ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Знайдзіце месца ў сваіх сэрцах

Дзіцячы куточак

Прывітанне, Маленькі Чытач!
Сёння прапаную паразважаць на вельмі сур’ёзную і балючую тэму. У нашым свеце шмат людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Хтосьці з іх не можа хадзіць, хтосьці – гаварыць. Ёсць і тыя, хто, здавалася б, не можа нічога. Як жа гэтым “асаблівым” людзям жывецца ў свеце?
    Насамрэч, вельмі цяжка. Нават блізкія і родныя не заўсёды могуць ім дапамагчы. Таму такім людзям вельмі патрэбна не толькі наша спачуванне, але і наша падтрымка. А яшчэ яны моцна прагнуць, каб да іх адносіліся як да роўных.
З гэтай нагоды хачу распавесці Табе, дарагі Дружа, прыпавесць пра асаблівае кацяня і асаблівага хлопчыка.
    Прадавец адной невялікай крамы прымацаваў ля ўваходу аб’яву: “Прадаюцца кацяняты”. Аднойчы ў краму ўвайшоў хлопчык. Ён нясмела спытаўся аб цане на кацянят.
    – Каштуюць ад 30-ці да 50-ці рублёў, – адказаў прадавец.
    – У мяне толькі 2 рублі цяпер, – сумна сказаў хлопчык. – А ці можна мне толькі зірнуць на іх?
    Прадавец усміхнуўся і дастаў кацянят. Апынуўшыся на волі, кацяняты жвава заварушыліся. Толькі адзін з іх адставаў ад усіх і неяк дзіўна падцягваў заднюю лапку.
    – Скажыце, а што з гэтым кацянём? – спытаў хлопчык.
    Прадавец адказаў, што той мае дэфект лапкі, які застанецца на ўсё жыццё. Тады хлопчык чамусьці вельмі захваляваўся.
    – Вось яго я і хацеў бы набыць, – упэўнена сказаў ён.
    – Ты смяешся? – здзівіўся прадавец. – Гэта ж хворае кацяня! Навошта яно табе? Зрэшты, калі ты такі міласэрны, то забірай дарма. Я табе яго і так аддам.
    – Не, я не хачу браць дарма! Гэтае кацяня каштуе роўна столькі ж, колькі і іншыя. І я гатовы заплаціць поўную цану. Я прынясу Вам грошы пазней, – цвёрда дадаў хлопчык.
    Сэрца прадаўца завагалася.
    – Сынок, ты проста не разумееш усяго, – асцярожна дадаў ён. – Гэты небарака ніколі не зможа бегаць, гуляць і скакаць, як іншыя кацяняты.
    Пры гэтых словах хлопчык стаў заварочваць калашыну, каб прадавец мог убачыць: замест левай нагі ў яго быў металічны пратэз.
    – Я таксама ніколі не змагу бегаць і скакаць. І гэтаму кацяняці патрэбен хтосьці, хто б яго разумеў і падтрымліваў, – дрыжачым голасам вымавіў хлопчык.
    Вочы дарослага чалавека напоўніліся слязьмі. Крыху памаўчаўшы, прадавец прымусіў сябе ўсміхнуцца.
    – Сынок, я буду маліцца, каб ва ўсіх кацянят былі такія ж спагадлівыя гаспадары, як ты, – сказаў ён.
    Няхай сардэчнасць гэтага хлопчыка будзе прыкладам для Цябе, Маленькі Чытач. Памфятай, што вакол шмат асаблівых людзей, якім вельмі патрэбныя Тваё разуменне і падтрымка. Не бойся спыніцца і затрымацца каля іх. Знайдзі для такіх людзей месца ў сваім сэрцы.
   
    Заданне: падзякуй Пану Богу за сваё здароўе і памаліся за людзей з абмежаванымі магчымасцямі;
   падчас нядзельнай св. Імшы ахвяруй Усявышняму свае добрыя ўчынкі ў адносінах да такіх людзей.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.