ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Найбольшая з цнотаў

На шляху да святасці

У сучасным свеце шмат гаворыцца пра любоў. Аднак гэтае паняцце было так перакручана, што многія страцілі веру ў яе. Мы як хрысціяне добра ведаем, што любоў з’яўляецца падмуркам, на якім неабходна будаваць святасць, паколькі сам Хрыстос найважнейшай запаведдзю прызнаў наступную: любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім розумам тваім, а бліжняга твайго, як самога сябе (параўн. Мц 22, 37–39). Дык якім чынам разумеецца любоў у каталіцкай тэалогіі? Чым з’яўляецца? Якія мае рысы?
Тэалагічныя цноты
    Кожная асоба, якая прымае хрост, атрымлівае асвячаючую ласку, якая робіць яе ўдзельнікам жыцця і натуры Усемагутнага. Такім чынам чалавек становіцца Божым дзіцём. Разам з ласкай Стварыцель улівае ў чалавечую душу 3 цноты: веру, надзею і любоў. Менавіта па гэтай прычыне побач з назвай “тэалагічныя цноты” функцыянуе іншая – “улітыя цноты”.
“Яны робяць хрысціян здольнымі жыць у еднасці з Найсвяцейшай Тройцай. Іх пачаткам, прычынай і непасрэдным аб’ектам з’яўляецца Трыадзіны Бог” (ККК 1812). “Яны фарміруюць, натхняюць і характарызуюць маральныя дзеянні хрысціяніна. [...] Яны ўліваюцца Богам у душы вернікаў, каб даць ім здольнасць дзейнічаць як Божым дзецям і заслужыць вечнае жыццё. З’яўляюцца задаткам прысутнасці і дзеяння Святога Духа ў здольнасцях чалавека” (ККК 1813). Такім чынам, тэалагічныя цноты яднаюць нас з Усемагутным і ўмацоўваюць на шляху да святасці.
    Вера дапамагае верыць у Бога і Яго Аб’яўленне. Дзякуючы ёй чалавек прагне пазнаваць волю Стварыцеля і выконваць яе (параўн. ККК 1814). Аднак недастаткова верыць у сэрцы, трэба вызнаваць сваю веру, адважна сведчыць аб ёй і распаўсюджваць (параўн. ККК 1816). “Так кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Я прызнаю перад Айцом Маім, які ў нябёсах. А хто адрокся б ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом Маім, які ў нябёсах” (Мц 10, 32–33). Трэба таксама памятаць, што вера без учынкаў мёртвая (параўн. Як 2, 26).
    Дзякуючы надзеі “мы прагнем як нашага шчасця Нябеснага Валадарства, падмацоўваючы свой давер абяцаннямі Хрыста і атрымліваючы дапамогу праз ласку Святога Духа” (параўн. ККК 1817). Гэтая цнота ачышчае чалавечыя дзеянні, каб “падпарадкаваць Валадарству Нябеснаму, абараняе ад маркоты, падтрымлівае ў пакінутасці, адкрывае сэрца ў чаканні вечнага шчасця. Парыў надзей захоўвае ад эгаізму і вядзе да шчасця любові” (параўн. ККК 1818). Такім чынам, надзея дадае сіл, каб нягледзячы на выпрабаванні і цяжкасці, давяраючы Божай міласэрнасці, крочыць наперад у імкненні да святасці.
    Любоў – гэта цнота, “дзякуючы якой мы любім Бога па-над усё, найперш дзеля Яго самога, а свайго бліжняга – як саміх сябе, дзеля любові да Бога” (ККК 1822). Менавіта яна з’яўляецца фундаментам хрысціянскай дасканаласці. Чым глыбей мы ўмеем любіць, тым бліжэй да Божага Валадарства знаходзімся (параўн. ККК 1827). “Плён любові – радасць, мір і міласэрнасць; яна патрабуе шчодрасці і братняга настаўлення; яна з’яўляецца зычлівасцю; яна спараджае ўзаемнасць, застаецца бескарыслівай і шчодрай; яна ёсць сяброўства і камунія” (ККК 1829). Як сцвярджае св. Павел у Першым пасланні да Карынцянаў, любоў – найбольшая з 3-ох цнотаў (параўн. 1 Кар 13, 13). Прыглядзімся да яе бліжэй.
   
