ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Камісія па справах катэхезы і каталіцкага выхавання

Праца Сіноду

Жыць Евангеллем.
Першы Сінод Гродзенскай дыяцэзіі
Выхаванне ніколі не было чымсьці лёгкім, а ў сучаснасці, здаецца, яно становіцца сапраўдным выклікам. Пра гэта добра ведаюць бацькі, настаўнікі, святары і ўсе тыя, на кім спачывае непасрэдная адказнасць за гэты працэс. Не аднойчы сёння можна пачуць пра “вялікі выхаваўчы крызіс”, паколькі ўсе намаганні, каб старанна фарміраваць асоб, здольных супрацоўнічаць з іншымі і надаць сэнс свайму існаванню, часта застаюцца дарэмнымі.
Жыццё шчырага вызнаўцы Хрыста ад хвіліны нараджэння ажно да смерці прасякнута збаўчым уздзеяннем сакрамантаў. Касцёл, быццам вопытны педагог, прагне спадарожнічаць верніку ў духоўным развіцці і нястомна прыгадваць яму пра канчатковае прызначэнне. Галоўнай задачай такой фармацыі з’яўляецца фарміраванне ў чалавеку вечных каштоўнасцей і адкрытасці на ўздзеянне Святога Духа. Адсюль вынікае сталая неабходнасць выхавання і катэхізацыі. Маюцца на ўвазе не толькі веды, паколькі без досведу жывой веры яны могуць аказацца бескарыснымі. Паглыбленне ведаў і веры павінна ажыццяўляцца паралельна і дапаўняць адно аднаго.
    Прадмет увагі Камісіі па справах катэхезы і каталіцкага выхавання – фармацыя дзяцей і моладзі, а таксама катэхізацыя ўсіх пакаленняў вернікаў. Асноўным, але не адзіным асяроддзем выхавання маладых людзей з’яўляецца сям’я. У фарміраванні асобы падрастаючага чалавека ўдзельнічаюць таксама школа і парафія. Таму мэтай прац Камісіі з’яўляецца яшчэ і пошук прасторы супрацоўніцтва паміж гэтымі асяроддзямі, каб у выніку весці дзяцей і моладзь да блізкіх адносін з Хрыстом.
    Камісія прагне шукаць новыя эфектыўныя спосабы адукацыі і падтрымкі катэхетаў, каб даць ім магчымасць быць абвяшчальнікамі Слова ў сваіх асяроддзях. Сінадальную працу яна распачала з падрыхтоўкі ананімнай анкеты, разасланай духоўным асобам Гродзенскай дыяцэзіі, што мае на мэце асвяціць сітуацыю катэхізацыі ў лакальным Касцёле. Пытанні датычаць, між іншым, непасрэдна катэхета, яго адукацыі і сацыяльнага забеспячэння, а таксама катэхізаваных асоб, іх удзелу ў катэхезе, уцягнутасці ў жыццё парафіяльнай супольнасці, супрацоўніцтва з бацькамі.
    Вобласць працы Камісіі шырокая і шматступенная. Члены Камісіі – святары, манаскія сёстры ды свецкія катэхеты, якіх яднае супольны клопат аб высокім узроўні катэхезы і добрым выхаванні маладога пакалення ў нашай дыяцэзіі, і якія прагнуць прыкласці ўсе намаганні, каб місійны наказ Хрыста “Ідзіце і навучайце ўсе народы” (Мц 28, 19) надалей рэалізаваўся з вялікім запалам!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.