ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Пільнуйма сваё сэрца!

Слова рэдактара

 Разам з распачаццем новага літургічнага года “наступіла гадзіна прабудзіцца нам ад сну. Таму адкінем учынкі цемры і апранёмся ў зброю святла” (Рым 13, 11–12). І будзем памятаць, што “плод святла ёсць ва ўсялякай дабрыні, справядлівасці і праўдзе” (Эф 5, 9).
   Многія набожныя ізраільцяне, якія чакалі прыходу Месіі, не заўважылі Яго нараджэння, знакі і цуды, якія Ён здзяйсняў. Не распазналі таксама Збаўцу, які аб’явіўся пасля свайго ўваскрасення. І да сёння цэлыя народы яшчэ не вераць у Хрыста, не прымаюць Яго збаўлення. Аднак дастаткова шмат ёсць таксама тых, хто прызнае Сына Чалавечага, хто чакае Яго паўторнага прыходу.
З кожным днём мы ўсё больш набліжаемся да паўторнага прыйсця Збаўцы на зямлю. Сам Езус неаднаразова папярэджваў: “Чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе” (Мц 24, 42).
    У прарока Ісаі чытаем: “І станецца ў апошнія дні, што гара дому Пана будзе пастаўлена на вяршыні гор і ўзвысіцца па-над пагоркамі” (Іс 2, 2). Тымі невядомымі “апошнімі днямі” з’яўляецца хвіліна нашай смерці. Безумоўна, гэта таямнічы і прыгожы момант, бо чалавек сустракаецца з міласэрным Панам Усемагутным, адчувае ўсёабдымнае Святло. Бласлаўлёны, насамрэч шчаслівы той, хто можа ў Яго акунуцца, застацца ў Ім і цешыцца сапраўдным спакоем і вечным жыццём. Каб стаць радасным удзельнікам Парузіі, трэба трымацца ў Святле Пана, хадзіць сцежкамі Божых запаведзей і бласлаўленняў ды старанна пільнаваць сваё сэрца.
    Езус прыходзіць на свет, каб збавіць кожнага чалавека! Мы не можам гэтага ігнараваць. Нельга таксама забывацца, што для збаўлення душа патрабуе навяртання. Хрыстос абяцаў, што калі адчынім перад Ім дзверы сваёй душы, Ён увойдзе і паселіцца там. Таму мы павінны ахоўваць дарогу, якая туды вядзе, каб не ступіў на яе злы дух, не праніклі сумненні ў міласэрнасці Нябеснага Айца, абыякавасць да Божых спраў, пагарджэнне ўзаемнай любоўю.
   
   Дарагія Чытачы!
   Дазволім, каб у час Адвэнту Бог аднавіў нашыя сэрцы і асвяціў іх сваёй ласкай. Адкрыемся на прыход Збаўцы!
    Наводзячы святочныя парадкі, гатуючы арыгінальныя стравы на стол, не будзем забывацца пра сутнасць свят. Памятайма аб дапамозе людзям, закранутым хваробай ці калецтвам, аб удзячнасці ўсім тым, хто аказвае нам дабро і падтрымлівае ў цяжкія хвіліны жыцця.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.