ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Святарскае каледаванне

Дзіцячы куточак

Прывітанне, Маленькі Чытач!
Кожны год пасля свят Божага Нараджэння мы чуем у касцёле, што святар распачынае каляду. Гэта значыць, трэба запісацца і запрасіць душпастыра на сустрэчу да сябе дамоў.
    Што такое каляда і навошта яна патрэбна?
    Каляда – гэта, перш за ўсё, падзяка Богу за атрыманыя ласкі ў мінулым годзе і малітва аб Яго апецы ў наступным, а таксама магчымасць прыватнай сустрэчы са святаром. Душпастыр наведвае парафіян, бласлаўляе вернікаў і іх сем’і, асвячае дамы, супольна моліцца разам з іх жыхарамі.

   Адкуль узялася традыцыя святарскага каледавання?
    У Касцёле да душпастырскага візіту абавязвае Кананічнае права, якое прадпісвае наведванне сем’яў “для пашырэння веры людзей і аказання ім неабходнай духоўнай дапамогі”. Такім чынам, святарам недастаткова толькі бачыць сваю паству ў касцёле: яны павінны ведаць, як і чым жывуць іх авечкі штодзень. Для гэтага і існуюць душпастырскія адведзіны.
   
    Як адбываецца святарскае наведванне?
    Згодна з традыцыяй, мы пішам на ўваходных дзвярах сваіх дамоў асвечанай крэйдай літары “С+М+В” і бягучы год. Гэтыя літары з’яўляюцца першымі літарамі слоў лацінскага выразу “Chrisus mansionem benedicat” (“Няхай Хрыстос блаславіць дом”).
    Гаспадар дома сустракае святара ля ўваходных дзвярэй, затым запрашае ў пакой. Пажадана, каб на сустрэчы з душпастырам прысутнічалі ўсе члены сям’і. Гэта добры час для прыватных размоў са святаром, калі ў хатняй атмасферы можна пачуць адказы на любыя хвалюючыя пытанні.
    Душпастырскае наведванне мае характар хатняга набажэнства. Яно можа распачацца з супольнай малітвы ці разважання над Божым словам. Часам наведванне распачынаецца са спеву калядкі. Вітаючыся словамі “спакой гэтаму дому”, святар жадае, каб тут пастаянна прысутнічаў Хрыстос, які сваім з’яўленнем на свет прынёс людзям спакой. Пасля прывітання адбываецца бласлаўленне сям’і і дома з акрапленнем асвечанай вадой усіх прысутных.
   
    Дарагі Маленькі Чытач! Вельмі важна памятаць аб гасціннасці, калі прымаем у доме госця. З гэтай нагоды хачу падзяліцца з Табой адной цікавай прыпавесцю, якая называецца “Гатэль у горадзе багоў”.
    Даўным-даўно жыў прамудры старац. Было ў яго трое сыноў. Добрыя сыны ва ўсім слухаліся бацьку.
    Аднойчы стары паклікаў да сябе сыноў і сказаў:
    – Хутка я пакіну вас, дзеці мае. Аддаю вам усё, што нажыў працай і розумам… Падзяліце маю скаціну на чатыры роўныя статкі. Няхай кожны возьме сабе па адным і працягвае маю справу. Жывіце дружна і вучыце дабру сваіх дзяцей!
    Пакланіліся сыны бацьку, падзякавалі яму за дар. Але перш чым выйсці з пакоя, звярнуліся да яго з пытаннем:
    – Ці ўсё мы дакладна пачулі, бацька? Ці правільна зразумелі твой наказ? Нас трое, а ты распарадзіўся падзяліць быдла на чатыры часткі. Каму ж пакідаеш чацвёртую?
    Бацька адказаў:
    – Чацвёртую частку сваёй жывёлы я пакідаю... вашаму госцю. Няхай кожны, хто мае патрэбу ў ежы і прытулку, хто па жаданні або па патрэбе з’явіцца ў вашым доме, знойдзе тут прыстанішча і пачастунак, пяшчоту і цяпло.
    А калі госць пачне сціпла адмаўляцца ад ежы і пітва, скажыце яму, што ён есць і п’е сваё, а не ваша, бо ў вашым набытку ёсць і яго доля... Памятаеце, дзеці мае, як казаў мудрэц: “Дабро зрабіў – дабро атрымаў”? Разам з госцем у дом уваходзяць святло і радасць зносін.
   
    Вельмі важна захоўваць традыцыі гасціннасці. Таму, Маленькі Чытач, калі будзеш сустракаць святара па калядзе, памятай, што да Цябе прыходзіць сам Бог у вобразе гэтага чалавека, і акажы яму годны прыём.
   
    Заданне: спытайся ў бацькоў, ці ўсё падрыхтавалі да каляднай сустрэчы са святаром, і памаліся разам з імі, каб гэты візіт быў поўным радасці і цеплыні.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.