народнай традыцыяй. З-за шматлікасці “коцікаў” яна з’яўлялася сімвалам урадлівасці. Прыпісвалі ёй і аздараўленчую моц. Здаўна ў сем’ях вернікаў існаваў звычай спажываць асвечаныя пупышкі. Меркавалі, што такім чынам можна ўберагчы сябе ад шматлікіх хвароб, асабліва ад болю ў горле.
    Цікава, што апошняе сімвалічнае значэнне вярбы мае пэўнае адлюстраванне ў лячэбных уласцівасцях, дзякуючы якім яна здаўна выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне. Кара гэтага дрэва ўтрымлівае саліцылавую кіслату, якая неабходна для вытворчасці аспірыну ў сінтэтычных умовах. Пры лячэнні яна дае супрацьзапаленчы і абязбольваючы эфект.
   
    Узносіць не толькі пальмы, але і сэрцы
    Зразумела, што само па сабе бласлаўленне вярбы ў Пальмовую нядзелю без малітвы і ўсведамлення важнасці падзеі мала што значыць. На парозе Вялікага тыдня Вербніца пабуджае да разважанняў над бясконцай Божай любоўю і грэшнасцю чалавека. Пальмовая нядзеля – гэта апошняя “прамая” да здзяйснення галоўнай Таямніцы. Нам лёгка з радасцю сустракаць Збаўцу і следаваць за Ім, калі Ён урачыста з’яўляецца сярод натоўпу і мы ва ўнісон з сабранымі выкрыкваем прывітальныя словы. Езуса акцэптуюць людзі побач, і мы не баімся, не саромеемся прымаць Яго. Важна, які выбар мы робім пазней. Ці прымаем Хрыста, пакінутага ўсімі? Ці адважваемся ісці за Езусам, які нясе ўжо не карону, а крыж? Ці гатовыя прыняць усю праўду і не трымаць яе толькі для сябе, але абвяшчаць навокал? Ці станем на Божы шлях – шлях пакоры? Ці пойдзем за Хрыстом да самага канца?
    Урачыстасць Пальмовай нядзелі таксама падштурхоўвае задумацца над тым, як мы паводзім сябе ў святыні, чаго чакаем ад удзелу ў св. Імшы і набажэнствах. У Касцёле здараецца шмат трыумфальных момантаў, узнёслых хвілін, такіх як эйфарычны ўзмах аздобленай галінкай вярбы. Ці не настроены мы на выключна такога роду перажыванні? Ці прыцягвае нас з такой жа моцай Касцёл ціхі і сціплы?
    Не будзем жа вабіцца толькі постаццю Езуса, які пераможна заязджае ў Іерусалім. Варта адкрыць пакліканне крочыць таксама за тым Хрыстом, які стрыманы і лагодны.
   
    Вербніца ў хрысціянскім календары з’яўляецца рухомым святам, якое адзначаецца за 7 дзён да Вялікадня. У гэтым годзе яна прыпадае на 14 красавіка.
   
   
Кс. Павел БеланосАсвечаную ў Пальмовую нядзелю вербачку вернікі з пашанай захоўваюць у сваіх дамах, напрыклад, побач з абразом ці крыжам, каб прыгадвала ім пра ўваскрасенне і бессмяротнасць душы. Звычайна яна знаходзіцца там на працягу аднаго года, аднак гэта не з’яўляецца непарушным правілам. Калі набліжаецца Вялікі пост, леташнія вербы па звычаі прыносяць у касцёл. Іх спальваюць, а попелам у Папяльцовую сераду пасыпаюць галовы вернікаў.
    Калі ў парафіі перад Папяльцовай серадой вербы не збіраюцца ці вернік не паспеў занесці яе ў святыню, неабходна аднесціся да асвечанага сімвала з пашанай: не выкідваць на сметнік, а закапаць у садзе або самастойна спаліць. Цікавая традыцыя годнага захавання вербачак ужо на працягу некалькіх дзясяткаў гадоў трывае ў адным з рэгіёнаў Польшчы. Там укараніўся звычай упрыгожвання вербамі магіл памерлых блізкіх. Гэта мае сімвалічнае значэнне і прыгадвае аб новым жыцці тых, хто адышоў у вечнасць.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.