ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Сучасны Касцёл у Беларусі: адкрыта і шчыра

Інтэрв'ю

Ad limina Apostolorum
Напярэдадні візіту аd limina Apostolorum біскупаў Беларусі ў Ватыкан, што прадугледжвае даклад іерархаў аб стане сваіх дыяцэзій, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у інтэрв’ю для “Слова Жыцця” распавёў аб агульным становішчы лакальнага Касцёла, яго дасягненнях і слабых месцах.
– Як вядома, адной з галоўных мэт візіту іерархаў у рамках візіту аd limina Apostolorum з’яўляецца справаздача адносна сітуацыі мясцовага Касцёла ў краіне. Чакаецца, што гэта будзе аб’ектыўны погляд на рэчаіснасць. Ваша Эксцэленцыя, як сёння можаце апісаць рэальнасць Касцёла ў Беларусі?
    – Касцёл у Беларусі цвёрда стаіць на сваіх нагах. Ён адрадзіўся пасля трываючых 3 пакаленні жудасных ганенняў і сёння з’яўляецца інтэгральнай часткай нашага грамадства, адыгрывае ў ім значную ролю. Усё часцей Касцёл уздымае свой голас адносна існуючых праблем, і да яго прыслухоўваюцца.
    Шмат увагі Касцёл прысвячае пастырскай дзейнасці, бо гэта яго галоўнае заданне – весці людзей шляхам збаўлення. Асаблівую ўвагу ўдзяляе дабрачыннасці і спяшае з дапамогай да тых, хто знаходзіцца ў матэрыяльнай і духоўнай патрэбе.
Добрым сведчаннем сталасці беларускага Касцёла, яго ролі ў жыцці грамадства і значэнні ў Еўропе з’яўляецца той факт, што горад Мінск у мінулым годзе быў выбраны для правядзення пленарнага пасяджэння Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы. Гэта знак прызнання нашага Касцёла на еўрапейскай арэне і адначасова гонар для краіны. Варта таксама звярнуць увагу на пастаяннае ўмацаванне сувязей і кантактаў Касцёла ў Беларусі з Праваслаўнай Царквой.
    Радуючыся поспехам, неабходна адзначыць, што ў нашым Касцёле існуе і нямала праблем. Адной з найбольш актуальных з’яўляецца недахоп святынь, асабліва ў вялікіх гарадах. Мікрараёны растуць як грыбы пасля дажджу, і там патрэбны новыя касцёлы, каб духоўна “карміць” вернікаў.
    Вялікай праблемай застаецца маральнае становішча грамадства, у якім прапагандуецца ідэя адсутнасці абсалютнай праўды. Усё адносна, і таму маральныя прынцыпы нібы таксама могуць змяняцца, што супярэчыць Божаму закону. Сведчаннем духоўнага заняпаду з’яўляюцца праблемы ў сям’і, пра што гавораць усё большая колькасць разводаў, малая колькасць дзяцей у сем’ях і яшчэ, на жаль, даволі шырока распаўсюджаная практыка перарывання цяжарнасці, штучнае апладненне, недастатковы клопат бацькоў аб адпаведным выхаванні дзяцей і г. д. У той час, як маем вельмі шмат добрай і актыўнай моладзі, вялікую трывогу выклікае яе рэлігійная абыякавасць, што сёння праяўляецца ўсё часцей.
    У выхаванні маладых людзей зараз большую ролю адыгрываюць СМІ, а не традыцыйныя аўтарытэты.
    Адсутнасць канкардата паміж Апостальскім Пасадам і Беларуссю “тармозіць” развіццё Касцёла і не дае магчымасці поўнаму ажыццяўленню яго місіі. Але нягледзячы на гэтыя і шматлікія іншыя праблемы мясцовы Касцёл дынамічна і ўпэўнена крочыць у будучыню, каб быць радасцю і надзеяй нашага грамадства.
   
    – Апошні падобны візіт біскупаў Беларусі ў Ватыкан меў месца ў 2009 годзе. Наколькі змянілася карціна мясцовага Касцёла за гэты час? Ці можам гаварыць пра нейкія заўважныя і значныя змены?
    – Касцёл у Беларусі 2018 года моцна адрозніваецца ад Касцёла 2009 года. За гэты час былі пабудаваны шматлікія святыні, хоць іх колькасць яшчэ далёка не дастатковая. Назіраем якаснае развіццё каталіцкіх СМІ і іх актыўнасць у медыяпрасторы нашай краіны. Гэта заўважна на прыкладзе партала Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Сatholic.by, газет “Слова Жыцця” і “Каталіцкі веснік”. Заснавана беларуская рэдакцыя “Радыё Марыя”. Ажыццяўляюцца прамыя тэлеперадачы набажэнстваў з розных касцёлаў. З’явіўся лічбавы варыянт Літургіі гадзін.
    Дынамічна развіваецца выдавецкая дзейнасць. Былі падрыхтаваны і выдадзены многія літургічныя, тэалагічныя і іншыя рэлігійныя кнігі, а таксама падручнікі па катэхізацыі. Выданне Новага Запавету на беларускай мове ўвянчала святкаванне Юбілею 500-годдзя выдання Бібліі Францыска Скарыны.
    Развіваецца сетка каталіцкіх навучальных устаноў, якія рыхтуюць свецкіх вернікаў для дапамогі ў парафіяльным душпастырстве. Да існуючых Катэхетычных курсаў пры Аддзеле каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі і Катэхетычнага каледжа ім. Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах далучыўся Мінскі катэхетычны каледж ім. св. Яна Хрысціцеля.
    Асаблівую ўвагу Касцёл звяртае на вельмі патрэбнае і актуальнае для нашай краіны душпастырства моладзі. Яе голас усё мацней гучыць на Сусветных днях моладзі, розных міжнародных форумах, пілігрымках у беларускія і замежныя санктуарыі. Касцёл, свядомы ў адказнасці за духоўны стан сям’і як галоўнай клеткі ў арганізме грамадства, шмат здзейсніў у справе падрыхтоўкі спецыялістаў для сямейных кансультацый.
    Паволі развіваецца спецыялізаванае пастырства ў шпіталях. З’явіліся таксама новыя магчымасці ў наведванні святарамі вязняў. Дабрачыннае таварыства “Карытас” стала адным з вядучых у нашай краіне, з якім супрацоўнічаюць дабрачынныя арганізацыі, створаныя пры іншых канфесіях, і дзяржаўныя структуры сацыяльнай апекі.
    З-за моцнага ўплыву ідэй маральнага рэлятывізму і сітуацыйнай этыкі, а таксама з-за нязгоднага з вучэннем Касцёла і духам Евангелля выкарыстання дасягненняў навукі (асабліва ў галіне генэтыкі), існуе нямала спрэчных рэлігійных пытанняў. І на іх неабходна адказаць як мага хутчэй, бо можна спазніцца, і цягнік жыцця адыдзе без Касцёла.
   
