ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Сям’я як школа любові

З жыцця Касцёла

Вернікі разважаюць пра сужэнскі саюз, цяжкасці, з якімі ім даводзіцца сустракацца, і падмурак, на якім будуюць сямейнае шчасце.
Новы 2019 год аб’яўлены Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Годам сям’і. Яго пастырская праграма будзе прысвечана тэме “Сям’я – крыніца радасці і надзеі моладзі”. Такое рашэнне абумоўлена 2-ма галоўнымі падзеямі ў Касцёле, за якімі ўважліва сачыў свет у мінулым годзе: гэта Сусветны форум сям’і, што адбываўся ў Ірландыі, і Сінод Біскупаў па праблемах моладзі, які не так даўно завяршыўся ў Ватыкане.
Па прыкладзе Святой Сям’і
    Познімі вечарамі, калі дзеці ўжо паснулі, парадкуеш усё ў кухні і ахвяруеш гадзіну сну дзеля цішыні. Часам, калі дзень вызначыўся нейкімі клопатамі або перажываннямі, гэтая цішыня перарастае ў падсумаванне дня, а лепш бы – у рахунак сумлення… Мімаволі позірк спыняецца на невялікім абразе Святой Сям’і з Назарэта, якім мая мама (светлая ёй памяць) бласлаўляла нас з мужам у дзень шлюбу.
У абліччах гэтых святых столькі спакою, прыхаванага за пакорай і любоўю болю…
    Наша сям’я яшчэ маладая – сёмы гадок. І выпрабаванні маёй любові як жонкі і маці таксама невялікія. Муж клапатлівы, дзеці збольшага здаровыя. А непаразуменні з Божай дапамогай удаецца пераадолець, пакуль шчыра ўсклікаю да Яго мудрасці. Хай сабе і не адразу, бо эмоцыі часам апераджаюць.
 Валянціна Грамыка   І ўсё ж такі мае адносіны з дзецьмі, мае шчаслівыя позіркі на іх усцяж працятыя неспакоем. Божа, навучы мяне давяраць Табе… І я ведаю крыніцу гэтай горычы – няпросты мацярынскі досвед маёй любай мамы. Цяпер, калі маю двух сыночкаў, а яшчэ двух дзетак недзе на Нябёсах, усё стала такім празрыстым! Далікатныя настаўленні і адчайныя ўгаворы маёй мамы, яе спакой і паніка, злосць з-за неразумных выбараў дзяцей і бясконцая радасць іх поспехам, давер поўнай свабоды і пільная інтэрвенцыя – за ўсім гэтым была любоў і вера ў сваіх дзетак. Не сорам, не крыўда, не апушчаныя да долу рукі... І злосць аказалася зусім не злосцю – гэта былі боль і горыч, жаданне перасцерагчы і… безумоўная любоў.
    Святая Сям’я, маліся за нас, каб былі моцнымі вераю! Навучы пакорнай і самаахвярнай любові – пакуль мы дзеці і калі ўжо самі бацькі.
   
    На Божым падмурку
   Вераніка і Эдвін Ненартовічы Для стварэння моцнай і дружнай сям’і неабходна закласці трывалы падмурак, які грунтуецца на дакладным уяўленні аб вышэйшых каштоўнасцях: веры ў Бога, каханні, клопаце, павазе да бліжняга, адказнасці за свае словы і ўчынкі. Гэта тое, на чым мы выхоўваліся з самага нараджэння і неабходнасць чаго з цягам часу толькі павялічваецца.
    Аснова хрысціянскай сям’і – любоў! Прычым не толькі любоў чалавека да каханай асобы, але найперш да Бога, да свайго бліжняга, да самога сябе. Дзякуючы Пану мы ёсць адно ў аднаго. Яшчэ адной і, лічым, вельмі важнай каштоўнасцю з’яўляецца супольная малітва, якая ўмацоўвае сям’ю і дапамагае пераадолець сустрэтыя перашкоды. У час вянчання святар сказаў нам такія словы: “Памятайце, што калі Бог на першым месцы, тады і ўсё астатняе будзе на сваіх месцах”.
    Наша сям’я нарадзілася толькі месяц таму – усё яшчэ наперадзе. Якой будзе наша будучыня, не ведаем. Гэта вядома толькі Богу! Але мы ўпэўнена можам сказаць, што свой падмурак ужо вызначылі і з’яўляемся алоўкам у Божых руках. Таму не сумняваемся: праз любоў і давер да Яго гісторыя нашай сям’і будзе напісана найлепшымі фарбамі.
   
    Любоў – аснова сям’і
 Ганна Пажэцкая   У сучасным свеце сям’я з’яўляецца галоўнай адзінкай грамадства. Асабіста для мяне – як для асобы, выхаванай у традыцыйнай каталіцкай сям’і – гэты інстытут з’яўляецца асновай цэлага жыцця, аазісам спакою і ўпэўненасці, цёплых адносін паміж людзьмі, калыскай дабрыні і любові. Кіруючыся вартасцямі і прыкладамі, якія атрымала ад сваіх бацькоў, стараюся ствараць падобную атмасферу ўзаемнай павагі і даверу ва ўласнай сям’і.
    Сям’я – гэта не толькі дабрабыт і пэўныя выгоды, але і штодзённая складаная праца, перамаганне разнастайных цяжкасцей. Чым больш перашкод пераадольваецца разам, тым мацнейшай становіцца сям’я. Яе апорай заўсёды павінен быць бацька, які мае непахісны аўтарытэт. Менавіта яго задачай з’яўляецца забеспячэнне асноўных духоўных і матэрыяльных патрэб іншых членаў сям’і. Маці павінна стаць невычэрпнай крыніцай любові, аказваючы ўсім разуменне і пяшчоту. Дзеці – самы каштоўны скарб у сужэнстве. Ім належыць расці ў добрай атмасферы, вучачыся паважаць старэйшых, асабліва бацькоў, дзядуль і бабуль. Бацькі ў сваю чаргу павінны клапаціцца пра сваё патомства, шанаваць яго патрэбы, перадаваць веру, традыцыі і звычаі. Каб усё гэта спраўна функцыянавала, патрэбна ЛЮБОЎ.
   
    Сям’я – гэта багацце
    Францішак і Алёна ЖылкіЧым можа ганарыцца сучасны чалавек? Высокім становішчам у грамадстве, добрым матэрыяльным станам, нейкімі асабістымі дасягненнямі… Мы ж ганарымся тым, што маем дзве цудоўныя дачкі і ўжо пяць унучак. Без сумнення можам назваць сябе багатымі, бо ці ж не сапраўдны скарб – бачыць, як тваё жыццё працягваецца ў новых пакаленнях? Для поўнага шчасця нам дастаткова толькі, каб родныя былі здаровымі…
    Лічым, што магутным стрыжнем, своеасаблівым падмуркам, які аб’ядноўвае сям’ю, з’яўляецца духоўнае адзінства, што грунтуецца на веры ў Бога. Усемагутны, як галоўны арыенцір у жыцці, злучае нас усіх, такіх розных, у штосьці цэлае, вучыць жыць у гармоніі з Ім і адзін з адным, вучыць ставіцца да кожнага з павагай і заўсёды аказваць падтрымку, нягледзячы на розныя жыццёвыя абставіны. Вельмі добрай традыцыяй лічым супольнае святкаванне важнейшых каталіцкіх свят – Вялікадня і Божага Нараджэння. Калі ўся сям’я збіраецца за адным сталом, калі гучаць узаемныя віншаванні і просьбы прабачыць крыўды, сямейны дух значна ўмацоўваецца.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.