ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Чаму ўшаноўваем Сэрца Езуса?

На шляху да святасці

У чэрвені мы асаблівым чынам складаем пашану Сэрцу Пана. Святкуем прысвечаную яму ўрачыстасць у пятніцу пасля актавы Божага Цела. У кожную першую пятніцу месяца ўзнагароджваем яго за грахі: свае і ўсяго свету. Чаму ўшаноўваем Сэрца, а не Асобу Хрыста? Які сэнс мае пашана, складаемая органу цела?
Спачатку варта падкрэсліць, што паміж культам Сэрца Езуса і культам Асобы Божага Сына няма ніякіх супярэчнасцей. Нават наадварот – ушанаванне Найсвяцейшага Сэрца з’яўляецца адначасова ўшанаваннем самога Хрыста. Тут маем на ўвазе не абагаўленне аднаго з Яго органаў, а культ міласэрнай Любові, выразам якой ён з’яўляецца.
Сэрца – адзін з найважнейшых органаў чалавека. Малюнак працятага каменным лязом людскога сэрца, знойдзены ў адной з пячор на мяжы Францыі і Іспаніі (датуецца 40 тыс. гадоў да н.э.), сведчыць пра тое, што ўжо ў старажытнасці людзі ўсведамлялі сутнасць сэнсу гэтага органа: патрапіць камусьці ў сэрца – значыць пазбавіць жыцця.
    У антычнай літаратуры слова “сэрца” азначала не толькі фізічны орган чалавека, але і яго ўнутраны, душэўны стан, характар. У Святым Пісанні сэрца з’яўляецца ўвасабленнем маральнасці асобы. Сам Хрыстос лічыць сэрца крыніцай зла і дабра ў людзях: “Тое, што выходзіць з вуснаў, паходзіць з сэрца, і гэта робіць чалавека нячыстым. Бо з сэрца выходзяць ліхія думкі, забойствы, чужаложства, распуста, крадзеж, фальшывыя сведчанні, блюзнерствы. Гэта і ёсць тое, што робіць нячыстым чалавека” (Мц 15, 18–20). Аднак зло не павінна займаць месца ў людскім сэрцы. Менавіта сваё Сэрца Пан Езус дае людзям як прыклад для пераймання: “Вучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам” (Мц 11, 29). Сэрца паўсюдна лічыцца сімвалам любові.
    Адсюль і традыцыя дарыць падарункі ў форме сардэчка, напрыклад, на Дзень закаханых ці з іншай нагоды. Сэрца рэагуе на кожны імпульс любові, аб чым пісалі ўжо многія паэты і пісьменнікі ўсіх часоў. Таму калі Хрыстос прапанаваў сваё Сэрца як сімвал і крыніцу вышэйшай любові да людзей, то выкарыстаў вобраз добра вядомы і шырока прыняты, з-за таго такі зразумелы і красамоўны.
    Любоў Бога да кожнага чалавека самая вялікая, таму што для нас і для нашага збаўлення Езус, “будучы ў постаці Бога, не палічыў патрэбным быць нароўні з Богам, але выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі, прыпадобніўшыся да людзей. І з выгляду стаўшы як чалавек, прынізіў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай” (Флп 2, 6–8). “Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх” (Ян 15, 13).
    У Евангеллі чытаем, што Сэрца Езуса, распятага на крыжы, было прабіта кап’ём рымскага салдата. У тое ж імгненне з яго выцякла кроў і вада, што азначала аддаванне ў дары ўсіх ласкаў ад Усемагутнага, якія рыхтуюць і вядуць чалавека да вечнага жыцця. Такая вялікая любоў нашага Пана павінна ў кожным веруючым абуджаць рэфлекс удзячнасці. Мы ўсе пакліканы любіць Бога і бліжняга па прыкладзе Езусавага Сэрца. Нашыя сэрцы павінны імкнуцца стаць святыняй Усемагутнага, які мае пасяліцца ў ёй назаўсёды, а таксама цэнтрам спачування і дапамогі бліжняму.
    Культ Найсвяцейшага Сэрца Езуса дапамагае вернікам нястомна ўзрастаць у любові, такім чынам набліжаючыся да любові дасканалай, якой любіць нас Бог. Трэба памятаць, што можам і нават павінны ўшаноўваць Сэрца Езуса не толькі ў чэрвені ці ў першыя пятніцы месяца, але і на працягу цэлага года. Давайце як найчасцей карыстацца такой магчымасцю!

 

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.