ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Я – дачка Бога. Раскрываючы сябе праз рэкалекцыі

На шляху да святасці

8 сакавіка ў свеце адзначаецца Міжнародны жаночы дзень. Гэта свята тых, хто з натуры пакліканы дарыць. Даваць не толькі жыццё, але і клопат. Падтрымліваць не толькі дзіця, але і кожнага чалавека, што аказаўся побач.
    Сёння жанчына асацыіруецца не толькі з далікатнасцю, прыгажосцю і любоўю, але і са стойкасцю, першынством, спрытнасцю. Вучыцца ўзгадоўваць у сабе пазітыўныя ўласцівасці дапамагае Касцёл, які мае шмат адпаведных прапаноў. Адна з іх – духоўныя практыкаванні.
2 гады таму ў невялікім маляўнічым мястэчку Адамавічы недалёка ад Гродна, дзе ўжо на працягу чвэрці стагоддзя служаць сёстры кармэліткі Дзіцятка Езус, нарадзілася ідэя правядзення рэкалекцый для дзяўчат. З таго часу некалькі разоў у год на духоўныя практыкаванні з’язджаюцца каля 20-ці школьніц і студэнтак з парафій нашай дыяцэзіі і з па-за яе межаў.
Як адзначае с. Ідалія, некаторыя прыбываюць сюды з асэнсаванай мэтай спаткаць Бога і саміх сябе. Іншым патрэбна сабрацца з думкамі і сіламі, каб вырашыць пэўнае пытанне. Ёсць тыя, хто хоча прыемна, у ціхай радасці правесці свой вольны час, або тыя, хто нават не ведае, навошта яны тут. “Апошнія прыязджаюць са сваімі гаджэтамі і ў першую чаргу пытаюць пароль ад wi-fi, – распавядае з усмешкай манахіня. – Але ў нас дзейнічае правіла: усе 3 дні – без тэлефонаў і інтэрнэту. Калі прыязджаеш на рэкалекцыі, лепш пакінуць увесь свой «багаж» за дзвярыма. Гэта дапаможа сканцэнтравацца на галоўным”.
    На распачацце рэкалекцый сёстры заўсёды праводзяць уступную сустрэчу, падчас якой знаёмяць дзяўчат з сутнасцю духоўных практыкаванняў. Затым просяць напісаць на картках мэту свайго прыезду. Такім чынам удзельніцы вучацца важнай рэчы – шчырасці перад самой сабой. “Незалежна ад сур’ёзнасці намераў, кожная інтэнцыя вельмі важная”, – упэўнена сястра.
    Манахіня акцэнтуе ўвагу на тым, што яны не арганізоўваюць рэкалекцыі па распазнанні паклікання: “Мы вучым быць блізка Бога. А калі чалавек знаходзіцца побач з Госпадам, ён без праблем знойдзе свой жыццёвы шлях”.
    Да духоўных практыкаванняў сёстры кармэліткі рыхтуюцца задоўга да іх правядзення. Разам моляцца за дзяўчат, яшчэ нават не ведаючы, хто да іх прыедзе. Просяць Пана, каб ніхто не вярнуўся дамоў з тым самым духоўным заплеччам, з якім прыбыў. Моляцца за святара, які будзе прамаўляць канферэнцыі, і паралельна шукаюць адпаведную тэму будучай сустрэчы. “Звычайна мы стараемся прывязаць яе да літургічнага перыяду. Калі спатканне плануецца на час Вялікага посту, разважаем пра ахвярнасць у любові, а падчас актавы Усіх Святых – пра праведнасць у штодзённасці. Аднак разам з тым мы заўсёды адкрыты на прапановы ўдзельніц”, – адзначае с. Ідалія.
    Галоўная мэта рэкалекцый – дапамагчы дзяўчатам усталяваць праўдзівыя адносіны з Госпадам, развіць у іх дух Божага дзяцінства. “Бязладдзе ў жыцці пачынаецца тады, калі чалавек не мае пад сабой надзейнага фундамента, – заўважае манахіня. – Адносіны паміж Хрыстом і Богам Айцом з’яўляюцца тым узорам, паводле якога варта класці аснову. Езус праз усё жыццё застаецца Дзіцём свайго Айца, бясконца любіць Яго і бязмежна Яму давярае. Праз уласную муку і смерць Збаўца здабыў нас для Бога і прагне, каб мы таксама ва ўсім спадзяваліся на Нябеснага Тату. Мы хочам, каб дзяўчаты будавалі ўласны падмурак не ў адзіночку, але разам з Хрыстом, абапіраючыся на Евангелле. Тады ў будучыні яны будуць мець непахісную падтрымку”.
    Насычаная праграма рэкалекцый запрашае ўдзельніц стаць у прысутнасці Езуса і весці з Ім дыялог. Штодня дзяўчаты адаруюць Хрыста ў Эўхарыстыі, сам-насам размаўляюць з Ім на працягу гадзіны. Разважаюць над урыўкамі з Бібліі і дзеляцца паміж сабой уласнымі меркаваннямі. Практыкуюць “час пустыні”. Гэта 2-3 гадзіны, калі кожная з удзельніц шукае сабе месца, дзе можна застацца адзін на адзін з сабой і Богам, у цішыні. Хтосьці знаходзіць куток у кляштары, а нехта сядае ў садзе пад дрэвам. Там дзяўчаты думаюць аб тым, што пачулі падчас канферэнцый або прачыталі ў Пісанні. Вырашаюць уласныя праблемы або працуюць над спецыяльнымі заданнямі, атрыманымі ад сясцёр. “Са слоў дзяўчат ведаю, што прабыванне ў цішыні – самае складанае ў праграме. Ім цяжка або заняць свае думкі, або разабрацца з іх колькасцю. Аднак пасля чую, што гэтыя хвіліны прыносяць найлепшы вынік”, – дадае с. Ідалія.
    Рэкалекцыі – гэта не толькі час, праведзены паасобку дзеля лепшага пазнання свайго “я”. “На Эўхарыстыі нас злучае алтар, дзе прымаем Цела Езуса, а пасля – супольны пасілак. Стол заўсёды яднае, – адзначае з усмешкай сястра. – Мы часта ўсе разам выходзім на шпацыр у блізкі барок. У нязмушанай атмасферы дзяўчаты хутчэй адкрываюцца, дзеляцца асабістымі перажываннямі. З некаторымі ў нас ужо ўсталяваліся сяброўскія адносіны: мы тэлефануем адна адной, сустракаемся. Дзяўчаты звяртаюцца да нас за парадамі, а мы шчаслівыя весці іх па надзейнай сцежцы”.
    “Галоўнага вачыма не ўбачыш”, – узгадвае сястра словы Антуана дэ Сэнт-Экзюперы, калі гаворыць пра вынікі рэкалекцый. “Калі плён ёсць – хвала Пану! Няхай дзяўчаты карыстаюцца”, – падсумоўвае манахіня.
   