    Што такое любоў
    Перш за ўсё, трэба ўсвядоміць сабе, што любоў у хрысціянскім разуменні – гэта жаданне дабра іншай асобе. Такім чынам, яна з’яўляецца не пачуццём, а свядомым і добраахвотным выбарам. Чалавек, здольны да любові, дзякуючы атрыманай падчас хросту ласцы сам прымае рашэнне, ці хоча любіць.
    Чалавечую любоў можна падзяліць на 3 этапы:
    1) любоў да Бога;
    2) любоў да самога сябе;
    3) любоў да бліжняга.
    Кахаючы Усемагутнага, мы вучымся дасканалай любові, якая ачышчае нас і робіць здольнымі кахаць сябе і іншых. Дастаткова таго, што мы ўсведамляем сабе веліч Хрыстовага ўчынку, каб адчувальнае сэрца ўжо не магло адмовіцца ад любові да Яго. “Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх” (Ян 15, 13).
   Палюбіўшы Бога ўсім сэрцам, будзем асцерагацца граху. Бо ніхто ж не жадае свядома пакрыўдзіць каханую асобу. А добра ведаем, што здзейсненае намі зло абражае Усемагутнага. Месія заклікаў апосталаў: “Заставайцеся ў Маёй любові. Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй” (Ян 15, 9–10). Таму самы надзейны шлях, каб засведчыць Богу аб сваёй любові, – выкананне Яго запаведзей. Нельга грэбаваць гэтай умовай, трэба памятаць, што кожная з іх аднолькава важная.
    Калі нам удасца адкрыцца на Божую любоў i вярнуць яе, здолеем палюбіць таксама сябе.
    Не эгаістычнай “любоўю”, а натуральнай, правільнай. Яна заключаецца найперш у прыняцці саміх сябе такімі, якія мы ёсць. Гэта датычыцца адначасова знешняга выгляду, як і таго, што ў нас унутры. Ніхто не ідэальны. Кожны мае нейкія мінусы і плюсы. Бог стварыў нас менавіта такімі і такімі ж бязмежна палюбіў. Магчыма, у вачах свету хтосьці запоўны ці завысокі, мае задоўгі нос ці адтапыраныя вушы, але ў вачах Пана ён цудоўны! Што ж датычыць нашага нутра – характару і тэмпераменту – вядома, што маем перамагаць свае слабасці, нястомна развівацца і імкнуцца да дасканаласці. Я ўпэўнена, што не аднаму чалавеку сваякі ці акружаючыя людзі часам сцвярджалі, што ён кепскі і нікуды не годны. Гэта вельмі знеахвочвае. Аднак нельга апускаць рукі і паддавацца. Па-першае, трэба прыгадаць сабе, што Бог цябе любіць. Па-другое, усвядоміць: важна тое, што ты стараешся (аднак гэта не павінна стаць апраўданнем кожнай няўдачы). Па-трэцяе, неабходна прыняць сябе. Як трапна заўважыў адзін святар падчас рэкалекцый, “я – гэта мае добрыя якасці і недахопы”. Каб магчы прыняць сябе, трэба заўважыць і прыняць таксама і ўласныя дрэнныя бакі. Паколькі наша “я” складаецца як з плюсаў, так і з мінусаў.
    Калі ўжо навучымся любові да сябе, нам не будзе цяжка пакахаць бліжняга. Калі прымем сябе такімі, якія мы ёсць, і ўсвядомім, што ніхто не ідэальны, у тым ліку і мы самі, здолеем рэальна паглядзець на бліжніх, не патрабуючы ад іх звыш меры, са зразуменнем прымаючы іх слабасці. “Якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана” (Лк 6, 38).
    Давайце яшчэ раз узгадаем: любоў з’яўляецца жаданнем дабра для іншых. Аднак варта памятаць, што ўсякае дабро без любові не мае сэнсу: “Калі я гавару мовамі людзей і анёлаў, а любові не маю, я – як медзь звонкая або гулкія цымбалы. Калі маю дар прароцтва і спазнаў усе таямніцы, і маю ўсякія веды і паўнату веры, каб перастаўляць горы, а любові не маю, то я – нішто. Калі раздам усю маёмасць сваю і аддам цела сваё на спаленне, а любові не маю, няма мне з гэтага ніякай карысці” (1 Кар 13, 1–3).
   
Якая яна – Любоў
    Спіс рысаў дасканалай любові склаў яшчэ св. Павел. Нягледзячы на тое, што свет рухаецца наперад, яны застаюцца нязменнымі. Давайце прыглядзімся да кожнай з іх.
   
   - Любоў доўгацярплівая, г. зн. спакойная і стрыманая, але стойкая і нястомная. Яна не баіцца выклікаў, не ўцякае ад праблем.
   - Любоў ласкавая, г. зн. міласэрная. Аказвае дабро і здольна прабачыць.
   - Любоў не зайздросціць, г. зн. умее цешыцца радасці бліжняга. Здольна таксама цалкам даверыцца іншаму чалавеку, каб не сумнявацца ў яго вернасці і шчырасці.
   - Любоў не ганарыцца, г. зн. не шукае ўзнагарод і прызнання. З’яўляецца бескарыслівай. Нічога не хоча ўзамен.
   - Любоў не пыхлівая, г. зн. сціплая. Ведае, што ўсім добрым у сабе абавязана Богу, таму ўсведамляе, што не мае чым ганарыцца.
   - Любоў не бессаромная, г. зн. цэніць чысціню як душы, так і цела.
   - Любоў не шукае свайго, г. зн. на першае месца ставіць дабро і жаданні іншай асобы.
   - Любоў не гневаецца, г. зн. умее кантраляваць эмоцыі. Яна лагодная і памяркоўная.
   - Любоў не памятае зла, г. зн. здольна не толькі дараваць, але і пакінуць гэта ў мінулым і больш да яго не вяртацца.
   - Любоў не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай, г. зн. цэніць сумленнасць і шчырасць.
   - Любоў усё зносіць, г. зн. з усім згаджаецца, з пакорай прымае як добрае, так і дрэннае.
   - Любоў усяму верыць, г. зн. не падазрае ў падмане.
   - Любоў на ўсё спадзяецца, г. зн. давярае на 100 адсоткаў.
   - Любоў усё церпіць, г. зн. ніколі не здаецца.
   - Любоў ніколі не мінае, г. зн. ніколі не заканчваецца.
   
    Любоў з’яўляецца адным з асноўных кампанентаў чалавечага збаўлення. На першы погляд яна настолькі штодзённая, што ў ёй няма нічога складанага. Але наколькі ж на самай справе яна патрабуючая! Гэта прыгожа адлюстраваў у адным са сваіх вершаў кс. Ян Твардоўскі: “Забудзься, што ёсць ты, калі кажаш, што любіш”. Асцерагаймася, каб не прыніжаць любоў у сваім жыцці. Без яе немагчыма дасягнуць збаўлення.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.