    – Ці варта і мэтазгодна ў вырашэнні нейкіх спрэчных рэлігійных пытанняў карыстацца вопытам Касцёла ў іншых краінах свету?
    – Так, такі досвед патрэбны. Калі, напрыклад, у Італіі абмяркоўваўся новы закон аб легалізацыі абортаў, на вуліцах гарадоў з’явілася вялізная колькасць плакатаў з надпісамі: “Ты таксама быў эмбрыёнам”. Вельмі красамоўна... І нам неабходна падумаць аб чымсьці падобным. Калі немагчыма размясціць такія плакаты на вуліцы, то ў касцёлах – можна. У гаміліях і прамовах на тэму сям’і і аховы жыцця я часта прыгадваю людзям пра гэтую практыку італьянскага Касцёла і бачу, як яны жыва рэагуюць.
   
    – З якімі выклікамі сучаснасці зараз сутыкаецца як лакальны Касцёл, так і Паўсюдны? На што сёння варта звярнуць увагу вернікам усяго свету?
    – Найбольш небяспечнымі выклікамі сучаснасці як для Паўсюднага, так і беларускага Касцёла з’яўляюцца ўжо ўзгаданы раней крызіс сям’і і праблема захавання Божага дару жыцця, якім усё часцей маніпуліруюць і які становіцца таварам.
    Вялікую трывогу выклікае распаўсюджванне секулярызму і адмова ад этычных норм, жаданне абсалютнай свабоды без адказнасці, заняпад маральнасці, распаўсюджванне наркотыкаў, карупцыя, імкненне любым коштам дасягнуць багацця, улады і задавальненняў, негатыўны ўплыў амаральных медый на выхаванне чалавека, асабліва моладзі… Гэта толькі некаторыя пункты цэлай “літаніі” духоўных анамалій сучаснага свету, які перажывае глыбокі крызіс веры. Таму ўсім нам – у Беларусі і ў свеце – неабходна інтэнсіфікацыя евангелізацыі з мэтай новай сустрэчы з Хрыстом, які з’яўляецца Дарогай, Праўдай і Жыццём.
   
    – Ваша Эксцэленцыя, чаго біскупы Беларусі чакаюць ад сустрэчы са Святым Айцом Францішкам?
    – Папа – гэта наступнік св. апостала Пятра, заданнем якога з’яўляецца ўмацаванне ўсіх нас у веры. Мы чакаем яго айцоўскага настаўлення з мэтай удасканалення душпастырства і вырашэння існуючых праблем, з якімі змагаецца Касцёл у Беларусі.
    Мы таксама будзем запрашаць Святога Айца наведаць нашу краіну з апостальскім візітам. Католікі ўжо не могуць дачакацца, калі іх духоўны настаўнік наведае Беларусь. Для гэтага сёння існуюць усе перадумовы. Пантыфік запрошаны Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Падтрымліваюцца добрыя братэрскія адносіны з Праваслаўнай Царквой ды іншымі хрысціянскімі і нехрысціянскімі веравызнаннямі. Усё наша грамадства, у цэлым, вельмі пазітыўна ставіцца да ідэі візіту Папы ў Беларусь.
   
Візіт аd limina Apostolorum біскупаў Беларусі ў Ватыкан трывае з 31 студзеня па 7 лютага 2018 года.
    У ім прымаюць удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, біскуп Пінскай дыяцэзіі Антонiй Дзям’янка, дапаможны бiскуп Пінскай дыяцэзіі Казiмiр Велікаселец, біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
   
    Праграма візіту ўключае наведванне Дзяржаўнага сакратарыята Апостальскай Сталіцы, Кангрэгацый веравучэння, каталіцкай адукацыі, Божага культу і дысцыпліны сакрамантаў, Кангрэгацый па справах біскупаў, духавенства, інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця, усходніх Касцёлаў, Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, Папскіх Рад спрыяння хрысціянскаму адзінству і інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў.
   
    У рамках візіту біскупы Беларусі таксама цэлебруюць св. Імшы ў ватыканскіх базіліках св. Пятра, св. Паўла, Маці Божай Вялікай і Латэранскай базіліцы св. Яна.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.