   
Ці дапамагае ўдзел у рэкалекцыях вырашаць асабістыя крытычныя сітуацыі?
  Марыя Углік, 20 гадоў  Мне неаднаразова даводзілася сутыкацца ў жыцці з цяжкасцямі. Некаторыя з іх вырашала з лёгкасцю, іншыя патрабавалі больш часу, сіл і нерваў. Аднойчы давялося перажыць сапраўды “чорную паласу”. Усё пачалося з дробных праблем у гаспадарцы. Затым здарыўся пажар. Пачаліся праблемы са здароўем бабулі. Сур’ёзна захварэў тата, а пасля і мама… Нягоды навальваліся, як снежны камяк, і здавалася, што выхаду з іх не знайсці. Я была зусім панікшая, сканцэнтраваная выключна на праблемах – жыла без радасці…
    Незадоўга да гэтых здарэнняў я запісалася на рэкалекцыі да сясцёр кармэлітак. Загразшы ў клопатах, думала адмовіцца ад удзелу, але ўсё ж такі вырашыла далучыцца да іншых дзяўчат. Добра памятаю, што ў першы дзень мы бурна разважалі над Евангеллем: кожны выказваў адрознае меркаванне. Пасля супольна памаліліся, паспавядаліся і ў цішыні адаравалі Езуса. Менавіта апошні пункт духоўных практыкаванняў дапамог мне выпрастацца і, упершыню за апошні час, удыхнуць на поўныя грудзі. Выказаўшы Богу ўсё, што са мной здарылася, усе думкі і перажыванні, я па-новаму зірнула на цяжкасці. Знайшла шляхі вырашэння некаторых з іх і здабыла Крыніцу суцяшэння там, дзе не магла справіцца самастойна.
    Досвед перажытых рэкалекцый паказаў мне, што Бог – стратэг, які заўсёды пралічвае на некалькі крокаў наперад. Цяпер я ўсведамляю, што трэба ва ўсім давяраць Госпаду і адпускаць сітуацыю, калі не можаш вырашыць яе сваімі сіламі.

   
Які плён прыносяць рэкалекцыі?
  Вікторыя Казлоўская,  18 гадоў  Мне падабаецца ўдзельнічаць у духоўных практыкаваннях. Гэта час, калі можна абстрагавацца ад штодзённых спраў і цалкам прысвяціць сябе Богу: аддаць Яму ўсе свае крыўды, смуткі, радасці, патрэбы.
    На рэкалекцыях я пазнаю зблізку знаёмых дзяўчат і вучуся адкрывацца на новых людзей. Падчас духоўных практыкаванняў заўсёды знаходжу адказы на турбуючыя пытанні. Штораз атрымліваю новы досвед і веды, сталею як хрысціянка.
    Вяртаючыся з рэкалекцый, я адчуваю ў сабе шмат сіл, святла і духоўнай радасці. Усім, што атрымала, хачу дзяліцца з іншымі людзьмі. Хачу станавіцца лепшай і дабрэйшай.

   
Якія якасці можна выхаваць у сабе падчас духоўных практыкаванняў?
  Нэлі Болдак, 22 гадыЯ заўсёды з задавальненнем занураюся ў атмасферу, якая пануе ў кляштары сясцёр кармэлітак: адрываюся ад клопатаў, мітусні, звычайных будзённых рэчаў. Там удаецца настроіцца на адпаведны лад: пачуць голас Бога, разабрацца ў сваіх перажываннях, набрацца ўнутранай моцы.
    Акрамя гэтага, я заўсёды назіраю за адносінамі паміж манахінямі. Шчыра кажучы, іх узаемныя стасункі – гэта першае, што кідаецца ў вочы. У размовах заўсёды чутна пашана, у дзеяннях – уступкі. Яны дапамагаюць адна адной і ў дробязях, і ў больш значных справах. У гэтым пакорным стаўленні не адчуваецца фальшы, толькі любоў. На рэкалекцыях збіраецца шмат дзяўчат з рознымі характарамі, тэмпераментамі і густамі, і мы не заўсёды разумеем адна адну. Аднак, гледзячы на сясцёр, кожная з нас намагаецца прыняць іншую такой, якая яна ёсць. Я ўпэўнена, што пасля ўдзелу ў духоўных практыкаваннях мы вяртаемся дадому крыху больш цярплівымі, пакорлівымі, спагаднымі і разважлівымі.

   

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.