ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Францішак Сальскі – біскуп і доктар Касцёла

Дзіцячы куточак

Прывітанне, Маленькі Чытач!
А ці маеш Ты сябра? Сапраўднага сябра, які дапамагае Табе ў складаных сітуацыях або нават штосьці ахвяруе дзеля Цябе? Сёння размова пойдзе менавіта пра такога чалавека. Чалавека, што быў сябрам Пана Езуса і ўсіх людзей, з якімі сустракаўся ў сваім жыцці. Яго звалі Францішак Сальскі. Успамін гэтага святога ў Касцёле адзначаецца 24 студзеня.

   Дзіцячыя і юнацкія гады
    Францішак нарадзіўся 21 жніўня 1567 года ў замку, які размяшчаўся на ўсходзе сучаснай Францыі, і быў першым дзіцём знакамітых і заможных бацькоў. Пазней у іх нарадзілася яшчэ 12 дзяцей, пяцёра з якіх памерлі амаль адразу пасля нараджэння. З-за хваравітасці Францішак спачатку вучыўся дома, а калі падрос, бацька пачаў рыхтаваць яго да службы на высокіх дзяржаўных пасадах. Для гэтага хлопец стаў наведваць найлепшыя школы сваёй мясцовасці. Затым ён паступіў у езуіцкі каледж ў Парыжы, а пасля, правучыўшыся 4 гады ў Падуі, атрымаў тытул доктара грамадзянскага і кананічнага права.
   
    Здольнасці Францішка
    Хлопец меў разнастайныя таленты, бліскучы розум, настойлівасць, мяккі і сур’ёзны характар, а таксама вылучаўся знешняй прывабнасцю. Меў навык коннай язды, добра танцаваў і фехтаваў. Але ўсе гэтыя цікавыя заняткі не выклікалі ў яго радасці. Юнак марыў стаць святаром.
   
    Святарства
    18 снежня 1593 года Францішак атрымаў пасвячэнне. Граф Сальскі пакінуў тытулы і багацце, абраўшы шлях служэння іншым. Першыя гады душпастырскай працы кс. Францішка праходзілі ў вострай місіянерскай барацьбе з кальвіністамі. За 2 гады ахвярнай паслугі маладога святара ў лона Касцёла вярнулася звыш 8000 чалавек. Ён растлумачваў простым людзям праўды веры не як святар, засяроджаны толькі на сваёй перамозе, але як бацька, які клапоціцца пра дабро сваіх дзяцей.
   
    Біскупская паслуга
    8 снежня 1602 года кс. Францішак быў прызначаны біскупам Жэневы. Гэты добры пастыр, не знаючы стомленасці, наведваў даручаныя яму 450 парафій, займаўся духоўным і інтэлектуальным фарміраваннем святароў, рэфармаваў кляштары, катэхізаваў дзяцей, шмат гадзін праводзіў у канфесіянале, падчас Адвэнту і Вялікага посту прапаведаваў у шматлікіх савойскіх і французскіх гарадах. За час сваёй дзейнасці бп Сальскі напісаў вялікую колькасць рэлігійных твораў і лістоў. Разам яны складаюць 14 тамоў. Найбольш значнымі з яго прац з’яўляюцца “Уводзіны ў набожнае жыццё” (1609 г.) і “Трактат аб любові да Бога” (1616 г.).
    Добры пастыр Францішак здабываў людскія душы сваімі прамовамі, якія былі нібы мёд для зраненых сэрцаў. Людзі, быццам пчолы, ляцелі ў касцёлы, дзе прамаўляў бп Францішак. Ён стараўся данесці вернікам, што святасці можа дасягнуць кожны, трэба толькі вельмі гэтага хацець. Лагодны характар, любоў да бліжніх і прыгожыя словы з амбона спрыялі таму, што людзі пачалі называць Францішка Сальскага “мядовым доктарам”.
   
    Вось такім незвычайным святаром быў гэты высакародны па паходжанні і па спосабе жыцця чалавек.
    Маленькі Чытач! Калі будзеш выбіраць сабе сябра, звяртай увагу на тое, ці гатова гэтая асоба дзеля Цябе адказацца ад прыемнасцей, аддаць найлепшае, што мае, ахвяраваць увесь свой час? І – што найважнейшае – ці дапамагае Табе гэтае сяброўства любіць Пана Бога?
   
    Заданне: Пастарайся саставіць для сябе праграму набожнага жыцця.
    Падумай, якімі звычайнымі ўчынкамі Ты можаш любіць Пана Бога?
    Прачытай, што раіў сваім духоўным дзецям бп Францішак.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.