ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Візіт, які нясе бласлаўленне

З жыцця Касцёла

Пасля Божага Нараджэння і Новага года распачынаецца час душпастырскіх візітаў – т. зв. каляды. Святар прыходзіць з бласлаўленнем, просячы ў малітве аб здароўі і чысціні, дабрыні і лагоднасці, а таксама аб вернасці ў выкананні запаведзей. Адчыненыя дзверы нашых дамоў – гэта таксама сімвал адкрытых на Бога сэрцаў.
Душпастырскі візіт – адзін са спосабаў абвяшчэння Евангелля.
    Наведваючы дамы сваіх вернікаў, святары прагнуць паказаць, што кожны чалавек патрэбны і важны, а таксама ўсвядоміць парафіянам, што менавіта ім адрасавана канкрэтнае Божае слова.
    У гэтым нумары “Слова Жыцця” прагнем наблізіць традыцыю душпастырскіх візітаў у братніх Цэрквах.

    Пастар
Уладзімір Татарнікаў,

    Лютэранская Царква
    Памятаю яшчэ з дзяцінства, як наша сям’я пасля Каляд заўсёды запрашала на сустрэчу пастара. Мы чакалі гэтага асаблівага часу і адпаведным чынам рыхтаваліся да яго.
    Па традыцыі, якая склалася ў нашай Царкве, пастары могуць наведваць вернікаў па запрашэнні ў любы час. Адзінага вучэння ці практыкі адносна душпастырскага візіту пасля Раства ў Лютэранскай Царкве не існуе. Усё залежыць ад краіны знаходжання Царквы ці ад традыцыі, якая склалася гістарычна. У Беларусі Лютэранская Царква знаходзіцца ў меншасці, і таму тут дастаткова моцна адчуваецца ўплыў іншых традыцыйных канфесій. Такім чынам, душпастырскі візіт у вернікаў Лютэранскай Царквы здзяйсняецца ў той жа час, як і ў вернікаў Праваслаўнай Царквы ці Каталіцкага Касцёла.
    Лічу практыку душпастырскіх адведзін для хрысціянскай Царквы вельмі патрэбнай і важнай. Гэта добры час, калі святары могуць наведаць сваю паству, пагутарыць з вернікамі і іх сем’ямі, даведацца аб праблемах, з якімі яны сутыкаюцца, а самае галоўнае – разам памаліцца. У мітусні і клопатах паўсядзённасці не кожны мае магчымасць прыйсці ў святыню. Некаторым нават не стае часу, каб на працягу дня проста сказаць Богу “дзякуй” за Яго дапамогу. Душпастырскі візіт – як раз той момант, калі святар можа (і павінен!) нагадаць чалавеку, каб ён пакінуў усе свае побытавыя справы, знайшоў час, каб разам памаліцца і папрасіць у Бога падтрымкі і бласлаўлення на далейшыя дні жыцця.
    Многія людзі запрашаюць пастара для малітвы і размовы дадому, бо часам саромеюцца падысці да яго са сваімі пытаннямі ці праблемамі ў святыні. Ведаю, што калі ў вернікаў Лютэранскай Царквы няма магчымасці паклікаць пастара, то яны звяртаюцца з такой просьбай да святароў Каталіцкага Касцёла. Гэта вельмі добры знак, таму што, лічу, малітва не павінна нас раздзяляць.
   
    Айцец Андрэй Крот,
    Грэка-каталіцкая Царква
    Душпастырскія адведзіны ў нашай парафіі пачынаюцца пасля 6 студзеня – свята Богааб’яўлення альбо Хросту Госпада нашага Езуса Хрыста, калі асвячаем ваду. Гэтай вадой затым святар і акрапляе дамы і кватэры вернікаў.
    Я як душпастыр падчас адведзін вернікаў атрымліваю цудоўную магчымасць удзяліць болей часу сваёй пастве. Часта мы падоўгу размаўляем з вернікамі на розныя духоўныя і жыццёвыя тэмы. Так як наша парафія невялікая, імкнуся наведаць не больш за адну сям’ю ў дзень, каб прысвяціць неабходную колькасць часу ўсім парафіянам.
    Некаторыя пры нагодзе просяць асвяціць дамы альбо кватэры сваім суседзям ці родным. Хтосьці запрашае святара кожны год, хтосьці – раз на два гады, хтосьці і радзей. Ёсць, праўда, і такія парафіяне, якія звяртаюцца вельмі рэдка ці не звяртаюцца ніколі.
    Яшчэ ў нашай традыцыі душпастырскіх адведзін існуе такі звычай: святар малюе крыжыкі на чатырох сценах дома ці кватэры і падчас асвячэння памазвае іх алеем. Сёлета наша парафіянка мастачка Наталля Клімовіч дзеля гэтай справы падрыхтавала спецыяльныя налепкі з выявай крыжа св. Ефрасінні Полацкай.
   
    Протаіерэй Георгій Рой,
    Беларуская Праваслаўная Царква
    У заходніх і цэнтральных епархіях Беларускай Праваслаўнай Царквы спрадвеку існуе традыцыя асвячэння дамоў прыхаджан пасля свята Гасподняга Хрышчэння. Святары накіроўваюцца да вернікаў са святой вадой, малітвай і пастырскім настаўленнем.
    Час душпастырскіх адведзін з’яўляецца надзвычай важным і, у той жа час, складаным часам у практыцы кожнага святара. З ранку да вечара, як правіла, на працягу некалькіх тыдняў ён выконвае свой пастырскі абавязак у адносінах да вернікаў. Здараецца, што людзі жывуць недзе ў аддаленых месцах ці на хутарах, і дабрацца да іх не так проста. Аднак хачу заўважыць, што такія вернікі найбольш радасна сустракаюць святара.
    У час адведзін перад вачыма душпастыра паўстае ўся палітра радасцей і горасцей чалавечага жыцця. Некаторыя сітуацыі патрабуюць самай пільнай і сур’ёзнай увагі ці неадкладнай пастырскай дапамогі. Святар не мае права быць абыякавым да праблем, з якімі сутыкнуўся вернік. Таму нягледзячы на надзвычайную загружанасць ды стомленасць у такі надзвычайны час душпастыр павінен з асаблівай увагай і клопатам імкнуцца наблізіцца да сваіх прыхаджан. Гэта дапамагае яму быць сапраўдным слугой Хрыста і Царквы.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.